+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Таццяна Караткевіч: “Я размаўляю з народам, таму добра ведаю, як яму жывецца”

Таццяна Караткевіч наведала Ганцавічы яшчэ 8 жніўня. Праз тыдзень пасля паездкі ў мясцовай газеце «Ганцавіцкі час» выйшла інтэр’вью, якое яна дала журналістке Юліі Матусевіч падчас наведвання горада. 

* * *

Як адрэагавалі на ваш прыезд прадстаўнікі мясцовай улады?
– Я ўжо звыклася з тым, што ёсць два тыпы рэакцыі мясцовых улад: яны або “фрэндлі”, або вартаўнікі сваёй прасторы, дзе яны адчуваюць сябе як рыба ў вадзе.

Вось супрацоўнік аддзела ідэалогіі (Ірына Бужан – прык. аўтара) рассказала мне, што ў Ганцавічах усё вельмі добра, усюды чысціня, проста рай.

Па яе словах, у вашым горадзе хапае працы, з медыцынай і адукацыяй таксама ўсё ў парадку.
Пачынаю гаварыць з людзьмі і аказваецца, што ўсё далёка не так, як мне расказазалі прадстаўнікі мясцовай улады. Аказваецца, людзі едуць на працу ў Мінск, у Расію. І бяда ў тым, што ў іншых гарадах людзей не чакаюць: ім самім няма дзе працаваць.
Назавіце некалькі пунктаў плана вашай праграмы, якія вы збіраецеся ажыццявіць. І як вы гэта будзеце рабіць?

– Адзін з пунктаў маёй праграмы гаворыць, што мясцовую ўладу трэба выбіраць, каб яна падпарадкоўвалася інтарэсам людзей. Каб дарогі, дзіцячыя пляцоўкі, газаправоды, адукацыйныя ўстановы будаваліся, зыходзячы з заявак і патрабаванняў, а не па плану. Каб выбраная ўлада, калі дае абяцанкі, памятала пра тэрмін сваёй дзейнасці і была адкрытай для дыялогу. Людзі хочуць павагі да сябе і хочуць ведаць, што будзе заўтра.

Я за тое, каб людзі ведалі, што яны могуць на нешта ўплываць у дзяржаве. Цяпер людзі аб`ядноўваюцца, звяртаюцца да мясцовай улады і дасягаюць нейкіх кампрамісаў. Але нельга быць у такой пастаяннай барацьбе.

Трэба, каб улада была дзеля людзей, а не дзеля таго, каб яны дабіваліся ўсяго такімі намаганнямі: стаялі ў калідорах улады і нешта прасілі.

Указамі прэзідэнта нічога не зробіш. Бо крызіс нарастае, паўсюдна скарачэнні… Трэба стварыць умовы, каб можна было падтрымаць прыватную ініцыятыву, каб людзі маглі самі знайсці сабе працу. А ўказы, загады павінны кануць у мінулае.

– Чаму людзі павінны прагаласаваць менавіта за вас?
– Таму што я выступаю за мірныя перамены, каб яны адбыліся адпаведна нашых законаў. Я – за тое, каб у рэгіёнах распачалася новая эра жыцця, якая будзе звязана з выбарнасцю мясцовай улады, каб у нас было больш эканамічных магчымасцей, каб мы маглі зарабляць столькі, колькі пажадаем.

Я за тое, каб дзяржава гарантавала, што мы будзем атрымліваць якасную адукацыю і медыцынскія паслугі. У галіне медыцыны і адукацыі патрэбны рэформы, на што патрэбна больш выдаткаў, чым выдзяляе дзяржава.
Так, трэба трымаць нашых маладых спецыялістаў, бо дзяржава выдаткоўвала на іх адукацыю грошы. А яны пасля выбіраюць працу не па спецыяльнасці, а, напрыклад, у “Макдональдсе”. А тыя, хто ідзе па размеркаванні, усе роўна потым збягаюць. Таму патрэбны рэформы.

Рэформы патрэбны і таму, што на педфак, напрыклад, набіраюць людзей без конкурсу. Я за тое, каб на нашай тэрыторыі не было ніякіх ваенных аб`ектаў і базаў. Гэта замацуе мірны статус краіны і дазволіць развіваць эканамічныя, адукацыйныя, культурныя стасункі.
– Ці можаце вы назваць нешта значнае ў жыцці, што ўжо зроблена вамі, каб упэўніць людзей, што вы ў сілах кіраваць і дзяржавай?
– Я шмат дзе дапамагала і прымала ўдзел, але я – асоба сціплая. Паспяхова працавала ў сферы адукацыі, 12 гадоў: рыхтавала спецыялістаў-псіхолагаў, спецыялістаў па сацыяльнай працы. Шмат хто з іх працуе па спецыяльнасці і актыўна выкарыстоўвае тыя веды, якія я дала.
Шмат чаго зрабіла па сацыяльнай абароне на сваім працоўным месцы. Я была першай, хто адкрыў камп`ютарныя курсы для пажылых людзей.

Заснавала ўніверсітэты для людзей так званага трэцяга ўзросту. У гэтую галіну атрымалася прыцягнуць інвестыцыі за кошт сумесных праектаў, з міжнароднай падтрымкай. Гэта, я лічу, вельмі важна для чалавека, які працуе ў дзяржаўнай сферы, які не кіраўнік, а проста займае актыўную пазіцыю.

Потым, калі я зразумела, што такія актыўныя людзі не патрэбны дзяржаўнай сферы, я перайшла ў палітыку. У кампаніі “Гавары праўду” мы былі накіраваны на тое, каб аб`яднаць мясцовыя супольнасці ў розных гарадах краіны.

У Мінску, напрыклад, адваявалі прастору гараджан, калі ўлады збіраліся ўшчыльняць цэнтр горада, паўплывалі на праект будаўніцтва кітайска-беларускага тэхнапарку.

– Як вы расцэньваеце свае шанцы? Хто ваш асноўны канкурэнт?
– Гэта складанае пытанне. Асноўны канкурэнт – А. Лукашэнка. А ў мяне шанцы такія: або выбяруць – або не. Думаю, што патрэбную колькасць галасоў мы збяром і я буду зарэгістравана. На сёння сабрана ўжо больш за 70 тысяч подпісаў.
Мы жывём па-рознаму: дзяржава кажа адно, апаненты кажуць другое.

І цяпер становіцца больш тых, хто будзе гаварыць, што ў нас усё добра. Людзі не маюць магчымасці гаварыць праўду. Таму мы прыйшлі да таго, што трэба аб`ядноўвацца.
Я хачу, каб мяне зарэгістравалі і потым каб гучала не Таццяна Караткевіч, а людзі. Каб гучалі прапановы аб тым, што трэба зрабіць, каб краіна пайшла па шляху мірных перамен.

Мы ў сваёй кааліцыі вызначыліся, што, магчыма, гэта будзе марафон, і мы будзем на ім настойваць. Трэба, каб улада мянялася, выбіралася – гэта галоўнае. Не важна, хто будзе кіраўніком дзяржавы, бо прэзідэнты мяняюцца, таму гэта павінна адысці на іншы план.

– Ці верыце вы ў сумленныя выбары?
– Інстытут выбараў, канешне, падарваны. Выбары не прыводзяць да таго, што ўлада мяняецца – яна прызначаецца. Склалася так, што частка людзей лічыць, быццам у нас сумленныя і празрыстыя выбары, другая – што гэта не так.

Тут можна дыскуціраваць. Я ж лічу, што выбары павінны быць тым механізмам, які дазваляе грамадзянам уплываць на палітыку, якая ажыццяўляецца. Сёння людзі больш задумваюцца над тым, за каго аддаць голас. А недзе там, у глыбіні душы, яны разумеюць, што 11 кастрычніка яны не галасуюць.

Усё, што мы робім, – гэта для таго, каб актывізаваць насельніцтва, каб больш людзей удзельнічала ў выбарах. Хочам стварыць альтэрнатыву і паказаць, што на самай справе выбар ёсць. Калі людзі будуць займаць пазіцыю “не ўдзельнічаць”, мы не зрушымся з мёртвай кропкі.

Трэба гаварыць: “Я супраць усіх, я за Караткевіч або за іншага кандыдата”. Бо гэты голас – інвестыцыя ў нашу будучыню. Бо прыйдзе час і дзеці нас запытаюць, чаму мы так “тармазнулі”? Што мы адкажам, калі не хадзілі нават на выбары?

«Ганцавіцкі час»

17 августа 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…