+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

«Сёння ў Беларусі няма дзеячаў, падобных да Алеся Адамовіча»

Сябра «Гавары праўду» Андрусь Архіпенка стаў вядомым дзякуючы сваім кампаніям за ўсталяванне помніка Адамовічу ў Глушы і ператварэнне аўтобуснага прыпынка ў арт-аб’ект памяці пісьменніка.

Навошта яму ўсё гэта спатрэбілася, ці магчыма ў Бабруйску супрацоўніцтва з уладамі, і крыху пра сябе Андрусь распавёў «Бабруйскаму кур’еру».

– Андрусь, чаму ты вырашыў займацца гэтым – збіраць подпісы за помнік Адамовічу, праводзіць конкурс эскізаў арт-аб’екта «Прыпынак Адамовіча»?

– Алесь Адамовіч і ягоная творчасць мне блізкія па духу. Я доўга назіраў за тым, як ідуць спробы стварыць музей, як ужо колькі гадоў гэтая тэма не кранаецца з месца… Адкрылі дабрачынны рахунак, але грошы туды паступаюць вельмі слаба. На мой погляд, гэта з-за таго, што мала інфармацыі пра збор сродкаў.

Я вырашыў, што трэба не чакаць адкрыцця музея, а рабіць нейкія крокі, каб ушанаваць памяць Адамовіча ужо зараз. Я лічу, што гэта вялікая несправядлівасць, што Адамовіч у нас нібыта ў нейкім ценю знаходзіцца. Для мяне як для бабруйчаніна важна, каб памяць нашага вялікага земляка была належным чынам ушанаваная.

– Што з творчасці Адамовіча найбольш табе спадабалася ці зрабіла на цябе найбольшы ўплыў?

– Магу адзначыць аповесць «Нямко», якая распавядае пра каханне паміж беларускай дзяўчынай і маладым немцам падчас вайны. У гэтым творы Алесь Адамовіч выразна паказвае, што не было тады, як няма і зараз, адназначна белага і чорнага. Былі людзі. З абодвух бакоў. У нас распаўсюджаны шаблонны погляд на вайну: мы і нашыя партызаны – добрыя, немцы – дрэнныя. Але Адамовіч паказвае, што і сярод немцаў былі не толькі тыя, што выконвалі загады і забівалі, а нашыя людзі таксама здзяйснялі злачынствы.

Мне падабаецца такі погляд на чалавека – да якой бы ты нацыі не належаў, ты перш за ўсё – чалавек.

– Ці Адамовіч дагэтуль актуальны? Што з таго, пра што ён пісаў, і сёння прысутнічае ў нашым жыцці, грамадстве?

– Нажаль, не губляе актуальнасці сёння ваенная тэма, таму разважанні Адамовіча пра вайну падаюцца вельмі сучаснымі. Ён падкрэсліваў, што вайну не трэба гераізаваць, што гэта найперш – ахвяры, пра што шмат каму і сёння варта памятаць.

Адамовіч падымаў пытанне Чарнобыля, а яно ў нас і праз 32 гады пасля аварыі стаіць вельмі востра. Значная частка нашых тэрыторый яшчэ шмат стагоддзяў будзе забруджанай. Нам з гэтым жыць. А яшчэ і новая АЭС будуецца…

– Як ты думаеш, калі б Адамовіч дагэтуль жыў, што б ён рабіў ці казаў у дачыненні да будоўлі Астравецкай АЭС?

– Ён быў бы адназначна супраць. Бо шчэ да аварыі на ЧАЭС ён падымаў тэму пагрозы радыяцыі, небяспекі атамнай энэргіі. Ён бы і зараз пра гэта казаў бы, што трэба шукаць іншыя варыянты, каб атрымліваць энэргію.

– Чаму, на твой погляд, такая сітуацыя з музеем Алеся Адамовіча? Столькі год пра яго кажуць – і нічога. Чаму не ўшаноўваецца на дзяржаўным узроўні памяць пісьменніка? Мо, улады дагэтуль баяцца яго?

– На музей, кажуць, няма грошай. Але гэта не першапрычына, мне здаецца. Адамовіч не баяўся казаць праўду, ягоныя погляды разыходзіліся з кіруючай уладай. А паколькі цяперашная беларуская ўлада не надта адрозніваецца ад той, то зразумела, чаму ёй дагэтуль недаспадобы спадчына Адамовіча.

– Каго б з сучасных дзеячаў ты б мог параўнаць з Алесем Адамовічам?

– Пэўна, такіх асобаў зараз у Беларусі няма, якія б так актыўна выступалі б за свае прынцыпы, за праўду, так адкрыта казалі б пра атамную энэргетыку, пра экалагічныя праблемы, як гэта рабіў Адамовіч. Зараз такіх людзей у Беларусі не адшукаць.

– У цябе ёсць палітычны досвед. Ці не хацеў бы ты працягнуць удзел у палітыцы і паспрабаваць аказваць уплыў на грамадства і свет, як гэта намагаўся рабіць Адамовіч?

– Так, я з 2015 года – сябра грамадскай арганізацыі «Гавары праўду». Я двойчы ўдзельнічаў у выбарах – парламенцкіх і ў мясцовыя саветы. Апошнюю мясцовую кампанію я выкарыстоўваў як пляцоўку, каб распавесці людзям пра Алеся Адамовіча, пра тое, што патрэбны помнік. Тады я ўжо збіраў подпісы за ўсталяванне бюста.

Я планую працягваць палітычную дзейнасць, і адстойваць свае ідэалы. Я хачу данесці да людзей, што ў нас павінна быць самакіраванне, выбарнасць мясцовай улады. Таксама я хачу казаць пра экалогію, бо тут ёсць шмат праблем. Напрыклад, нешта трэба рабіць са смеццем, якога ў нас усё больш, трэба вучыцца яго перапрацоўваць і даваць яму другое жыццё.

– Якой бы ты хацеў бачыць Беларусь у глабальным сэнсе?

– Незалежнай. Як Швейцарыя, якая не састаіць у ніводным блоку. Такой жа я бачу і Беларусь. Мы не мусім уваходзіць у нейкія ваенныя саюзы, увязвацца ў чужыя канфлікты. Бо навошта гэта нам? Мы павінны адказваць за сваю краіну, у якой жывем, за тое, што мы тут робім. У іншых трэба браць лепшае і выкарыстоўваць у нас.

– Кампаніі па ўсталяванні бюста і стварэнні «Прыпынка Адамовіча» ты праводзіш пры падтрымцы райвыканкама. Як думаеш, на падставе свайго досведу, ці магчыма ў нас супрацоўніцтва грамадскага сектару з уладамі?

– Так, я лічу, што гэта магчыма. Ёсць, канешне, супярэчнасці, бо яны маюць свае погляды, як нешта рабіць, мы – свае. Але мы павінны адшукаць кропкі сутыкнення, з якімі можна працаваць, і рабіць гэта супольна, каб вырашыць пастаўленыя задачы і мэты, каб было добра і для ўлады, і для нас.

Трэба знаходзіць мосцікі, праз якія можна працягваць працаваць далей, і вырашаць больш значныя задачы. Але трэба пачынаць з самага маленькага, а потым пераходзіць да глабальнага. Спадзяюся, нашыя кампаніі па ўсталяванні помніка і стварэнні «Прыпынка Адамовіча» пакажуць, што супрацоўнічаць магчыма і гэта трэба рабіць.

– Хто ты па адукацыі?

– Я – гісторык, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 2014 годзе. Па спецыяльнасці я крыху папрацаваў у Бабруйскім раёне, у вёсцы Міхалова ў школе. Сышоў, бо цяжка было ездзіць на працу з Бабруйска – а шостай ты ідзеш на аўтобус, вяртаешся дадому а 20-й, і часу больш ні на што няма. Да таго ж заробак быў зусім невялікі. Мне патрэбная такая праца, каб я мог займацца яшчэ тым, што мяне цікавіць. Мая цяперашняя праца мне гэта дазваляе.

– Вярнуцца ў школу няма думак?

– Я хацеў працаваць у школе. Але улічваючы заробкі настаўнікаў, я не бачу тут перспектыў. Увогуле, планую пайсці ў ІТ, зараз крыху займаюся праграмаваннем. Я б хацеў частку свайго прыбытку ў будучыні накіроўваць на сацыяльна-значныя праекты, якія б зрабілі жыццё горада лепшым. Такія, як усталяванне помніка Адамовічу. Сёння, калі кажуць пра выбітных людзей Беларусі, Адамовіча чамусьці часта не ўзгадваюць ці ставяць далёка не на першае месца. А я лічу, што ён павінен быць на адным з першых месцаў. І сваёй дзейнасцю я хачу разбурыць гэты мур маўчання вакол Адамовіча і годна ўшанаваць ягоную памяць.

28 мая 2018

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі