+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Слуцкая міліцыя афіцыйна папярэдзіла грамадскую актывістку Зінаіду Цімошак аб недапушчальнасці арганізацыі мітынгу пад час саміту

Супрацоўнікі міліцыі пазванілі ў дзверы, дзе пражывае жанчына вечарам 23 кастрычніка, і прапанавалі адчыніць дзверы. Патлумачылі, што прынеслі позву з’явіцца да начальніка Слуцкага РАУС за афіцыйным папярэджаннем.

Паколькі ў пад’ездзе з-за перагарэўшай лямпачкі было цёмна, случчанка дзверы не адчыніла. Некаторы час размова ішла праз зачыненыя дзверы. Зінаіда Вячаславаўна папрасіла міліцыянтаў не грукаць у дзверы вечарамі, паколькі яна не з’яўляецца ні злодзеем, ні забойцам, і прыносіць позвы ў міліцыю сярод дня.

Як паведаміла Зінаіда Цімошак, адзін з ганцоў быў знаёмы. За дзвярыма таптаўся высокі міліцэйскі чын: начальнік аддзела аховы грамадскага правапарадку Шклярэўскі Дзмітрый Міхайлавіч.

папярэджаннеГаворыць Зінаіда Цімошак:

— Я сказала, што не выйду ў калідор, бо ў калідоры было цёмна і папрасіла, каб пакінулі ў паштовай скрынцы сваю павестку. Доўга не згаджаліся, але ўрэшце яны пайшлі, папярэдзіўшы, што мяне вызывае сам начальнік Слуцкага РАУС Віктар Гурыновіч і каб у 9 гадзін раніцы 24 кастрычніка я прыйшла ў РАУС.

24 кастрычніка ў 9 гадзін раніцы той жа самы начальнік аддзела аховы правапарадку ўручыў мне афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці арганізацыі, альбо асабістага ўдзелу ў масавых мерапрыемствах ў горадзе Мінску з 24-га па 28-га кастрычніка 2013г. Дакумент падпісаны начальнікам Слуцкага РАУС.

Я доўга не магла ўцяміць, чаго яны ад мяне хочуць, бо ехаць у Мінск і бегаць там са сцяжкамі я і не планавала. Пасля да мяне дайшло, што гэта папярэджанне зроблена  з нагоды паседжання Рады кіраўнікоў МЗС краінаў СНД, якое пачынаецца ў Мінску 24 кастрычніка.

Дагэтуль я не разумела, што мая дапамога людзям у напісанні кляўз па праблеме бяспекі дзіцячых пляцовак, ачысткі Случы ад ціны можа мець пагрозу для сустрэчы прадстаўнікоў стран СНД.

Самае смешнае, што з гэтага папярэджання вынікае, што праводзіць падобныя мерапрыемствы я магу ў любых гарадах Беларусі, апрача Мінска.

Паколькі асноўны мой занятак – рабіць, каб людзям было ўтульней жыць у Слуцку, я скарыстала свой вымушаны паход у міліцыю для напісання прапановы ў іхнюю Кнігу скаргаў і прапаноў.

У сувязі з тым, што я не адкрыла міліцыянтам дзверы з-за цемнаты ў пад’ездзе, я прапанавала аддзелу аховы правапарадку ў мэтах прафілактыкі правапарушэнняў абавязаць кіраўніцтва ЖКГ падтрымліваць асвятленне ў пад’ездах у належным стане.

Запіс зрабіла на беларускай мове і чакаю адказу на беларускай мове. Спецыяльна для практыкі міліцыянтаў у роднай мове, бо той жа Дзмітрый Шклярэўскі паскардзіўся, што беларускую мову практыкуе толькі на вёсцы ў сваёй бабулі.

Марыя Верас

24 октября 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Надо ли извиняться перед памятником? Андрей Дмитриев на ОНТ