+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

У Крэве пасадзілі дрэва Паэзіі (фотарэпартаж)

Image 45803

Мінулай нядзеляй у старажытным  Крэве маладыя  літаратары Беларусі арганізавалі фэст –  “Літаратурныя дажынкі  – 2011”…

 

На дварэ – глыбокая восень. Той час, калі і на літаратурнай ніўцы нялішняе падвесці вынікі літаратурнага плёну. З тае прычыны ініцыятыва “Твой фэст”, сайт “KREVO.BY” пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі” і беларускага ПЭН-цэнтру наладзілі ў Крэве свята паэзіі, на якім уганароўвалі самых ураджайных літаратараў года, топ-дзесятку самых-самых і, вядома, аднаго з іх, які па выніках галасаванкі на сайце стаў Нумарам адзін у спісе найбольш знаных…

Перад тым, як у сціплай  кавярні мястэчка Крэва ударылі  струны гітар і загучалі песні  ды вершы, адбылася яшчэ адна падзея, наўпрост звязаная з яе вялікасцю Паэзіяй… Маладыя літаратары, музыкі-барды,  – прыезджыя ды тутэйшыя – уваліліся на родавую сялібу… Уладзіміра Някляева. І ім пашэнціла, бо вядомейшы паэт, трыбун і палітык якраз гасцяваў у бацькоўскім доме. Ды не проста гасцяваў, але вёў гаспадарчы рэй на падворку. Ля пуні ўжо ўзвышалася гара напіленых і наколатых дроў, заставалася адно шкласці іх пад павець… Але грамада вырашыла перад тым учыніць нешта іншае – пасадзіць на ўзмежку сялібы, на лясістым пагорку малады дубок. Ну, хіба можна не падтрымаць такую ўсцешную прапанову!? Тым больш, што на тым лясістым пагорчыку ўжо красуе груша, пасаджаная ў гонар Паэзіі. Канечне, Уладзімір Пракопавіч першым хапіўся за рыдлёўку, і вось ужо малады, вясёлы гурт шпацыруе пад гару. Калі груша сімвалізуе жаночы пачатак, то дубок – мужчынскі… Няхай так і будзе, бо ў суладдзі таго і другога нараджаецца высокае, прамяністае, светлае, тое, што завецца літаратурай. Хай жа растуць дрэвы, набіраюцца зямных сокаў і радуюць людзей, якія аднойчы супыняцца ля іх і падзівяцца прыгажосці! Праз пяць, дзесяць, сто і нават пяцьсот гадоў. Дубы на тое і волаты, што жывуць вякамі, не згінаюцца пад шалёнымі віхурамі, не падаюць ніц перад громамі-маланкамі…

А потым была вясёлая  літаратурная імпрэза, уганараванне маладых творцаў, паэтычныя дэкламаванні, песні ў выкананні вядомых і пачынаючых бардаў… Па выніках інтэрнэт-галасавання была агучана топ-дзесятка самых папулярных у гэтым годзе літаратараў. Вось іх імёны: Віктар Раманцаў, Лявон Вольскі, Сяргей Календа, Віталь Рыжкоў, Вінцэсь Мудроў, Віктар Марціновіч, Андрэй Хадановіч, Юры Станкевіч, Артур Клінаў, Васіль Гігевіч. А нумарам адзін прызнаны Віктар Раманцоў са Светлагорска. Ягоная кніжка “Зведаная Зямля” знайшла найбольшую колькасць прыхільнікаў.

Хто ён – Віктар Раманцоў? Прафесійны журналіст, публіцыст, краязнавец, аўтар соцень артыкулаў і эсэ на самыя розныя тэмы. Але праз усю творчасць маладога пісьменніка праглядваецца любасць да сваёй зямлі, яе гісторыі. Няма ніякага сумніву, што наперадзе ў маладога аўтара – хай і цярністы, але поўны творчых здзяйсненняў літаратурны шлях. Пажадайма яму, як і пасаджанаму маладому дубку на ўзмежку Някляеўскай сялібы, ніколі не згінацца пад ветрадувамі часу!..

Аўтар: Георгій ЧЫГІР, Крынiца: Народная Воля

14 ноября 2011

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі