+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Таццяна Караткевіч. Што можа аб’яднаць беларусаў?

Што можа і што ня можа абʼяднаць беларусаў, на якой глебе яны салідарызуюцца, і на якой заўсёды будуць падзеленыя, ці здольныя ў грамадзкім і палітычным жыцьці дамаўляцца, ісьці на кампрамісы, прымаць іншыя пункты гледжаньня. Разважае лідар «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.

Курапаты як калектыўная траўма

— Пазыцыя «Гавары праўду» і мая асабістая пазыцыя палягае ў тым, што трэба каапэравацца, калі ёсьць мэта. Сёньняшняя сытуацыя вакол Курапатаў выглядае такім чынам. На працягу 23 гадоў былі ініцыятывы грамадзкай супольнасьці, палітычных дзеячаў, пачынаючы з Пазьняка і заканчваючы сёньняшнім камітэтам «Салідарнасьць», якія пастаянна ладзіць там акцыі. Гэта была ініцыятыва з боку грамадзкага сэктара, і трэба яе пакінуць за сабой. А ўлада сёньня кажа, што яна бярэ ці гатовая браць ініцыятыву. Яна ўжо гэта ня толькі дэкляравала, але і зрабіла некалькі першых крокаў — суботнік, абвяшчэньне творчай камісіі па стварэньні мэмарыялу. Я лічу, каб не згубіць сваіх пазыцый, нельга ігнараваць, трэба ўдзельнічаць у гэтым працэсе якраз дзеля будучыні, дзеля таго, каб наш унёсак, наша бачаньне, нашы веды і памяць, якая ёсьць у грамадзкасьці, рэалізавалася ў мэмарыяле.

Прыклад паспяховага аб’яднання дэмсілаў

— У маім палітычным досьведзе быў адзін прыклад сумеснай працы. Гэта кампанія народнага рэфэрэндуму, у якой прымалі ўдзел чатыры арганізацыі: «Гавары праўду», Партыя БНФ, Рух «За свабоду» і сацыял-дэмакраты. Гэта быў таксама і прыклад таго, як могуць дэмакратычныя арганізацыі супольна працаваць, каапэравацца, калі ёсьць мэта, задача, ідэя, вакол якой можна працаваць. Гэта азначае, што такія саюзы могуць стварацца, дамагацца сваёй мэты, і распадацца, пачынацца новыя этапы каапэрацыі. А што тычыцца больш доўгай гісторыі маёй палітычнай актыўнасьці, то на маёй памяці была мабілізацыйная кампанія, у якой прымала ўдзел шмат якіх палітычных арганізацый, грамадзкіх, моладзевых, у 2000-м быў таксама цікавы досьвед такой грамадзянскай кампаніі. А што да сёньняшняй сытуацыі, то на жаль тое, што мы назіраем сёньня, апошнія месяцы, якраз зьяўляецца нэгатыўным прыкладам, калі ствараюцца некалькі аргкамітэтаў, прапануецца грамадзтву некалькі варыянтаў акцый. Простыя людзі, якія яшчэ зацікаўленыя ў палітыцы, і тыя якія яшчэ не прыйшлі да грамадзкай актыўнасьці, за гэта і ня любяць апазыцыю, бо ў пэўны момант трэба каапэравацца вакол ці падзеі, ці акцыі салідарнасьці.

Магчымасць кампрамісаў і саступак

— Цяжка ісьці на кампраміс і цяжка заставацца на сваёй пазыцыі. Але я б дадала яшчэ адну складанасьць, якая чакае ўсіх: гэта зрабіць першы крок у дыялёгу. Бо некаторыя актывісты, людзі, якія цікавяцца палітыкай, лічаць, што дыялёг — гэта селі, паразмаўлялі і ўсё. Мы бачым, што такі дыялёг ня мае сэнсу. Мае сэнс толькі дыялёг мэтанакіраваны. Тады ён прыносіць плён, вынікі, калі ёсьць мэта. І вось зараз вакол Курапатаў, улада кажа, ну давайце мэмарыял, так даўно хацелі, і подпісы зьбіралі, і суботнікі ладзілі, і адстойвалі тэрыторыю. Цяпер ёсьць гэтая магчымасьць, і варта проста адчыніць дзьверы шырэй і ўвайсьці туды са сваімі ідэямі, прапановамі, са сваім голасам, каб ён быў улічаны.

Аб’яднанне вакол знакавай асобы

— Для «Гавары праўду» пасьля 2011 году мы казалі, што наша асноўная тактыка будзе наступная — важна ні хто (будзе рабіць для Беларусі), а што (мы будзем рабіць супольна). Гэта найважнейшае пытаньне, таму што бачу, як асабісты фактар замінае шмат якім дыскусіям, дыялёгам, супрацы. Таму я асабіста ня маю ніякага сьпісу людзей, зь якімі б я не хацела размаўляць ці сустракацца, асабліва ў тым выпадку, калі супадаюць нашы палітычныя мэты. Каб дамагчыся ўключэньня ў пэнсійны стаж службы ў арміі, дэкрэтаў, мы хадзілі, сустракаліся, тлумачылі, даводзілі аргумэнты ўсім прадстаўніком улады, дэпутацкаму корпусу, чыноўнікам. Варта пра гэта казаць. Што да палітычных асобаў, у нашым дэмакратычным асяродку таксама няма ўстановак на тое, размаўляць ці не размаўляць. Калі ты адкрыты палітык, ты павінен размаўляць з усімі. Як і з выбаршчыкам, так і з палітыкам, так і з прадстаўніком улады — любога ўзроўню. Калі ёсьць мэта, дамагчыся яе. Вось напрыклад учора мы даведаліся, што дэпутаты парлямэнту выходзяць з ініцыятывай, каб вярнуць у сацыяльны, страхавы, пэнсійны стаж дэкрэтны адпачынак і службу ў арміі. Гэта вельмі добра! Я лічу, што ўсе тыя і арганізацыі, і актывісты, якія ўздымалі гэтую тэму, могуць усе парадавацца зараз, як і мы, якія зьбіралі подпісы за ўсё гэта. Варта на гэтым сканцэнтравацца. А асабісты фактар часам перашкаджае і вельмі моцна.

«Радыё Свабода»

20 апреля 2017

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…