+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Шукаем працу «Настаўніцы года», якую звольнілі за «дэструктыўныя думкі»

«Дырэктар кінула каронную фразу, якую усе ў школе ведаюць і смяюцца: „Такие люди, как вы, сделали Майдан в Украине!“. Зараз і плёткі па горадзе ходзяць, нібы мяне звольнілі за тое, што я ездзіла на Майдан. Хаця я, зразумела ж, нікуды не ездзіла». Новая рубрыка KYKY раскажа вам пра цікавых людзей, якіх жыццё пакінула без працы. Хэдхантэры, не праходзьце міма! Сённяшні герой — гісторык і грамадазнаўца Алена Маслюкова, «настаўніца года»-2013 Светлагорскага раёна, звольненая кіраўніцтвам школы без папярэджання і без тлумачэння прычын. Мікалай Янкойць і Дзмітрый Мелехавец наведалі Светлагорск, каб запытаць у Алены Аляксандраўны, аб якой працы яна марыць.

маслюкова

— Асцярожна пераступайце! — прыступкі ў пад’езд, дзе жыве Алена Аляксандраўна Маслюкова, толькі што падноўленыя свежым растворам. — У нас тут прыгажосць наводзяць.

Ківаем і асцярожна праходзім міма пары працаўнікоў мясцовага ЖЭСа. Тыя на нас аніякай увагі не звяртаюць, сядзяць і кураць: відаць, кантралююць, ці добра засыхае раствор. Заходзім у ліфт: нам на дзявяты, але ліфт ходзіць толькі да восьмага. Здаецца, тут гэта нікога не здзіўляе. Заходзім у небагатую светлую кватэру. Алена Аляксандраўна прабачаецца, што і тут усё ў стане рамонту:

— Грошай увесь час не хапае скончыць! Хадземце ў дзіцячы пакой — ён рамонтам менш за ўсё закрануты.

Пакуль на кухні гатуецца кава, разглядаем абсталёўку ў пакойчыку. Уздоўж адной са сцен — палічкі і камодзікі з цацкамі, на сценах вісяць дзіцячыя малюнкі ды фатаздымкі з экскурсійных паездак. Адзін з вуглоў заняты праваслаўнымі іконамі. Сядаем на канапу; з мэблі акрамя яе тут толькі журнальны столік дый дзіцячае крэселка, і Алена Аляксандраўна сціпла сядае акурат на яго.

маслюкова1

А.А.: Калі кажу сваім вучням, што ніколі ў жыцці не марыла стаць настаўніцай, — не вераць. А насамрэч так. Я з ранняга дзяцінства любіла стаматолагаў, і марыла стаць стаматолагам. Толькі так атрымалася, што пры паступленні на стаматалога трэба было здаваць фізіку. А як казаў мой калега, выкладчык замежных моў: «Нахрана дзеўкам фізіка?» Мне вось яна была абсалютна непатрэбная, хоць і чацвёрку па ёй маю ў атэстаце па пяцібальнай. А другая мая мара была — стаць юрыстам. Калі я навучалася ў 10 класе, да нас у школу прыехаў выкладчык з юрыдычнага факультэта БДУ. Паглядзеў на мяне — я малая такая, худая — і кажа: «Ой, дзевачка міленькая, навошта вам гэта трэба? Якога Вы злачынцу зможаце затрымаць? Мы бярэм хлопцаў пасля арміі, не губляйце час дарэмна». Што застаецца? Выбрала для сябе педагагічны ўніверсітэт у Магілёве. Спецыяльнасць «Гісторыя і Савецкае права». Усё ж да права нейкія адносіны.

Алена Аляксандраўна і зараз засталася зусім мініяцюрнай. Міміка яе твару падкупае эмацыйнасцю, голас — цеплынёй, мова — жывасцю. Алена Аляксандраўна шчыра ўсміхаецца, нават калі распавядае пра не самыя прыемныя моманты з жыцця.

KYKY: І як вам Магілёўскі ўніверсітэт?

А.А.: Я не паступіла. Увогуле іспыты здала вельмі добра: усё на «выдатна», і толькі за рускую мову мне паставілі тройку. Я добра ведала мову, «тры» мне паставілі за тое, што падказвала. Адзін хлопец папрасіў расставіць коскі ў сказе, другі — слова па складзе разабраць. Выкладчык з камісіі заўважыў і кажа: «Вы, наверное, много знаете». Пачалі мяне дапытваць. Па білеце я ўсё ім расказала, на дадатковыя пытанні адказала — а потым яны запыталі нейкі зусім ужо вузкі філалагічны тэрмін. Адказала, што не ведаю. Заўсёды так раблю: калі не ведаю чагосьці, то і кажу, што не ведаю. «Вот видите, вы тоже не всё знаете» — паставілі мне тройку, і ўсё. Я пакрыўдзілася, пайшла да дэкана і дакументы забрала. Упартасць у мяне ад бацькі. Чалавек ён быў вельмі адукаваны, хаця вышэйшай адукацыі не меў. Калісьці, памятаю, сказаў: «Алена, ты ніколі павінна не рабіць дзве рэчы. Першая — чытаць газету «Правда».» «Чаму?» — пытаю. — «Таму што ў ёй ніколі не бывае навінаў! А яшчэ ты не павінна чытаць газету „Известия“». — «А гэта чаму?» — «Таму што там ніколі не пішуць праўду!» І калі я ўжо пачала працаваць настаўніцай гісторыі, я гэтыя дзве газеты не выпісвала прынцыпова. Бацька ў мяне заўсёды рабіў вельмі шыкоўную падпіску. Ён быў добры работнік, і яму ў савецкі час дазвалялі па ліміце выпісваць добрыя часопісы — «Новый мир», напрыклад, «Огонёк».

За размовай пра бацьку наша гераіня яшчэ весялее, твар яе аж ярчэе ад светлых успамінаў.

А.А.: Паколькі я не паступіла, а год трэба было недзе працаваць, мяне прыладзілі ў вясковую школку піянерважатай. Муж, дарэчы, дагэтуль здзекуецца: «Аааа, піянерважатая!» Ну, вы ж самі разумееце, як у вясковых школах: адзін настаўнік захварэў, другі захварэў, трэба падмяняць. Таму я стала спецыялістам у рускай мове, і ў беларускай таксама. У мяне была вельмі файная настаўніца беларускай мовы, дарэчы, і мову я ведала добра.

Але ў школе я чамусьці саромелася гаварыць па-беларуску. Зараз вось саромеюся пра гэта казаць.

Год адпрацавала — і пайшла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. На гісторыка-філалагічны факультэт, спецыяльнасць «Гісторыя». З мужам там пазнаёмілася, Тэльманам — ён вучыўся на той жа спецыяльнасці, і яго размеркавалі ў Светлагорск. А паколькі мы да таго часу ўжо і шлюбам пабраліся — адпаведна, мяне таксама размеркавалі сюды, на гістарычную радзіму. Размеркаваць размеркавалі, а месцаў працоўных у горадзе не было. Ездзіла працаваць за 15 кіламетраў ад Светлагорска, у Рабочы пасёлак. Адразу папярэдзіла адміністрацыю, што працаваць доўга там не буду, праз год-два з’еду. Але ж, ведаеце, чалавек думае, а гасподзь робіць сваё: так атрымалася, што працавала я там амаль 10 год. Цяжкавата было, канешне, але былі добрыя вучні і добрыя выкладчыкі, і адносіны ў мяне з імі дагэтуль застаюцца сяброўскія.

KYKY: Атрымліваецца, не збіраліся стаць настаўніцай, але потым уцягнуліся?

маслюкова2

А.А.: Так, уцягнулася. Што асабліва ў працы настаўніка падабаецца — што трэба працаваць з жывымі людзьмі. Вельмі не падабаецца пісаніна — усё тое, чым зараз абрасла настаўніцкая праца. Калі Саюз развальваўся і ішло станаўленне незалежнай Беларусі, актыўна адбываліся пошукі новых методык, новых прыёмаў у адукацыі. Памятаю, метадыст нам аднойчы сказала: «Можаце хоць танчыць на ўроку, але вашы дзеці павінны ведаць». А цяпер каго яны цікавяць?

Сёння, калі ў настаўніка няма ўсіх гэтых паперак — ён кепскі для кіраўніцтва, а калі ўсе гэтыя паперкі-тэчачкі збіраць і складаць, то на вучняў не застаецца часу. Я гісторык, я кажу прама: паглядзіце на Нямеччыну да 33-га года і пасля 33-га. Нямеччына ў той час проста танула ў багне папер. Чым больш гэтых папер зараз з’яўляецца ў нас, тым больш дасведчаныя людзі робяць пэўныя высновы.

KYKY: Куды пасля Рабочага пасёлка пайшлі?

А.А.: У горадзе адкрылі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, і мяне запрасілі туды выкладчыцай гісторыі, этнаграфіі і грамадазнаўства. І я, мабыць, няблага выкладала, таму што мае вучні і на факультэт міжнародных зносінаў паступалі і здавалі на выдатна мае прадметы — сусветную гісторыю і гісторыю Беларусі. Многія, на жаль, ужо за мяжой, працуюць і навучаюцца там — і ў Штатах, і ў Францыі, і ў Германіі, і ў Польшчы. На Кіпры нават ёсць. Шкада, канешне, што такія разумныя дзеткі з’язджаюць адсюль — але, мабыць, такое жыццё, што трэба ехаць. Менавіта ў ліцэі я зрабілася не толькі настаўніцай, але і грамадскім актывістам. Хаця актыўнай грамадскай дзейнасцю я пачала займацца, калі пачаў займацца мой муж. Адна сатана, як кажуць. Уступіла ў партыю БНФ. Я гэты факт, можа, асабліва і не афішырую, але і не хаваю, не саромеюся, што сябра партыі.

Муж Алены Аляксандраўны — Тэльман Маслюкоў, гісторык, краявед, грамадскі актывіст, член БНФ. Улады неаднаразова абвінавачвалі Тэльмана Віктаравіча ў «падрыўной» дзейнасці.

А.А.: Ліцэй закрылі ў 2001 годзе. Нашыя вучні і іх бацькі да закрыцця паставіліся вельмі адмоўна. Аднойчы, калі ў пачатку верасня людзі ехалі на працу, яны заўважылі на цэнтральнай плошчы вучняў з плакатамі, і на гэтых плакатах былі патрабаванні аднавіць ліцэй. Самае дзіўнае, што для выкладчыкаў і для дырэктара ліцэя гэта было абсалютнай нечаканасцю, вучні ўсё рабілі ў тайне. Дзве групы навучэнцаў, якія заставаліся ў ліцэі, перавялі ў школу № 1. Ім далі магчымасць займацца па ліцэйскіх праграмах. Але быў такі цікавы факт: выкладаць беларускую мову і літаратуру ў ліцэйскія класы не пайшоў ні адзін выкладчык школы № 1! Катэгарычна адмовіліся. І самае дзіўнае, што пасля, калі шукалі настаўнікаў па горадзе, яны таксама не браліся. Нашыя вучні былі вельмі добра падкаваныя. У іх жа на беларускай мове былі ўсе прадметы.

KYKY: А дзе Вы сталі працаваць пасля закрыцця ліцэя?

А.А.: У той жа школе № 1. Хаця часам мае калегі казалі, што мне трэба сыходзіць у іншае месца: маўляў, гэта школа не для майго ўзроўню. Але я лічу, што настаўнік павінен аднолькава працаваць у любой школе, таму што вучні дастойныя таго, каб іх навучалі нармальныя настаўнікі. Чаму трэба перабірацца? Пазней, у 2009 годзе дырэктар школы № 10, Людміла Якаўлеўна Драпеза, патэлефанавала мне і прапанавала перайсці да іх у школу працаваць. Першы раз у жыцці я мяняла працу з насцярожанасцю, з напружанасцю. За тыдзень на тры кілаграмы пахудзела. Штосьці мне не ляжала да гэтай працы, але ўсё ж я перайшла. Пяць год адпрацавала.

KYKY: Давайце ўзгадаем эпізод з «Настаўнікам года».

маслюкова3

А.А.: О, гэта мой сорам! Я ніколі не збіралася ўдзельнічаць у падобных конкурсах, гэта ж проста мапет-шоў, на маю думку. У мінулым годзе ўвосень я мела папярэднюю дамоўленасць з дырэктарам, што яна мне дасць адпачынак на 10 дзён — і я, як звычайна гэта люблю рабіць напрыканцы года, паеду ў Нямеччыну на Раство. І вось напярэдадні ад’езда яна мяне выклікае і кажа: настаўніца, якую яны хацелі прапанаваць да ўдзелу ў «Настаўніку года», катэгарычна ад конкурса адмовілася. І ўсё: свет сышоўся клінам на Маслюковай. Я ёй адразу кажу: не хачу. А яна: «Тады не паедзеце ў адпачынак». Пяць гадзін вечара, заўтра ад’язджаць, а я сяджу ў яе ў кабінеце і некаюся. Нават рэчы да паездкі яшчэ не сабрала… Узяла і пагадзілася.

Шчыра скажу, мне ў гэтым конкурсе вельмі дапамагалі і нашы завучы, і настаўніца інфарматыкі. Усялякімі дакументамі і прэзентацыямі я не займалася. А што тычылася конкурсных урокаў, я ніякай дапамогі не прасіла: зрабіла, што мне трэба было зрабіць, здала — і атрымала вышэйшы бал. Пасля фінальны конкурс.

Не ведаю, як там зоркі ляглі, але атрымалася ў мяне першае месца ў раёне. Сказалі, паеду на абласны конкурс. Ну, я і тут таксама адмаўлялася — і, надзіва, па выніку ад мяне адсталі. Хтосьці казаў, справа ў тым, што ў конкурснай анкеце быў радочак: партыйнасць.

Расповед пра звальненне Алене Аляксандраўне даецца цяжэй. Голас часам уздрыгвае — эмоцыі, відаць, перапаўняюць.

А.А.: Дырэктар паціху ў адносінах са мной змянялася: то гэта не так ёй, то той не гэтак. Аднойчы мелі з ёй амаль гадзінную гутарку. Яна сказала мне, што я дэструктыўныя думкі сярод вучняў і калег сею, што ў школе ствараю апазіцыю — на што я, шчыра кажучы, была вельмі здзіўленая. Глядзела на яе і думала: ці Вы разумееце ўвогуле, што такое апазіцыя? І да чаго апазіцыя: да вас, да ўлады, да вучняў, да калегаў? Я адразу сказала, каб у каго не было залішніх праблем: у школе ў мяне сяброў няма. Яна не дала мне дагаварыць, пачала сваё. І колькі разоў яна потым адной асобе казала: «Вось вы лічыце Маслюкову сваёй сяброўкай, а яна сказала, што сяброў у яе няма». Але ж яна не даслухала, што я хацела сказаць. Сяброў у мяне ў школе няма, бо яны для мяне калегі. А сябрамі яны мне становяцца, калі мы сыходзім са школы. Потым і яшчэ гутаркі былі, у адной дырэктар кінула каронную фразу, усе ўжо ў школе ведаюць і смяюцца: «Такие люди, как вы, сделали Майдан в Украине!». Зараз і плёткі такія па горадзе ходзяць, нібы мяне звольнілі за тое, што я ездзіла на Майдан. Хаця я, зразумела ж, нікуды не ездзіла.

Калі сыходзіла на летні адпачынак, дырэктар сказала: «У вас заканчивается срок договора, секретарь подготовит нужные бумаги, зайдёте — подпишете». Развіталіся, пажадалі адна адной усяго лепшага — яна таксама ў адпачынак павінна была сыходзіць. 2 ліпеня званок сакратара у сярэдзіне дня. Заходжу ў школу, кабінет дырэктара быў адкрыты, я павіталася з ёю. Пасля кабінет ужо ўвесь час быў зачынены. Алена Грыгор’еўна, сакратар, узрушаная, разгубленая: «Я не ведала, я праўда нічога не ведала». Кладзе мне паперкі: «У сувязі з заканчэннем тэрміна кантракта 02.09.2014 вы будзеце звольненыя».

Шчыра сказаць, я і сама збіралася сыходзіць, і вучням сваім казала, а аднойчы і дырэктару таксама. Але што прыйдзецца сыходзіць вось так, не выпусціўшы свой клас, я не разлічвала, канешне. Чаму ўсё гэта здарылася так зараз — для мяне загадка. Ніякіх канфліктаў з дырэктарам у мяне доўгі час не было. Некаторыя мне нават казалі, што шкадуюць дырэктара, што яна проста стала зброяй у руках пэўных сіл. Ёсць такі момант: наша загадчыца аддзела адукацыі ў адным інтэрв’ю сказала, што звальненне і прыём на працу настаўнікаў — гэта справа дырэктара школы, і што аддзел адукацыі нічога не ведаў. Але ў гутарцы з нашым дырэктарам я чула, што тая загадчыца выклікала да сябе юрыста — высвятляла, чаго ад мяне можна чакаць.

KYKY: А што ўвогуле адбываецца з настаўніцтвам у школах? Хто ідзе туды працаваць?

маслюкова4

А.А.: Прэстыж прафесіі апусціўся ніжэй калена коніка. Гэта маё абсалютнае перакананне. Яшчэ ў папірусах старажытных можна прачытаць: «Гора таму правіцелю, які ў навучанне свайго сына бярэ раба». Чалавек, які мае нізкі інтэлектуальны і адукацыйны ўзровень, будзе прыніжаць да гэтага ўзроўню свайго вучня. Добры выкладчык — той, які скажа вучню: «Я не ведаю гэтага, але вы павінны знайсці, я магу сказаць, дзе гэта пашукаць».

У мінулым годзе ў мяне ў паралелі было тры 11-х класы. І з адным з гэтых класаў адносіны ў мяне сапсаваліся. Увогуле я не люблю скандалаў і канфліктаў, мне вельмі цяжка казаць людзям у вочы непрыемныя рэчы — але часам, напэўна, ўсё ж казаць трэба. Вось збіраюцца ўсе гэтыя дзеці ў ВНУ. А я ж гляджу і разумею: не вучацца, не працуюць! Ну, я ім неяк і сказала: «Вы, канешне, мяне выбачайце, але з вашага класа толькі пяць чалавек дастойныя паступіць у ВНУ. А месца ўсіх астатніх — вось там, па дыяганалі». А па дыяганалі ад нашай школы знаходзіцца колішняе ПТВ, цяпер яго ў «ліцэй» перайменавалі. Дзеці вельмі пакрыўдзіліся. «Да вы что, да мы поступим в Минск, в педагогический!» — кажуць. Мне аж зрабілася дурна. Калі чалавек не ўмее чытаць у 11 класе, якім ён можа быць педагогам? Я сваіх дзяцей такім настаўнікам не аддала б, нават калі б мяне стралялі. А вучань, які на 95 здае гісторыю, не пойдзе працаваць у школу за капейкі. Як казалі старажытныя рымляне, primum edere, deinde filosophari — спачатку будзем есці, а потым філасофстваваць. Паглядзіце вось на Малайзію: канешне, тамтэйшыя заробкі не параўнаеш з нямецкімі ці амерыканскімі, затое там у настаўнікаў самыя высокія заробкі ў параўнанні з іншымі прафесіямі! Таму што яны разумеюць, што гэта іх будучыня. Чым больш ты ўкладаеш грошай у адукацыю, тым больш надалей ты атрымліваеш. Нічога не бывае таннага ці бясплатнага. Што застанецца ў школах, калі сыйдуць апошнія настаўнікі савецкай школы, я не ведаю. Прэстыж прафесіі настаўніка — гэта вялізная праблема, і сур’ёзна яе вырашаць можна толькі на дзяржаўным узроўні.

А тое, што ў нас расце набор людзей ва ўніверсітэты — гэта шлях Паўночнай Карэі, там амаль усе маюць вышэйшую адукацыю. Тры гады правучыліся — і з коркамі, а адукацыя нулявая. Дыпломы якіх нашых ВНУ каціруюцца на захадзе? Хіба, можа, БДУІР? Думаю, што ў ВНУ усё ж павінен быць больш жорсткі адбор. «Лучше меньше, да лучше».

Наеўшыся размовамі пра суворыя рэаліі, па рэкамендацыі рымлян пераходзім да высокіх матэрый.

А.А.: Гісторыя існуе дзеля таго, каб ведаць мінулае, бачыць сучаснасць і прадбачыць будучыню. Гэта менавіта той прадмет, які фарміруе асобу, які не дае чалавеку стаць манкуртам. Трэба ж, каб чалавек не «тутэйшы» быў, а беларус. А калі беларус — дык з гонарам павінен хадзіць, не апускаць галаву, не саромецца ні сваёй гісторыі, ні сваёй мовы. Я заўсёды гэта дзецям казала. Канешне, гісторыя — такі прадмет, які не можа суха выкладацца. Завучыў нейкі факт? Гэта яшчэ не веданне гісторыі. Мне заўсёды важна было не каб дзеці ведалі, калі адбылася Кубінская рэвалюцыя, а каб яны разумелі, чаму яна адбылася і да якіх наступстваў яна прывяла, разумееце? Каб яны лагічна маглі звязваць падзеі, факты, разумелі тое, што адбываецца ў сучаснай Беларусі — і, канешне, у сучаснай Украіне.

Калі ў падручніку тры сухія фразы напісаныя пра Мазурава, то немагчыма ж не ўспомніць, калі яго дачка сказала ў маскоўскай рэстарацыі: «А ў нас у Беларусі ёсць белы хлеб, а ў вас у Маскве — няма!» — і бацька сядзеў і штурхаў яе ботам пад сталом, каб яна не так гучна гэта казала. Гісторыя павінна быць у нейкіх фарбах, мець пэўныя твары.

Я заўсёды вучням казала, каб памяталі старажытнаўсходнюю мудрасць: «Калі ты пачуў адзін бок, ты застаўся ў цемры; калі ты пачуў другі бок — можа нарадзіцца ісціна». Канешне, абсалютных ісцін няма, гісторыя неадназначная: усё залежыць ад таго, як глядзець. Вазьміце таго ж Суворава: легендарная асоба для Расійскай гісторыі, але ж у мяне як беларуса гэты чалавек ніякай павагі не выклікае. Што ён зрабіў для маёй Радзімы? І тыя падручнікі, па якіх зараз дзеці навучаюцца — не самы лепшы варыянт. Але галава працаваць павінна так, каб чалавек самастойна мог рабіць высновы. Вельмі не люблю, калі вучні пачынаюць даслоўна пераказваць тое, што я ім казала. Я ж сама памятаю, што я казала — ты сваё скажы, нават калі са мной не згодны. У мяне была навучэнка, у 11 класе зараз — мы ўвесь час з ёй спрачаліся! Але ніякім чынам ні на адносіны да яе, ні на адзнакі гэта не ўплывала. Дзяўчынка нейкі час вучылася ў Брытаніі, але ўвогуле яна ў захапленні ад Беларусі.

Я казала ёй: «Вельмі радасна, што ты ў захапленні ад Беларусі, але ж патрыёт — гэта не той чалавек, які будзе спяваць дыфірамбы сваёй краіне, а той, які бачыць яе недахопы і імкнецца з імі змагацца».

Просім Алену Аляксандраўну расказаць пра ўсемагчымыя рэгаліі. Яна нават нібы крыху саромеецца, але дастае тэчку з граматамі ды падзякамі.

маслюкова6

А.А.: Я заўсёды ганарылася поспехамі сваіх вучняў больш, чым сваімі ўласнымі. Калі я ехала ў Гомель здаваць кваліфікацыйны экзамен на вышэйшую катэгорыю, трэба было напісаць аўтабіяграфію. Я ўзяла ліст А4 і надрукавала ўсе поспехі сваіх вучняў. Не магу я сваімі поспехамі выхваляцца. А вось поспехі вучняў, мне здаецца, гавораць пра многае.

Нават забаўна бачыць сярод падзяк настаўніцы «з дэструктыўнымі думкамі» грамату ўпраўлення адукацыі за поспехі ў выхаванні маладога пакалення — нядаўнюю, за 2012 год. Увогуле, тут ёсць і падзякі за ўдалую падрыхтоўку вучняў да ЦТ, і дыпломы ўсемагчымых адукацыйных конкурсаў, і проста ганаровы ліст «за добросовестный труд». Ёсць і цэлы пачак грамат ад Нацыянальнага інстытута гісторыі: пэўны час Алена Аляксандраўна разам са сваімі вучнямі штогод ездзіла ў археалагічныя экспедыцыі. Шкада, за штогадовыя экскурсіі, якія настаўніца арганізоўвала разам са старшакласнікамі, грамат не даюць.

KYKY: Вяртацца на працу ў школе не плануеце?

А.А.: Не. Мабыць, каб рухацца далей, трэба вельмі моцны пінок у зад атрымаць. Вось я яго атрымала — і пайшла. Але пэўнае кола бацькоў вельмі незадаволена тым, што адбываецца. На хлеб-то ў мяне грошы будуць — дзякуй богу, не інвалід ні на галаву, ні на рукі з нагамі. Але ў мяне ёсць пэўны маральны абавязак перад маімі вучнямі, якіх я павінна была выпусціць. Калегі тэлефануюць, вучні таксама, кажуць, што маіх 11-х класаў у школе не бачна: разгубленыя сталі, панурыя, не ведаюць, куды пайсці, куды падацца. І, канешне, гэта адразу адбіваецца на падрыхтоўцы. Дзеці спазняюцца на ўрокі, некаторыя ўвогуле адмаўляюцца ў школу хадзіць. Канешне, гэта не залежнасць ад класнага кіраўніка ці настаўніка — гэта проста пазіцыя. Бацькі патрабуюць, каб я звярталася ў суд.

Чым ганаруся — што вучні са сваім стрыжнем. Лінейка была ў перадапошні дзень маёй працы. Дзеці запрасілі мяне на сцэну не па сцэнары — і публічна, перад дырэктарам, перад супрацоўнікамі выканкама са мной развітваліся. Трэба мець мужнасць для такога. Тым больш што яны ў 11 класе, выпускныя зараз — усялякае можа быць — і ўціскі, і нічога не дакажаш, калі што. Калі атрымаецца вярнуцца, то вярнуся, хаця і цяжка ўжо будзе працаваць з людзьмі пасля ўсяго, што было. Выпусціць гэтых дзяцей мне вельмі хочацца, але сыйду я разам з імі адназначна.

KYKY: У якой прафесіі хацелі б сябе паспрабаваць?

А.А.: Увогуле, усё цікава, усё магчыма! Але б мне хацелася і надалей працаваць з дзецьмі. Ёсць прапанова паехаць у Маскву гувернанткай. Заробак прапаноўваюць неблагі, 2000 даляраў, я столькі не зарабляла ў Беларусі за дзве стаўкі. Іспанскай мовай занялася: бацькі хлопчыка, ад якіх ідзе прапанова, час ад часу вывозяць яго ў Іспанію. Што мне ў іх прапанове асабліва падабаецца — што працаваць можна вахтавым метадам. Разам з каляжанкай: два тыдні яна працуе, два тыдні я. Атрымліваеца, што два тыдні я — вольны чалавек! Магу з унучкай сваёй займацца, яна ў нас разумная вельмі дзяўчынка: хоць яшчэ і ў школу не ходзіць, але ўжо і чытае, і піша, і тэнісам ужо займаецца.

KYKY: А на пераезд дзеля добрай працы гатовыя?

А.А.: Так, я даўно думаю, што ў Светлагорску рабіць у прынцыпе няма чаго. Каб зарабляць грошы ў Беларусі, трэба жыць па меншай меры ў Мінску. Хіба яшчэ ў Салігорск ехаць, у шахты, во глубину белорусских руд. Працу ў Беларусі я, шчыра сказаць, пакуль увогуле не разглядала як варыянт.

У мяне заробак тут быў 6 мільёнаў, а працавала я за двух выкладчыкаў, мела два класных кіраўніцтвы. Тры мільёны за стаўку — гэта з нашымі коштамі, з нашымі ўмовамі жыцця не грошы, а проста здзек.

KYKY: Можа, ёсць у Вас якія няспраўджаныя жаданні, якія хочацца рэалізаваць зараз, калі з’явіўся вольны час?

А.А.: Я вельмі люблю глядзець свет, падарожнічаць. Санцьяга-дэ-Кампастэла, Барселона, Лесбоа і Фаціма — вось падарожжа, якое б мне вельмі хацелася здзейсніць. Можа, ведаеце, ёсць такія каталіцкія святары — браты Баркі, Юрый і Вячаслаў? Яны ладзяць цікавыя пілігрымкі для католікаў — і я з імі час ад часу падарожнічаю, хаця я і праваслаўная. Пэўна, я і сама б магла ладзіць цікавыя экскурсіі. Я ж гісторык.

Рэзюмэ

маслюкова резюме

Мікалай Янкойць, KYKY.ORG

8 октября 2014

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Беларусь не только Минск»: форум регионального развития в Бобруйске