+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

У Бялынічах шматдзетныя сем’і застануцца без уласнага жылля?

У офіс дэпутата “Грамадзянскай дамовы” у Бялыніцкім  раёне звярнулісь за дапамогай бацькі з шматдзетных сем’яў, якія апынулісь у складанай сітуацыі з-за непрадуманых дзеянняў беларускіх уладаў і мясцовых чыноўнікаў.

Справа ў тым, што ў гарадскім пасёлку Бялынічы Магілёўскай вобласці мясцовыя ўлады выставілі шматдзетным сем’ям такія кошты на будаўніцтва ільготнага жылля, што яны могуць застацца без кватэр да глубокай старасці. Між тым улады Рэспублікі Беларусь дэкларуюць пастаянны клопат пра шматдзетныя сем’і і з імпэтам распавядаюць пра тое, як шмат яны робяць для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.

“Яшчэ 2 сакавіка 2012 года нас, бацькоў шматдзетных сем’яў, сабралі ў Бялыніцкім райвыканкаме і прапанавалі аб’яднацца ў адзін жыллёва-будаўнічы кааператыў, дом для якога паабяцалі пабудаваць быстра і якасна, — распавядае старшыня ЖБК “Дванаццаць”, бацька траіх дзяцей Пётр Шымбалёў. – Дом на дванаццаць кватэр для шматдзетных сем’яў у Бялынічах паабяцалі здаць у эксплуатацыю ўжо ў снежні 2012 года, таму шматдзетныя сем’і вельмі хутка падрыхтавалі неабходныя дакументы, каб адразу ж пачалося будаўніцтва. Аднак пасля працэс афармлення кааператыва і пачатак будаўніцтва былі адкладзеныя, як нам неафіцыйна патлумачылі, у сувязі з тым, што ўсе будаўнічыя магутнасці задзейнічаны на падрыхтоўцы да “Дажынак” у Горках. У выніку, замест таго каб засяліцца ў новы дом у снежні, угэтым месяцы толькі пачалі закладваць фундамент дома для шматдзетных сем’яў у Бялынічах”.

Па словах Пятра Шымбалёва, асноўныя выпрабаванні для шматдзетных бацькоў былі наперадзе.

“Першапачаткова быў распрацаваны праект будаўніцтва 12 кватэрнага жылога дома ПЖСК “Дванаццаць” для шматдзетных сем’яў, які прадугледжаў агульны каштарысны кошт будаўніцтва ў памеры 7 364 742 тысячы рублёў, прычым многія спецыялісты лічылі такі кошт нашмат завышаным, — кажа Пётр Шымбалёў. – Згодна праекту, зацверджаны кошт  1 метра квадратнага агульнай плошчы кватэр, яшчэ раз падкрэсліваю – ільготных, для шматдзетных сем’яў, — складаў 6 723,187 тысяч рублёў. Аднак мы былі вымушаныя пагадзіцца на гэтыя ўмовы, бо на вуліцы ж жыць не будзеш, а дзяржава абяцала сем’ям, які маюць чатырох і болей дзяцей, пабудаваць кватэры цалкам  за кошт ільготных крэдзітаў. Тым жа сем’ям, што маюць трох дзяцей, за кошт ільготнага крэдзітавання пагашалась 75% ад кошту будаўніцтва жылля”.

Якое ж было здзіўленне шматдзетных бацькоў, калі  5 студзеня 2013 года іх сабралі ў зале паседжанняў Бялыніцкага райвыканкама, каб паведаміць пра тое, што яны павінны найсці яшчэ процьму грошай, каб працягнуць будаўніцтва.

“Спачатку нам распавялі пра тое, што ў сувязі з пераносам тэрмінаў будаўніцтва ўнесены змены ў каштарысны кошт будаўніцтва, ён павялічаны на 1 865 034 тысячы рублёў і зараз складае 9 229 776 тысяч рублёў. Пасля паведамілі яшчэ адну “прыемную навіну” –згодна з пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 лістапада 2012 г. № 1023 “Аб мерах па выкананню заданняў на 2013 год па будаўніцтву жылых дамоў”  зацверджаны “паказчыкі кошту будаўніцтва 1 кв. метра агульнай плошчы жылога памяшкання тыпавых якасцяў для разліку памеру ільготных крэдытаў і аднаразавых субсідый на будаўніцтва (рэканструцыю) ці набыццё жылых памяшканняў у памерах, не перавышаючых 4,6 млн. рублёў”. Калі сказаць прасцей, як патлумачылі нам райвыканкамаўскія і банкаўскія чыноўнікі, зараз дзяржава будзе датаваць для шматдзетных сем’яў будаўніцтва 1 кв м жылля на суму, не большую за 4,6 млн. рублёў, суму, якая перавышае гэты кошт, мы павінны аплочваць самі са сваёй кішэні.

Для ўсіх нас гэта проста шок, бо зараз кошт 1 кв м жылля ў нашым ільготным доме выходзіць у памеры 7 994,806 тысяч рублёў, прычым усе тое, што перавышае 4,6 млн. рублёў за 1 кв м нам прапанавалі аплочваць за кошт уласных сродкаў.  Самае смешнае, што мне і іншым зараз патрэбна даплаціць за будаўніцтва 1 кв м большую суму, чым плацяць наогул за квадратны метр у іншым кааператыве ў Бялынічах, які дабудоўвае дом у Бялынічах без усялякай дэклараванай “падтрымкі шматдзетных сем’яў”. Канешне, мы будзем спрабаваць дабіцца нейкай справядлівасці, бо, калі не знойдзем нейкай падтрымкі, мы вымушаны будзем проста адмовіцца ад будаўніцтва жылля. Дзесьці знайсці і даплаціць такія шалёныя грошы для нас проста не рэальна. Дарэчы, для нас абсалютна незразумела, адкуль атрымаўся такі кошт 1 кв м у нашым доме, за такія грошы можна пабудаваць жыллё пад Мінскам. Няхай пабудуюць нам дом па кошту 4,6 млн. рублёў за 1 кв м, нехта ж у Саўміне гэтыя кошты рэальна разлічваў, мы будзем толькі “за”, — кажа Пётр Шымбалёў.

Па словах Пятра Шымбалёва, шматдзетныя сем’і пачалі звяртацца за дапамогай у розныя інстанцыі, аднак ніякага станоўчага выніку дамагчыся не змаглі.

“Асабіста я тэлефанаваў у КДК, адміністрацыю прэзідэнта, на “Гарачую лінію” АНТ, хадзіў на прыём да старшыні Бялыніцкага райвыканкама Аляксандра Вароніна. У адміністрацыі прэзідэнта нейкая дзяўчына наогул мяне “адфутболіла”, супрацоўнікі магілёўскага КДК параілі шукаць іншы кааператыў, што наогул для Бялыніч смешна, якія тут іншыя кааператывы, на АНТ сказалі, што іх карэспандэнт звяжацца са мной пазней. Старшыня райвыканкама паабяцаў, што напіша зварот у Магілёўскі аблвыканкам, каб далі тлумачэнні, што рабіць з будаўніцтвам жылля для мнагадзетных сем’яў далей. Іншыя члены нашага кааператыва таксама звярталісь у розныя інстанцыі, выніку ніякага, нават размаўляць не хочуць. Не разумею, навошта тады чыноўнікам казаць прыгожыя словы пра дапамогу шматдзетным сем’ям, калі нас проста фактычна заганяюць у тупік. Усе мы людзі небагатыя і не знойдзем па некалькі дзесяткаў тысяч долараў, каб заплаціць за кватэры. Крэдыт нам у банку таксама не дадуць на такія сумы, бо там трэба, каб былі вельмі высокія заробкі, а адкуль яны ў Бялынічах. Мы ж і нашы дзеці не вінаватыя ў тым, што “Дажынкі” палічылі важнейшым за жыллё для шматдзетных сем’яў і змянілі ўмовы ільготнага крэдытавання ў краіне ўжо пасля таго, як мы аб’ядналіся ў кааператыў і пачалі будаваць дом”.

Супрацоўнікі  офіса “грамадзянскай дамовы” плануюць правесці кансультацыі з кваліфікаванымі юрыстамі і вызначыцца, якім чынам можна дапамагчы шматдзетным сем’ям з Бялыніцкага раёна.

Барыс Вырвіч, zapraudu.info

10 января 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі