+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Таццяна Караткевіч: «Нам патрэбная рэфармаваная армія»

Лідар «Гавары праўду» прыняла ўдзел у дыскусіі «Радыё Свабода».

Ганна Соўсь: 3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фотаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі розгалас у грамадзтве. Вы ўсе маеце сыноў, якіх могуць прызваць у войска. Тацяна, як вы ставіліся б да службы ў войску вашага сына, да гібелі Аляксандра Коржыча і як ставіцеся цяпер?

​Тацяна Караткевіч: Я лічу, што важна пагаварыць на гэтую тэму. Да гэтых выпадкаў да войска я ставілася вельмі спакойна. Я арыентую свайго сына на тое, каб ён імкнуўся да самарэалізацыі. Калі ісьці такімі крокамі як унівэрсытэт, магістратура, то нейкім чынам праходзіш міма арміі. Таму я не лічыла гэта праблемай, што мне трэба мабілізавацца і думаць, як пазьбегнуць яе. Пры тым, што ўсё часьцей казалі, што і выпадкаў «дзедаўшчыны» няма, і ў прынцыпе няма ў гэтым ніякага сэнсу і г.д. Але ў сувязі з гэтымі выпадкамі, я хачу сказаць адназначна, што я не гатовая сёньня казаць пра тое, што буду накіроўваць у такую армію свайго сына. Таму што нам патрэбная рэфармаваная армія, у якой грамадзяне сваёй краіне давяраюць, якая ня толькі абараняе краіну, але і захоўвае сем’і, салдатаў, нашых сыноў.

Ганна Соўсь: Я хацела бы працытаваць пост з фэйсбуку журналісткі Тацяны Каліноўскай: «Прыгадала, як білася з ваенкаматам за ўласнага сына. Можа, і сёньня нейкая маці задумаецца, а ці варта пасылаць сына ў войска, якое больш падобнае на зону? Вось некалькі маіх, так бы мовіць, лайфхакаў. Рыхтуйцеся да сустрэчы з ваенкаматам зь першага дня, як у вас нарадзіўся сын. Фіксуйце ў мэдкарце ўсе яго хваробы і траўмы. Не выпускайце мэдкарту з рук, пасьля пераводу ў дарослую паліклініку забярыце з сабой. Падчас усіх паходаў сына ў ваенкамат старайцеся быць зь ім або побач. Хай бяз вас нічога не падпісвае. Уважліва вывучайце дакумэнты, якія тычацца прызыву. Райцеся зь іншымі мамамі, у якіх тая ж задача». Ці вы падтрымліваеце заклік Тацяны? Ці трэба праўдамі і няпраўдамі, любымі спосабамі, нават ад’ездам з краіны вызваляць вашых дзяцей з войска?

Тацяна Караткевіч: Я бачу, што ўсе ў прынцыпе згодныя, што армія, безумоўна, нам патрэбная і мае быць рэфармаваная. Я ведаю, што за псыхалягічным станам вайскоўцаў сочаць так званыя афіцэры-псыхолягі. Я маю на сёньняшні дзень адукацыю псыхоляга. Я думала, сапраўды, што можа мяне пераканаць у тым, што я магу свабодна аддаць сваё дзіця ў войска, і пры гэтым яшчэ людзям, якія побач, сказаць: «Ня бойцеся, можна ісьці ў армію, нічога страшнага не адбудзецца». Так, загартоўка; так, яны навучацца чамусьці вартаму ў абароне краіны, атрымаюць нейкія новыя прафэсійныя веды, навыкі і бачаньне, але я ня ведаю, што сёньня трэба зрабіць, каб у кароткі тэрмін можна было вярнуць гэты давер, які яны страцілі. Вось пра сябе я падумала, што, калі б я папрацавала псыхолягам у арміі год, я б магла сказаць, што так, вось цяпер можна. Сёньня я, вядома, такога сказаць не магу.

Я вельмі ўзрушаная тым, як адрэагавала Міністэрства абароны ў першыя дні. Яны яскрава паказалі, што хочуць утаіць гэтую сытуацыю, паказаць, што гэта проста шараговая сытуацыя, нівэляваць гэтую праблему, замаўчаць, праігнараваць, хоць на самай справе іх рэакцыя павінна быць вельмі адкрытай, вельмі жорсткай, і міністар абароны павінен быў выбачыцца і перад сям’ёй Аляксандра, маці, перад тымі, хто раней пацярпеў. Мы ведаем, што ў армію бяруць здаровых хлапцоў. А зь яе яны выходзіць салдатамі, з адчуваньнем таго, што яны могуць абараніць краіну. А ў нашым выпадку з арміі нават матываваныя маладыя людзі, які хочуць сапраўды ад пачатку ў войска, вяртаюцца з рубцом на сваёй душы.

Ганна Соўсь: Тацяна, вашаму сыну цяпер 14 гадоў. У якое войска вы б аддалі свайго сына?

Тацяна Караткевіч: Я спадзяюся, што той розгалас, які гэтая праблема сёньня набыла ў грамадзтве, дапаможа нам прасунуць рэформы ў войску, якія, відавочна, патрэбныя. Мы зараз сабралі грамадзкую ваенную камісію, у якую ўвайшлі былыя вайскоўцы, экспэрты, і зьбіраем прапановы, якія мы будзем перадаваць на сустрэчы з міністрам абароны. І там на сёньняшні момант ёсьць шмат прапановаў, адна зь іх, што Мінабароны павінна ўсё ж такі іншую інфармацыйную палітыку весьці, больш адкрытую, і паказаць, што яны гатовыя супрацоўнічаць з грамадзкай супольнасьцю. Я маю на ўвазе і камітэт салдацкіх маці, і праваабаронцаў, і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый, якія зацікаўленыя ў гэтай тэме.

Можна скараціць тэрмін да 9 месяцаў — гэта таксама скарачае магчымасьць «дзедаўшчыны».
Патрэбны такі чалавек як амбудсмэн, да якога можна зьвярнуцца — напісаць ліст, патэлефанаваць ці штосьці такое. Канешне, праблема «дзедаўшчыны» — гэта сыстэмная праблема, і тут можна ў розных накірунках рухацца, і ў накірунку больш жорсткага выкананьня і пакараньня афіцэраў за тое, што яны парушаюць правілы ўнутранага парадку, і проста павінна быць сыстэмнае вырашэньне ўнутры, маю на ўвазе кіраўніцкае рашэньне. Ёсьць таксама такія простыя прапановы пра тое, што камандзірамі ў такіх ротах павінныя быць толькі кантрактнікі, якія не зацікаўленыя, якія будуць гэтай «дзедаўшчыне» супрацьстаяць.

Канешне, патрэбна задумацца пра тое, якое нам патрэбна войска, што можна скараціць тэрмін да 9 месяцаў — гэта таксама скарачае магчымасьць «дзедаўшчыны». Дні ў арміі павінныя быць насычаныя новымі ведамі ў сфэры менавіта ваеннай абароны, у розных накірунках, каб салдаты, нашы хлопцы сапраўды атрымалі нейкія прафэсійныя веды, навыкі, уменьні. Пры чым я таксама прыхільніца таго, каб і дзяўчыны нейкі тэрмін праслужылі і маглі навучыцца. І прапанова, якая магла б зрабіць бацькоў больш спакойнымі — каб салдат мог на выходныя вяртацца дадому. Там на выходных ён можа і абмеркаваць нейкія праблемы, і атрымаць падтрымку з боку сваякоў, бацькоў, сяброў. Калі раптам ён стаміўся, таму што мы ведаем, што фізычная нагрузка ў арміі вялікая, патрэбна падтрымка. Гэта магчымасьць пастаяннага кантакту з сям’ёй і сваякамі. Я запрашаю ўсіх да таго, каб мы сёньня зараз не спыняліся актыўна выказваць, якія перамены нам патрэбныя ў арміі, каб да яе быў давер і мы маглі туды накіроўваць сваіх сыноў.

«Радыё Свабода»

23 октября 2017

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі