+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Слуцкія камунальшчыкі не могуць засыпаць яму па вуліцы Жукава ўжо дваццаць гадоў

Случчане патрабуюць знішчыць дваццацігадовую лужу каля пад’езда і добраўпарадкаваць прыдамавую тэрыторыю.

Сорак жыхароў горада Слуцка спрабуюць дабіцца ад Слуцкай ЖКГ добраўпарадкавання прыдамавой тэрыторыі вакол дома №7 па вуліцы Жукава. Дапамагаюць ім гэта зрабіць мясцовыя актывісты “Гавары праўду”. У калектыўным звароце людзі пішуць, што рамонт дарогі каля пад’ездаў не ажыццяўляўся з 1974года. Менавіта тады дом быў здадзены ў эксплуатацыю.

У доме жывуць, у асноўным пажылыя людзі. Пенсіянерка Марыя Сідаровіч узрушана расказвае пра хвалюючую праблему:

— Паглядзіце, якія тут ямы! У дождж яны запаўняюцца вадой. Мы не можам нават пасядзець на лаўцы: брудная вада ляціць прама ў твар. Вось я ў руках трымаю мяцёлку – буду засланяць твар ёю, калі машына будзе праязджаць. Вам смешна, а для нас – гэта штодзённае жыццё. Баімся хадзіць па гэтай дарозе, тут можна паламаць усе канечнасці.

— Побач з домам, — працягвае жанчына, — вядуцца работы па перакладванню труб. Вуліцу Жукава перакрылі. Увесь аўтатранспарт перамясціўся на дарогу каля пад’езда і яшчэ больш яе разбіў.

Будзем скардзіцца – адкажуць, што няма грошай. Затое грошы ёсць на абы-што. У пачатку жніўня 2013г. непадалёку ад нас каля крамы №34 паклалі новы асфальт, а ў канцы жніўня яго ўжо ўзарвалі, каб пакласці трубы. Чаму адразу не паклалі трубы? Ёсць лішнія грошы для закопвання? Дык хай і для нас знойдуцца.

У заяве на імя генеральнага дырэктара КУП “Слуцкая ЖКГ” случчане патрабуюць ажыццявіць капітальны рамонт тэрыторыі і пакласці на дарозе якасны асфальт.

Ад сябе дапоўню: сваімі вачыма бачыла, як супрацоўнікі ЖКГ перад Днём горада фарбавалі ў дождж балконы майго дома па вуліцы 8-е сакавіка і сметніцы, тэрмінова мянялі добрыя бетонныя слупы на новыя металічныя, якія каштуюць безліч грошай.

Калі грошай не хапае на тое, каб ліквідаваць ямы дваццацігадовай даўніны, такое расходванне сродкаў выглядае як злачынства.

Зінаіда Цімошак, zapraudu.info

27 сентября 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Надо ли извиняться перед памятником? Андрей Дмитриев на ОНТ