+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Таццяна Караткевіч: У большасьці жанчыны прагаласавалі за маю кандыдатуру ў 2015 годзе

Як жанчыны могуць спрыяць пераменам як кандыдаткі і як назіральніцы? Ці вызначальна ў Беларусі, як галасуюць жанчыны? Лідар «Гавары праўду» адказвае на гэтыя і іншыя пытанні «Радыё Свабода».

Мне падаецца, тут ня варта дзяліць на мужчын і жанчын. Ёсьць дэмаграфічныя паказчыкі — жанчын больш, жанчыны больш занятыя на бюджэтнай працы. Менавіта бюджэтныя супрацоўнікі трапляюць у склад камісіяў. І я, шчыра кажучы, ня ведаю колькі працэнтаў там мужчыны, а колькі жанчыны. Колькасьць жанчын відавочна большая, але я бачыла самых розных прадстаўнікоў камісій і хачу сказаць, што ня важна мужчына ці жанчына, яны паводзяць сябе аднолькава.

У сёньняшняй эканамічнай сытуацыі зь вялікай канкурэнцыяй за працоўныя месцы людзі матывавана заплюшчваюць вочы на фальсыфікацыі выбараў і маўчаць, таму што яны думаюць пра свае пэрспэктывы. У першую чаргу спрацоўвае мэханізм абароны сябе, сваёй сям’і. Як мы ведаем і па сацыялягічных апытаньнях, сям’я — гэта першасная каштоўнасьць беларуса, мужчына гэта ці жанчына. Па-другое, нягледзячы на тое, што яны часьцей бываюць сябрамі камісій, менавіта жанчыны ў большасьці сваёй прагаласавалі за маю кандыдатуру, за маю праграму ў 2015-м годзе. Больш чым мужчыны. І за гэта ім вялікі дзякуй. Жанчыны таксама могуць падтрымліваць альтэрнатыву.

— Тацяна, як вы лічыце, ці ўлады недаацэньваюць жанчын-кандыдатаў? Вы пасьлядоўна выступаеце за тое, што трэба ўдзельнічаць ва ўсіх кампаніях. Дык ці атрымліваецца выкарыстоўваць жанчын, ці наадварот жанчыны могуць выкарыстаць нейкія дзеяньні і намеры ўлады?

— Гэта палітыка. Нам трэба выйсьці з дылемы, хто каго выкарыстоўвае, бо ў палітыцы ты прадстаўляеш інтарэсы сваіх выбаршчыкаў, і заўсёды ёсьць нейкае сутыкненьне, канфлікты, барацьба паміж групамі. Вось гэта і ёсьць палітыка. Ёсьць перамогі, ёсьць паразы, але гэта рух. Калі мы ўжо сказалі ў «Гавары праўду», што мы прадстаўляем тых людзей, якія хочуць пераменаў, то мы пасьлядоўна гэта робім. Адзін са шляхоў — наш удзел у выбарчых кампаніях для таго, каб прадставіць сваю пазыцыю, пашырыць сваё кола, дамагчыся нейкіх лякальных пераменаў. І глябальных таксама.

Зараз я хаджу па кватэрах і бачу настрой людзей, якія ня бачаць сэнсу ў выбарах. Але ёсьць і тыя, хто бачыць. Сярод жанчынаў, калі мы кажам пра асаблівасьці гендэрных паводзін, шмат вельмі актыўных. І ў маёй акрузе. Я ўзгадваю, як на Заслаўскай мы адстойвалі ўшчыльненьне, і там актывісткай, «маторам» была Тацяна Іванаўна. Калі мы возьмем маю акругу і Асмолаўку, то там у цэнтры ініцыятыўнай групы таксама былі жанчыны. Праект «Імёны» — там таксама жанчыны, жанчына — кіраўнік. Шмат якіх жанчын сёньня маюць моцную грамадзянскую пазыцыю. Але калі мы кажам пра публічную палітычную дзейнасьць, тут жанчыны паводзяць сябе больш сьціпла. Гэта я таксама бачу. Больш жанчын прыйшло за мяне прагаласаваць, але больш мужчын-актывістаў сказалі, мы будзем рабіць як Караткевіч, пойдзем на барыкады.

Калі казаць пра палітыку і барацьбу інтарэсаў, барацьбу за прадстаўніцтва, то цяпер мы маем перамогу айцішнікаў, хутка-хутка запрацуе новы дэкрэт, які разьняволіць гэтую сыстэму, зробіць нас прасунутай краінай. Але дзе саюзьнікі тых людзей, якія прасоўвалі гэты дэкрэт? Гэта апэратыўна-аналітычны цэнтар пры адміністрацыі прэзыдэнта, гэта ўлада! Яны пайшлі на гэта, каб дасягнуць сваіх інтарэсаў. Дык хто тут каго выкарыстоўвае? У гэтым і ёсьць сутнасьць палітыкі. Мы прадстаўляем інтарэсы тых людзей, якія хочуць пераменаў. Ёсьць ідэі, і мы змагаемся за іх.

— Завяршальным акордам прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году быў фотаздымак Сяргея Грыца, на якім назіральніца Натальля Гарачка ня ўстала, калі да выбарчай камісіі падышоў Аляксандар Лукашэнка. Гэтая сцэна значыла, магчыма, болей многіх заяваў пра фальсыфікацыі, бо гэта была акт нязгоды, маральнага пратэсту. Калі жанчыны становяцца мацнейшымі за сыстэму? Маглі бы прывесьці іншыя прыклады?

Тацяна Караткевіч: Ёсьць шмат прыкладаў. Памятаеце Галіну Ігнатовіч, якая забралася на кран, каб адстаяць свой дом? Я нядаўна зь ёй сустракалася, для мяне гэта быў вельмі моцны прыклад. Адна жанчына падчас збораў подпісаў у Мазыры казала: майго сына несправядліва звольнілі, і я не буду ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. Шмат жанчын сёньня ня могуць устаць і бараніць сваю сям’ю, свой выбар. Але гэта ўсё ж не гендэрнае пытаньне. Сёньня большасьць беларусаў прагне пераменаў, але ня мае пакуль пэўнай моцы, палітычнай волі, каб зрабіць першы крок. Тое, што я раблю, што робіць кампанія «Гавары праўду», іншыя палітычныя сілы, ці гэта выбарчая кампанія, ці назіраньне, ці грамадзкія акцыі — гэта дае людзям магчымасьці зрабіць першы крок, каб стаць такімі моцнымі ў сваёй грамадзянскай пазыцыі.

«Радыё Свабода»

16 января 2018

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета