+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

«Спачатку «слалі», але праз пяць хвілін падпісваліся ўсёй сям’ёй»

Ірына Купцэвіч — прыхільніца «Гавары праўду», рамесніца, фрылансер. Вылучаецца ў Бабруйскі гарадскі савет дэпутатаў.

Так, сябры, я іду на выбары ў Бабруйскі гарадскі савет у камандзе «Гавары праўду».

Доўга вагалася: маладая, невядомая, без вопыту, афіцыйна рамеснік — амаль беспрацоўная, беларускамоўная — як будуць успрымаць людзі? Не хацелася быць у іх вачах кананічным беспрацоўным апазіцыянерам і вось гэта ўсё. Тым не менш адважылася, бо зноў, як заўжды: хто, калі не я? Навошта я столькі вучылася палітычнай справе, калі баюся прымяніць веды на практыцы? І вось я патэнцыйны кандыдат. Яловіцкая выбарчая акруга №34, там жыве мая мама.

Учора мы выйшлі на першы бой, так сказаць :) Са мной была жонка брата, таксама Іра. Так, мне дапамагае не толькі наша бабруйская каманда, але і сваякі. Для мяне вельмі важна, што яны вераць у мяне.

Дык вось, пачалі мы збор, хаця вельмі турбаваліся наконт таго, як будуць рэагаваць людзі. Мясцовыя выбары нецікавыя, дэпутатаў яны ніколі не бачылі, жыццё горшае з кожным месяцам, праблемы не вырашаюцца, а тут яшчэ і святы — не да нас…

І што вы думаеце? Яны рэагавалі ЦУДОЎНА! У коднай кватэры, дзе адчынілі дзверы, нам давалі подпіс. Людзі адкрытыя, шчырыя, ідуць на кантакт. І бачна, што яны вельмі моцна хочуць перамен. Так, яны расчараваліся і зняверыліся сто разоў. Але калі прыходзіш да іх з адкрытым сэрцам, кажаш шчыра, кажаш праўду, у іх запальваюцца вочы. Яны гатовыя цябе падтрымаць. Бачна, як ім не хапае рэальнага прадстаўніцтва ва ўладзе, як яны прагнуць, каб іх нарэшце пачулі, хочуць адчуваць, што ад іх нешта залежыць у іх краіне, у іх горадзе. Магчыма, у гэты святочны час яны яшчэ трошкі вераць у цуд і спадзяюцца на лепшае.

Пры гэтым у іх няма ніякіх ілюзій. Як і ў мяне — апошнія ілюзіі з мяне выбілі сем гадоў таму дубінкамі на Плошчы. Таму я не кажу людзям «калі мяне выберуць, я…», не даю ім пустых абяцанак. Я кажу: «Вы ведаеце, што такое выбары ў нашай краіне, не мне вам расказваць. Вы можаце нават усе прагаласаваць за мяне, але гэта яшчэ не значыць, што мяне прапусцяць у савет. Шанец ёсць, але вельмі маленькі. Але што б яны ні зрабілі, я ўсё адно буду прадстаўляць вашы інтарэсы, так ці інакш. Вы заўжды можаце пазваніць мне і расказаць аб праблемах вашага дома, двара, раёна. І будзем разам дабівацца іх вырашэння. Дабівацца таго, каб чыноўнікі ў сваіх кабінетах пачалі прыслухоўвацца да нас, да людзей». Гэта рэальнасць. І калі людзі толькі чуюць, што ім не вешаюць чарговы раз локшыну на вушы, а кажуць пра рэальныя магчымасці, яны ўжо гатовыя табе давяраць.

І, дарэчы, я не сустрэла негатыўнай рэакцыі на беларускую мову. Часам было лёгкае здзіўленне, часам ухваленнем, але часцей проста ніякіх дадатковых эмоцый. А я ж вагалася, з якой мовай ісці да людзей, баялася іх адштурхнуць… Але выбрала сваю, беларускую, і не памылілася. Чарговы раз пераконваюся: не трэба думаць пра наш народ горш, чым ён ёсць. Мы часта яго недаацэньваем.

Ведаеце, да ўчорашняга дня я не зусім верыла ў тое, што я раблю нешта рэальна неабходнае, што персанальна ад мяне ў такой ролі будзе карысць. Але калі я пагаварыла з людзьмі, я зразумела, як гэта неверагодна важна. Яны адчынялі дзверы са словамі «ды гэтыя дэпутаты нам нічога ніколі не далі, нічога я падпісваць вам не буду», некаторыя ледзь не паслаць былі гатовыя. Але праз пяць хвілін падпісваліся за мяне ўсёй сям’ёй і абяцалі прыйсці прагаласаваць, бралі мой тэлефон і пакідалі свае.

Самае каштоўнае — я ўбачыла вочы людзей, паслухала іх, пераканала іх, яны ў мяне паверылі. І цяпер мне асабліва баліць сэрца за тое, якімі нямымі, бездапаможнымі і самотнымі яны адчуваюць сябе перад сістэмай. Я хачу гэта змяніць.

Мы працуем для таго, каб гэта змяніць.

Ірына Купцэвіч

27 декабря 2017

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Почему я иду на выборы? Сергей Колотков, Витебск