+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Сяргей Вазняк: «Неправильный» камуніст

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і журналіст Аляксандр Тамковіч запрашаюць на прэзентацыю кнігі «Жыццё пасля кратаў», якая пройдзе на офісе партыі БНФ (Чарнышэўскага, 3-39) 26 ЛЮТАГА Ў 18.00.

Кніга «Жыццё пасля кратаў» складаецца з 27 артыкулаў.

Гэта расказ пра тое, што адбылося ў жыцці (праз два гады) тых удзельнікаў падзей 19 снежня 2010 года, якія былі арыштаванымі «за ўдзел у масавых беспарадках».

Чым яны жывуць? Што ў іх новага? Як працягваецца змаганне? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ёсць у кнізе «Жыццё пасля кратаў».

Кніга багата праілюстравана фотамі з сямейных альбомаў.

Няма сумневаў, што  лёс былых палітвязняў Вас шчыра цікавіць, таму будзем рады бачыць на прэзентацыі кнігі.

А мы на нашым сайце пачынаем публикацыю артыкулаў пра «дзекабрыстаў» з «Гавары праўду».

Даведка: Сяргей Вазняк нарадзіўся 14-га красавіка 1962-га года ва Украіне. Галоўны рэдактар газеты «Товарищ», сябра Праўлення ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Быў адным з арганізатараў стварэння Партыі камуністаў Беларускай, у 2009-ым годзе перайменаванай у Беларускую партыю левых «Справядлівы свет». У час прэзідэнцкіх выбараў 2010-га года Сяргей Вазняк працаваў у штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Быў арыштаваны 20-га снежня 2010-га года і змешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова яму прад’яўлена абвінавачванне па чч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках).

Абвінавачванне таксама было прад’яўлена па ч.1 арт.401 (загадзя ілжывае паказанне).  29-га студзеня 2011-га года мера стрымання зменена на падпіску аб нявыездзе. 30-га сакавіка  абвінавачванне перафармулявана на ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 20-га траўня 2011-га года асуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам на 2 гады; па арт. 401 – апраўданы.

Час ад часу мы жартуем, што ён мяне «падсядзеў». Сапраўды, некалі Сяргей Вазняк заняў месца, якое я вызваліў, калі звальняўся з вайсковай службы. Дакладней, з пасады карэспандэнта ваеннай газеты «Во славу Родины». І мне заўсёды прыемна ад думкі пра тое, што добры танкіст «ператварыўся» ў добрага журналіста.

Дзіцячая мара

«Мае бацькі з украінскіх сялян. Абодва з-пад Адэсы. Бацька Віталь Лявонцьевіч вучыўся ў Адэскім інстытуце сувязі, а мама Надзея Пятроўна ў Адэскім медвучылішчы. Там пазнаёміліся. Пажаніліся. Бацьку размеркавалі ў Карастышаў Жытомірскай вобласці, дзе я і нарадзіўся.

Карастышаў цалкам не помню, таму што вельмі хутка бацьку перавялі па працы ў Сарны Ровенскай вобласці. Я пражыў там да сямі гадоў і размаўляў толькі на ўкраінскай мове. Гэта ж Заходняя Украіна. Некаторыя, калі даведваюцца пра гэта, крыху здзіўляюцца. Напэўна, я адзіны ў свеце камуніст -«бандэравец».

Вясной 1969-га года нас чакаў новы пераезд. Бацьку прапанавалі ў расійскім Белгарадзе высокую пасаду (намеснік начальніка абласнога ўпраўлення сувязі), і ён пагадзіўся.

Да першага паходу ў першы клас рускамоўнай школы заставалася некалькі месяцаў. А да гэтага я чуў толькі ўкраінскую мову (у тым ліку і калыханкі), размаўляў выключна на ёй. Прыйшлося маці літаральна «выбіваць» з мяне ўкраінізмы, і «шо» з часам ператварылася ў «что». Яна нават купіла рускі буквар.

Белгарад па сутнасці стаў другой радзімай. Там скончыў школу. Там нарадзіўся малодшы брат Слава, які скончыў мясцовы тэхналагічны інстытут.

У гэтым плане я тыповы савецкі чалавек. Па нацыянальнасці – чыстакроўны ўкраінец, сфармаваўся ў рускай культуры, а з 1989-га года жыву ў Беларусі.

Вучыўся ў сярэдняй школе №28, дзе ў 14 гадоў уступіў у камсамол. Паралельна шэсць год вельмі сур’ёзна займаўся спортам (класічнай барацьбой). Быў чэмпіёнам вобласці сярод юнакоў.

З самага дзяцінства я быў невысокага росту, хударлявы, але перамагаць гэта не перашкаджала.

Нядаўна ў Белгарадзе сустрэў свайго трэнера Анатоля Аляксеевіча Козіна, было прыемна ўзгадаць дзяцінства. Калі ён прыйшоў у нашу школу, у секцыю барацьбы запісаўся ўвесь клас, аднак з часам там застаўся толькі адзін я.

Колькі сябе памятую, марыў паступіць у ваеннае вучылішча. Напэўна, мары стаць касманаўтамі, лётчыкамі, афіцэрамі ў дзяцінстве ёсць у многіх хлопчыкаў, аднак потым гэта часта «праходзіць», мая ж мара была вельмі асэнсаванай.

Памятаю, у 8-ым класе прычытаў кнігу «Камісары ў танкавых шаломах» – пра танкістаў-палітработнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Іх подзвігі вельмі ўразілі. А на апошняй старонцы было напісана, што іх рыхтуюць у Свярдлоўскім вышэйшым ваенна-палітычным танкава-артылерыйскім вучылішчы. Тады і сказаў маці, што буду курсантам менавіта гэтага вучылішча.

Пасля васьмі класаў спрабаваў пайсці ў «сувораўскае», але з-за свайго хранічнага гаймарыту не прайшоў медыцынскую камісію.

У 1979-ым годзе скончыў школу, спецыяльна «лёг» на «праколы», каб пачысцілі гаймаравы пазухі. Потым паехаў у Свярдлоўск. На іспытах атрымаў усе «чацвёркі» і недабраў палову бала.

Прыйшлося вяртацца. Уладкаваўся на завод «Электракантакт» (зараз яго ўжо няма – абанкруціўся). Рабіў «сігналізатары» (супраць злачынцаў – для вітрын магазінаў).

Добра памятую, як атрымаў свой першы заробак. 120 рублёў для восені 1979-га года былі вялікімі грашыма. І, хаця наша сям’я ніколі не ведала прадуктовага дэфіцыту, бо бацька быў «вялікім начальнікам», я купіў у завадскім магазіне менавіта ежу. Дакладней, вялікага гусака. З гонарам прынёс яго (трымаў за шыю) дадому. Адчуваў сябе шчаслівым і дарослым.

Вясной наступнага года звольніўся і два месяцы рыхтаваўся. На гэты раз усё было нармальна – паступіў.

Вайсковым лёсам

Вучыўся ў ваенным вучылішчы вельмі добра. Каб не адна «чацвёрка» на першым курсе, атрымаў бы залаты медаль. «Спатыкнуўся» на непатрэбнай на мой погляд «Эстэтыцы нагляднай агітацыі». Калі ўсё астатняе можна было вывучыць, то тут трэба было добра маляваць. А ў мяне такога таленту не было ніколі…

Усе эскізы для афармлення «ленінскіх» пакояў за мяне рабіў сябар Борка Колычаў, які потым быў сведкам на вяселлі. Нядаўна мы з ім сустракаліся на юбілеі вучылішча. Зараз ён на пенсіі, працуе дырэктарам аўташколы на Урале, а калісьці ваяваў у Афганістане.

Ён маляваў, а я яго за гэта вадзіў у курсантскую чайную. «Прастаўляў» трохлітровы слоік таматнага соку і піражкі.

Калі справа дайшла да выніковага заліку, прыйшлося «маляваць» самому… «Чацвёрку» мне паставілі толькі таму, што ўсе астатнія адзнакі былі выдатнымі… Не хацелі псаваць «карціну»… З-за гэтай “чацвёркі” атрымаў толькі «чырвоны» дыплом.

Перад чацвёртым курсам (4-га жніўня) я ажаніўся. Вольга скончыла Свярдлоўскае педагагічнае вучылішча. За месяц да майго выпуску яна нарадзіла дачку Юлю, якая зараз атрымлівае другую вышэйшую адукацыю.

У снежні 2009-га года мы разышліся, аднак і сёння я магу сказаць, што Вольга вельмі добры чалавек.

Аднак вернемся ў мінулае.

Паколькі я быў выдатнікам (плюс камсгрупорг і партыйны сакратар), то месца размеркавання пасля вучылішча мог выбіраць сам. А мой цесць у Чэхаславакіі ў Брэслаў тады (у якасці канструктара праекта) будаваў завод хімічнага машынабудавання. Быў там у частых камандзіроўках (бывала па паўгады). На адным з прыёмаў ён пазнаёміўся з камандуючым нашай групы войскаў. Расказаў пра мяне. Генерал прапанаваў прыехаць да іх па размеркаванню. Я так і хацеў зрабіць, аднак не атрымалася.

Месца ў Чэхаславакіі на курс далі толькі адно, і яго заняў нейкі генеральскі сын. Мяне ж, каб не «кідаць» канчаткова, размеркавалі ў Групу савецкіх войскаў у Германіі (ГСВГ).

З пункту гледжання кар’ернага росту такі «варыянт» быў для мяне вельмі паспяховым. Асабліва, калі ўлічыць, што не было бацькі-генерала. За пяць гадоў прайшоў шлях – зампаліт роты, сакратар камітэту камсамола часткі, памочнік начальніка палітадзела па камсамольскай рабоце, старэйшы інструктар палітадзела арміі па камсамольскай рабоце. З апошняй пасады ў 1980-ым годзе і патрапіў ў Беларусь. Дакладней, з 2-ой гвардзейскай танкавай арміі, штаб якой стаяў у Фюрстэнберзе (на поўнач ад Берліна), перабраўся ў палітадзел 5-ай гвардзейскай танкавай арміі. Горад Бабруйск.

А адтуль (абсалютна неверагодна) з павышэннем перавялі старэйшым інструктарам аддзела камсамольскай работы Палітуправы Беларускай ваеннай акругі. Там атрымаў капітана. Збіраўся паступаць у ваенна-палітычную акадэмію. Далей адкрываліся перспектывы аж да генеральскіх лампасаў, але ў 1991-ым годзе адбыўся путч з ДКНС. На гэтым усё закончылася.

Як чалавек савецкі і партыйны, я цяжка перажываў усе гэтыя падзеі. Калі ў жніўні часова прыпынілі дзейнасць КПСС і УЛКСМ, мяне вельмі ўразіла рэакцыя саслужыўцаў. У Палітуправе служыла больш за 30 афіцэраў і тры генералы. Усе яны (у недалёкім мінулым «шчырыя» ленінцы) спакойна ўспрынялі тое, што не стала ні партыі, ні камсамола.

Памятую, усе чыстыя бланкі камсамольскіх білетаў і значкі (некалькі дзясяткаў тысяч) вывез тады ў свой падвал. Яны ляжалі там, дзе была павінна захоўвацца бульба.

Шляхам адраджэння

Тады добра высвецілася, што ў партыю і камсамол большасць людзей прыходзіла з чыста меркантыльнымі мэтамі. Я ж застаўся верным марксісцкай ідэалогіі, нават калі гэта стала нямодным, нявыгадным і нават небяспечным. Пачаў шукаць адзінаверцаў. Хутка высветлілася, што такія ёсць. Хаця і мала…

У канцы верасня 1991-га года ў Маскве адбыўся XXII (апошні) з’езд УЛКСМ. Было зразумела, што ён збіраецца, каб пахаваць камсамол. Так атрымалася, што дэлегатам стаў і я.

Загучалі словы пра тое, што «камсамол адыграў сваю гістарычную ролю», і мяне гэта моцна абурыла. На з’ездзе было каля 500 дэлегатаў і, калі паўстала пытанне пра самаліквідацыю камсамола, толькі 14 чалавек прагаласавалі супраць. З Беларусі я адзін. Зрабіць гэта было складана. І справа не толькі ў капітанскай форме. Пайсці супраць такой плыні цяжка маральна.

Асабліва абразіла тое, што па прапанове будучага арэнбургскага губернатара Уладзіміра Ялагіна, які на той час узначальваў расійскі камсамол, яны праспявалі песню «Не расстанусь с комсомолом, буду вечно молодым». Верх цынізму!

Зразумела, што калі УЛКСМ перастаў існаваць на ўсесаюзным узроўні, яго бязлітасна, мэтанакіравана знішчалі і ў рэспубліках. Беларусь тут не стала выключэннем. Аднак лічбавыя паказальнікі ў нас былі іншымі, чым у Маскве. З 250 дэлегатаў супраць рашэння «перабудавацца» ў Саюз моладзі Беларусі (7-га снежня 1991-га года) прагаласавала ўжо 25 чалавек.

Дарэчы, першым сакратаром СМБ стаў Аляксандр Фядута, з якім мы тады і пазнаёміліся. У той час я шмат разоў называў яго здраднікам. Сёння мы сябруем і ўзгадваем пачатак адносінаў з гумарам.

Калі Ленінскі камуністычны саюз моладзі быў ліквідаваны, я ў лесе пад Пінскам у вёсцы Кончыцы (на турбазе) арганізаваў XXXI (аднаўленчы) з’езд ЛКСМБ. Быў абраны яго лідарам. Кіраўніком прабыў пяць год. З 1992-а па 1997-ы.

На той час я быў яшчэ вайскоўцам, капітанам. Як кажуць, за штатам. То бок, амаль паўгады (пасля ліквідацыі ў арміі партыйных і камсамольскіх структур) мы атрымлівалі грошы за тое, што нічога не рабілі.

Пасля вяртання з аднаўленчага з’езду кардынальна памяняўся мой вайсковы лёс. З гэтага часу ён ператварыўся ў журналісцкі. У «Во славу Родины» з’явілася вакантнае месца. Праўда, у газеце была капітанская пасада, а ў Палітуправе я быў на маёрскай. Аднак ў той час на падобныя рэчы асабліва не звярталі ўвагі: галоўнае застацца на вайсковай службе. Тым больш альтэрнатыва была даволі кепская. Калі б я ад яе адмовіўся, мяне б адправілі ў лес пад Мар’іну Горку.

Выкарыстоўваючы выпадак, хачу нагадаць, што Палітуправу тады ўзначальваў генерал-лейтэнант Анатоль Мікалаевіч Новікаў, які сёння ўзначальвае лаяльную да ўладаў ветэранскую арганізацыю краіны. Тады ён (трэба аддаць належнае) «паклапаціўся» аб кожным, хто працаваў у ліквідаванай структуры. Зразумела, што тых, у каго былі кватэры і «выслуга гадоў», звольнілі на пенсію. Яго ж самога звольніць было нельга, бо Новікаў тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савета XII склікання.

Журналісцкі выбар

Рэдактар ваеннай газеты Рыгор Васільевіч Сакалоўскі (памерлы) сустрэў мяне без асаблівага імпэту. Канешне, просьба Новікава значыла шмат, але яна не вызваляла ад неабходнасці працаваць. У мяне ж акрамя рэпутацыі добрага «пісарчука» (пісаў даклады на камсамольскія форумы і аналітычныя агляды) на той час ніякага адпаведнага досведу не было.

Сакалоўскі прапанаваў напісаць нешта ў газету, і калі я з поспехам справіўся з гэтым заданнем, узяў у штат. Больш за тое, праз паўгады прызначыў (вызвалілася пасада) мяне начальнікам моладзевага (некалі камсамольскага) аддзела рэдакцыі.

Да вясны 1993-га года я мог сумяшчаць ваенную форму з пасадай (у непрацоўны час) першага сакратара ЦК ЛКСМБ, бо тады вайскоўцам дазвалялася так рабіць.

Да мінімальнай пенсіі заставала ўсяго два гады, калі Вярхоўны Савет XII склікання прыняў закон «Пра статус ваеннаслужачага», дзе была забарона на сяброўства ў палітычных партыях.

Наступнай раніцай мяне выклікаў тагачасны міністр абароны Павел Паўлавіч Казлоўскі і прапанаваў напісаць заяву аб выхадзе з камсамола і кампартыі. Адмовіўся. Паўгадіны па-бацькоўскі ён спрабаваў паўплываць на гэта рашэнне. Беспаспяхова. Калі ён даведаўся, што я збіраюся звольніцца з войска не толькі без пенсіі, але і без кватэры, тэрмінова выклікаў да сябе начальніка жыллёва-эксплуатацыйнай службы. І, выкарыстаўшы наконт мяне эпітэт, які ў друку абазначаюць шматкроп’ем, загадаў выдзеліць кватэру.

Гэтае высакародства памятаю па сённяшні дзень!

Пасля звальнення з войска мяне на тры месяцы «занесла» да Гайдукевіча. У Народным руху Беларусі быў яго прэс-сакратаром. Чалавек гэта, мякка кажучы, вельмі своеасаблівы, таму працаваць з ім было «не ў кайф».

Перайшоў да Віктара Валянцінавіча Чыкіна (таксама памерлы) у газету «Мы и время». Спачатку быў у яго карэспандэнтам, потым намеснікам рэдактара.

Калі ў 1995-ым годзе наша партыя паспяхова выступіла на парламенцкіх выбарах (45 мандатаў), а яе лідар Сяргей Іванавіч Калякін узначаліў фракцыю і стаў членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета XIII склікання, ён узяў мяне памочнікам.

У гэтай якасці прапрацаваў да рэферэндуму 1996-га года, які не толькі змяніў лёс краіны, але і раскалоў нашу партыю.

ПКБ перайшла ў апазіцыю, і я амаль адразу ўзначаліў газету «Товарищ», якая на той момант «у піку» партыйнаму рашэнню падтрымлівала Лукашэнку. Прыйшлося патраціць шмат сілаў і энергіі, каб гэтую хібу ліквідаваць.

Дарэчы, па гэты дзень не сорамна за тыя нумары. Ад самага пачатку маёй рэдактарскай дзейнасці мы імкнуліся друкаваць розныя (часта супрацьлеглыя) пункты гледжання.

У 2004-ым годзе нас «выкінулі» з падпісных каталогаў і кіёскаў. Па сутнасці гэта азначала страту магчымасці зарабляць нейкія грошы. Як вядома, усе грамадска-палітычныя газеты з’яўляюцца стратнай вытворчасцю, таму нам стала вельмі цяжка.

Да 2010-га года «Товарищ» выходзіў рэгулярна. У пазамінулым годзе выйшла шэсць нумароў, у мінулым — два.

Спадзяюся, некалі ўсё зменіцца.

Маральны выбар

Восенню 2009-га года Саша Фядута запрасіў мяне ў новы грамадска-палітычны праект. Я не быў яго аўтарам, паколькі падключыўся праз некалькі месяцаў пасля стварэння. У «Гавары праўду» быў накірунак дзейнасці, на які яны шукалі чалавека. Абралі мяне. Спачатку называлі «начальнікам штаба», але гэта словазлучэнне не зуcім адпавядае рэчаіснасці. Скажам так, я адказваў за матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне праекта, функцыянаванне офіса, выраб друкаванай прадукцыі і г.д. Словам, адказваў за ўсе арганізацыйныя пытанні. Ім патрэбен быў чалавек з ваеннай дысцыплінай, які можа наладзіць НЕАБХОДНЫ працэс НЕАБХОДНЫМ чынам.

25-га лютага 2010-га года кампанія «Гавары праўду» была прэзентавана афіцыйна.

Канешне, мы (кіраўнікі розных накірункаў дзейнасці – Святлана Навумава, Уладзімір Някляеў, Андрэй Дзмітрыеў, Аляксандр Фядута і іншыя) збіраліся разам, каб абмеркаваць нешта агульнае. Канешне, як адзін з кіраўнікоў, я прымаў удзел у выпрацоўцы пэўных рашэнняў, але ўсе яны мелі выключна сацыяльныя арыенціры. Накшталт выдання кнігі «100 твараў беспрацоўя», з’яўлення вуліцы імя Васіля Быкава, збору подпісаў у барысаўскім мікрараёне «Дымкі»… Гэта для тых, хто прыдумаў «Жалезам па шклу».

Ідэя праекта (раней і зараз) у наступным. У нашай краіне ёсць прыхільнікі прэзідэнта і прыхільнікі апазіцыі, але ў суме яны складуюць меншасць насельніцтва. А вось большасць нашых людзей (згодна з усімі незалежнымі сацыялагічнымі апытаннямі – 60 адсоткаў і болей) ужо адвярнулася ад Лукашэнкі, але і ў апазіцыі не бачыць пазітыўнай альтэрнатывы. З гэтымі людзьмі мы і хочам працаваць. Не з лукашыстамі, не з тымі, хто пастаянна «сядзіць» на апазіцыйных форумах і праклінае ўладу апошнімі словамі. Тут працаваць бессэнсоўна, бо яны ў сваіх поглядах і перакананнях ужо вызначыліся. Будучыня ж Беларусі залежыць ад тых, каго мы назвалі «новай большасцю».

Пакуль у дэмакратычным сегменце не з’явіцца сіла, якая будзе для іх прывабнай, ніякага поспеху дэмакратыі не будзе.

Наконт ідэалогіі. Зараз у беларускай апазіцыі няма ўнутраных стратэгічных супярэчнасцяў, бо задача стаіць адна для ўсіх – аднавіць дэмакратычную рэспубліку. У гэтым зацікаўлены ўсе. Калі будуць нармальныя выбары, тады і будзем канкурыраваць, разбірацца, якога ты «палітычнага колеру».

Нешта падобнае адбылося ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя, калі Гітлер пасадзіў у канцлагеры нямецкіх камуністаў, сацыял-дэмакратаў, лібералаў і кансерватараў. Яны там вельмі хутка памірыліся…

Па сутнасці тое ж самае ў 1996-ым годзе зрабіў Лукашэнка. Безумоўна, ідэалагічнае шматгалоссе засталося, але паколькі мы сёння (вобразна кажучы) знаходзімся за аднымі кратамі, у адным канцлагеры, няма сэнсу разбірацца паміж сабой і высвятляць, хто для Беларусі будзе лепшы. Зараз больш актуальна іншае – сумленныя, дэмакратычныя выбары.

У «Гавары праўду» ёсць прадстаўнікі практычна ўсіх палітычных плыняў апазіцыі – ад камуністаў да прыхільнікаў БНФ.

Час ад часу прыходзіцца чуць пра тое, што «Вазняк вазіў грошы». Так, вазіў. І мне за гэта ні кроплі не сорамна. Нічога супрацьзаконнага я не рабіў, як і тыя, хто дапамагаў. Мне не сорамна за тое, на што яны былі патрачаныя, бо гэта было выключна вырашэннем нейкіх сацыяльных людскіх праблем.

Было б сорамна, калі б іх скраў, купіў сабе выспу, яхту і г.д…

Прозвішчы тых, хто іх даў, я не назваў на допытах і не назаву ніколі. Як і кур’ераў. Аператыўная інфармацыя ў КДБ была, але за руку НІКОГА НІКОЛІ не злавілі, таму ў судзе нічога канкрэтнага ставіць не змаглі…

Замест пасляслоўя

Няглядзячы на тое, што аўтар прытрымліваецца адрозных ад героя палітычных поглядаў, я ШЧЫРА паважаю яго за тое, што ён ШЧЫРА верыць у тое, што робіць.

І яшчэ. ВЕЛЬМІ хочацца, каб БОГ даў здароўя яго сыну Аляксею, які ў снежні 2011 года трапіў у ВЕЛЬМІ страшную аўтааварыю.

Урывак з кнігі Аляксандра Тамковіча

 

 

20 февраля 2013

Коментарии

  • Юрий20 февраля 2013 #

    Возняк замечательный человек,очень много сделал хорошего.Сергей не обращайте внимание на разных выскочек.

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета