+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Тацяна Караткевіч: «За дзень накручваю на ровары ад 20 да 50 кілямэтраў»

Як вы праводзіце гэтае лета?

За мяжу гэтым летам адпачываць я ня езьдзіла. Карыстаюся магчымасьцямі, што ёсьць у Менску і каля Менску. Накручваю штодня на ровары ад 20 да 50 кілямэтраў. Калі вучылася ў школе, сур’ёзна займалася веласпортам. Нават адзін час уваходзіла ў склад зборнай каманды Савецкага Саюзу. Прычым не на шашы, а на трэку. Цяпер са сваёй Курасоўшчыны дабіраюся ў цэнтар гораду прыкладна за аднолькавы час — што аўтобусам, што на ровары. У мяне горны «Аист» менскага мотавелазаводу. Раней мела галяндзкі гарадзкі ровар Gazelle. Але для нашых бардзюраў з падскокамі і скокамі ён не падыходзіць.

Купальны сэзон адкрыла для сябе яшчэ ў траўні. А самае галоўнае ўражаньне гэтага лета — ад першага ў сваім жыцьці паходу на байдарках. Настолькі мне спадабалася, што цяпер падбухторваю сяброў, каб зноў сесьці за вёслы. Настолькі ж гэта экалягічна, натхняльна, цікава. Ня думала, што падчас такога падарожжа так шмат даведаюся новага — і пра сябе, і пра сяброў, і пра Беларусь.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

Кожнае сваё лета ў дзяцінстве я праводзіла ў бабулі і дзядулі на Віцебшчыне. Гэта ў вёсцы Гугалеўшчына, што ў Талачынскім раёне. Там і было ў мяне ўсё найлепшае — і гульні, і ягады, і грыбы. Там мне ніколі не было сумна, наадварот, усё было цікава.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

Бяру максымальную колькасьць рэчаў, каб магла ў нейкім выпадку сама сябе забясьпечыць. Карацей, складаю ў валізку ўсё, каб магла справіцца ў любой крызіснай сытуацыі. Гэта — і лекі, і запалкі, і нож, і непрамакальныя вопратка і абутак. Але гэта не азначае, што набіраецца велізарны клунак. Усяго пакрыху, па мінімуме.

Чаму каштоўнаму вы навучыліся?

Сёлетні летні адпачынак паказаў, што ў нашай Беларусі вельмі шмат чаго для мяне яшчэ нязьведанага. Зразумела, што варта дасьледаваць свой родны край, быць да яго блізкім. А ў час падарожжаў адбываюцца новыя сустрэчы, становяцца сябрамі новыя людзі.

Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?

​Гэтым летам у адпачынак я ўзяла кнігу Сяргея Шупы пра БНР. Чаму зрабіла менавіта такі выбар, мабыць, кожнаму зразумела. Не магла абмінуць увагай такую велізарную для нашай гісторыю дату, як стагодзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі. І не памылілася, бо кніга вельмі файная. Таму раю ўсім, хто яшчэ яе не прачытаў, зрабіць гэта. А што тычыцца музыкі, то слухаю самую розную. Карыстаюся інтэрнэт-радыё, а там магчымасьцяў пад любы настрой. Так што ўключаю і джаз, і клясыку, і родныя беларускія сьпевы…

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

Спрабую разьмежаваць адпачынак і грамадзкае жыцьцё. Кажу сама сабе: ты ж у адпачынку — і не выходжу ў інтэрнэт, сацыяльныя сеткі. Але тэлефон у мяне шматфункцыянальны. І ён заўжды са мной, бо трэба сфатаграфаваць, запісаць відэа, пачытаць, паслухаць радыё… Я спрабую даць сабе ўстаноўку цягам, напрыклад, трох дзён не заходзіць у сацыяльныя сеткі. І пакуль у мяне так атрымліваецца.

​Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

Найперш — спаць. Для мяне адпачынак — гэта і магчымасьць болей паспаць, калі табе не патрэбна ўставаць па будніку. Я наагул па будніку не ўстаю, бо ў мяне ў арганізьме ёсьць свой біялягічны буднік, і я заўжды прачынаюся менавіта ў той час, калі заплянавала пад’ём. А ў адпачынку дазваляю сабе трохі папесьціцца і нават прыснуць крыху пасьля абеду. І яшчэ я часам магу пайсьці пашпацыраваць без усялякай канкрэтнай мэты, проста ўзяць і прайсьціся.

Ваша парада на адпачынак?

Для мяне сапраўдны адпачынак толькі тады, каля атрымліваю ад яго нейкі эфэкт навізны. Гэта калі ты робіш нешта ўпершыню ў сваім жыцьці. І калі ты адкрываеш нейкія невядомыя табе раней цікавосткі, незалежна ад таго, ці гэта за мяжой, ці на Радзіме. Таму я жадаю ўсім, хто зьбіраецца адпачываць, цудоўных адкрыцьцяў, навізны, палёту.

«Радыё Свабода»

17 августа 2018

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі