Святкуем юбілей — «Гавары праўду» два гады
Роўна два гады таму на палітычным небасхіле Беларусі з’явілася грамадзянская кампанія «Гавары праўду».
Шмат чаго здарылася ў яе такой кароткай, але насычанай падзеямі, гісторыі. Былі і ўзлёты, былі і цяжкія часы. Аднак, не гледзячы ні на што, яна існуе, яны працуе, яна дапамагае. Дапамагае людзям. Дапамагае кожны дзень.
А як святкуюць гэты маленькі юбілей на абшарах нашай краіны, мы паведаем далей.
Брэст: распачаў святкаванне Андрэй Дзмітрыеў
25 лютага грамадзянская кампанія “Гавары праўду” адзначае свой другі Дзень нараджэння. Аднак, берасьцейскія актывісты вырашылі адзначыць свой двухгадовы “шлях да Праўды” на дзень раней. І прыгатавалі ў гэты дзень жыхарам гораду над Бугам адмысловыя падарункі, а ўладам — “сюрпрызы” ў выглядзе… Але, мабыць, я забягаю наперад. Пачнем аб усім па парадку.
Сёння бадай першы раз за ўвесь час свайго супрацоўніцтва з “Гавары праўду” я, ані на шэлег, не меў нават уяўлення аб тым, якія мерапрыемствы запланаваны маімі калегамі на гэтую пятніцу.
Так я назнарок адмовіўся ад удзелу ў падрыхтоўцы святочных акцый, каб назіраць за ходам развіцця падзей, каб вачыма старонняга назіральніка перадаць іх чытачу з боку “профессионального равноудаления журналиста от освящаемых событий”. І толькі паспрабуйце мяне абвінаваціць у “предвзятости в подаче материала” (цытата на адным з берасьцейскіх форумаў пра аўтара гэтых радкоў)!
Госці: хтосьці ёсць, няма кагосьці…
Ну які Дзень нараджэння без гасцей?
13-50. Да офісу пачынаюць “падцягвацца” прадстаўнікі рэгіянальных структур “Гавары праўду” вобласці. Прынамсі, з Баранавіч і Белаазёрску. Сталічныя госці, аднак, затрымліваюцца. П’ем гарбату, размаўляем пра апошнія навіны.
14-25. Нарэшце! З самаходу выходзіць Андрэй Дзмітрыеў. Прыкладна дзве-тры хвіліны замінкі і, як кажуць, сустрэчу можна лічыць адкрытай.
Ён пачаў яе не з традыцыйнага віншавання з нагоды свята, а з апошніх навінаў на беларускім палітычным полі. У прыватнасці, пра адносіны з калегамі па дэмакратычным блоку, супярэчнасці і, наадварот, агульную пазыцыю палітычных “груповак” нашай краіны адносна пазыцыі на будучых парламентскіх выбарах, перспектывы байкоту ды мэтазгоднасці “ісці да канца” і г.д.
Асобнай тэмай у прамове Дзмітрыева была агучана стратэгія кампаніі “Гавары праўду” на гэты год і новая ініцыятыва – Грамадзянская дамова, самая сутнасць якой, па словах прамоўцы, павінна спрыяць павялячэнню ўзроўню грамадзянскага даверу да кампаніі з боку насельніцтва краіны.
– Галоўнай мэтай гэтай кампаніі з’яўляецца тое, каб як мага больш грамадзян Беларусі даведаліся аб альтэрнатыве дзеючай уладзе. Каб людзі ведалі, што па ўзнікаючым у іхнім жыцці сацыяльным праблемам яны могуць звяртацца не толькі да чыноўніка, ад волі якога залежыць ці дапамагчы чалавеку ці не, але і да альтэрнатыўнай “групы ціску”, якая будзе прымўшаць улады выконваць свае абавязкі перад грамадзянам, – казаў Дзмітрыеў.
Разам з тым, у працэсе дыскусіі і пытанняў, заданых намесніку старшыні “Гавары праўду” прысутнымі, былі гэтаксама ўзняты і іншыя праблемы даволі шырокага спектару. Ад фактаў вялікага адсотку працаўладкавання беларусаў ў Расеі да гэапалітычнага “раскладу” гульні на міжнароднай арэне і месца, якое займае ў ёй Беларусь.
Кароткі перапынак на кофе-паўзу і слова, прыкладна ў 16-00, ўзяла Ганна Канюс, якая засяродзіла ўвагу на мерапрыемствах, праведзеных сіламі кампаніі ў Берасьцейскай вобласці:
– На дадзены момант намі сабрана больш за дзве з паловай тысячы подпісаў у рамках лакальнай кампаніі “Крок у Еўропу”. Нагадаю, што яна была скіравана на практычную рэалізацыю польска-беларускай дамовы аб малым памежным руху, які будзе дазваляць грамадзянам гэтых краін перасякаць мяжу без афармлення віз жыхарам тэрыторый, якія ўваходзяць у 50-кіламетровую памежную зону. Заўтра мы накіруем гэтыя подпісы ў Брэсцкі гарвыканкам і адправім копіі мясцовым Саветам дэпутатаў.
“Бел-ЛОХ-Пром” прэзентуе
Напачатку публікацыі я абмовіўся аб падарунках, якія прыгатавалі мае калегі жыхарам нашага горада. І калі пра “сюрпрыз” мясцовай “вертыкалі”, у выглядзе подпісаў па кампаніі “Крок у Еўропу” распавяла спадарыня Ганна, то зараз, на мой погляд, самы час расказаць аб тым, якія падарункі падрыхтавалі актывісты “Гавары праўду” жыхарам Берасьця.
Недзе ў 17.30 актыў кампаніі на чале з Андрэем Дзмітрыевым з’явіўся на “брадвеі” абласнога цэнтру – вуліцы Савецкай, трымаючы ў руках улёткі з Грамадзянскай дамовай і адмысловыя, жартаўлівыя “безвыйгрышныя” латэрэі “Бурасяна” (спецыяльны “праэкт” Бел-ЛОХ-пром). Мяркую, чытач ужо здагадаўся – навошта.
Літаральна за дзесяць-пятнаццаць хвілін дадзеная жартаўлівая “прадукцыя Краіны Дурняў” разыйшлася па руках берасьцейцаў. А разам з ёй і сама Грамадзянская дамова.
– Сёння мы раздалі больш чым дзвесце латэрэек “Бурасяна” і столькі ж асобнікаў Грамадзянскіх дамоў. Характэрна, што нягледзячы на дрэннае надвор’е, у берасьцейцаў наша акцыя выклікала ўсмешку, а магчыма, каму-нікаму і ўзняла настрой. Я даўно заўважыў, што прадукцыю “Гавары праўду” людзі бяруць з ахвотаю і бяз страху. І ўжо адзінае гэта – ёсць відавочнай рысаю даверу да нас, – каментуе сённяшнюю акцыю адзін з яе ініцыятараў Марат Несцярэнка.
Вось так адзначылі свае другія ўгодкі чальцы “Гавары праўду” у нашай вобласці. Калі ж нехта запытаецца, а ці былі віншаванні? Адкажу: былі. Але не ў выглядзе нейкіх адмысловых паштовак ці тэлеграм. Найлепшым “віншавальным падарункам” для кампаніі “Гавары праўду” у нашым горадзе, мне здаецца, будзе тое шчырае “Дзякуй!”, якое гаворыць кожны, каму мы дапамагаем. І з кожным месяцам такіх падзяк становіцца ўсё больш і больш. А гэта, згадзіцеся, відавочны вынік працы за два гады.
З Днём народзінаў, “гаварыпраўдаўцы”!!!
Аляксандр Ахмач, zapraudu.info
P.S. Для тых, хто не атрымаў “Бурасяна”, але жадае яе мець, – звяртайцеся: г. Брэст, вул. 17-га Верасня 22, 24 ( прыпынак “Спартыўная школа”, рэдакцыя газэты “Брэсцкі кур’ер”, грамадзкая прыёмная “Гавары праўду”), альбо па тэлефонах: (162) 22-05-60.
25 февраля 2012
Теги: Говори правду, Гражданский договор, Брест
Коментарии
Добавить комментарий
Вы должны быть авторизованы для комментирования.
Кастусь Жукоўскі25 февраля 2012 #
З НАРОДЗІНАМІ !!!!Дзякуй за працу!!!