+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

У. Някляеў: Памяцi Мiхаiла Марынiча

У цяперашнім нашым жыцці, у якім мала хто паважае не сябе самога, а некага іншага, цяжка займець павагу. І ўсё ж Міхаіл Марыніч займеў яе, яго паважалі многія. Бо было за што паважаць.

Некалі ён меў рэпутацыю аднаго з самых талковых чальцоў беларускага ўраду. “Асновай новай стратэгіі могуць стаць толькі эканамічныя рэформы!” — паўсюль заяўляў Марыніч, і хутчэй за ўсё менавіта праз гэта (бо Лукашэнка не збіраўся нічога рэфармаваць) быў пазбаўлены месца ўпраўленца і сасланы ў дыпламаты.

249249b90153853f6cb77a16a711d628

У рангу пасла Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі ён прыехаў у Хельсінкі. Мы спаткаліся. Адносіны ў нас даўно ўжо склаліся даверлівыя — і ён распавёў мне сцэнар прэзідэнцкіх выбараў 2001-га года.

Сцэнар, калі коратка, быў такі: перад выбарамі ўрад падаваў у адстаўку — і нехта з ураду (Марыніч разлічваў, што кіраўнік) вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты. Гэтакі наменклатурны пераварот.

Па тым, як Міхаіл Афанасьевіч інтэлігентна заікаўся, называючы прозвішчы некаторых сваіх “паплечнікаў”, ён быў далёка не ўпэўнены, што сцэнар ягоны можа быць рэалізаваны. Але гатовы быў рызыкаваць — і спытаў, што я пра гэта думаю? Калі падтрымліваю, дык ці магу вярнуцца ў Беларусь, каб арганізаваць падтрымку нацыянальнай інтэлігенцыі? Ён сам быў тыповым (савецкім) інтэлігентам і меркаваў, што інтэлігенцыя — вялікая сіла.

Ну вось што на такое можна было сказаць? Ведаючы тых, на каго ён разлічваў як на паплечнікаў… Я сказаў, што заўсёды сімпатызаваў яму не толькі за ягоныя прафесійныя якасці, але й за чыста чалавечыя — найперш за рамантызм.

Помню, як ён усміхнуўся сваёй летуценнай усмешкай, дапіў каву, паківаў: “Так… Я разумею, пра што ты і пра каго. Але многія з іх мае сябры. Яны хочуць таго ж, чаго і я. Каб краіна рэфармавалася, змянялася, развівалася. І я ведаю, што яны — людзі слова”.

Ведаў ён, аказалася, далёка не ўсё і не пра ўсіх.

У Беларусь я вярнуўся, але наменклатурнага перавароту не адбылося. Ніхто з ураду ў адстаўку не падаў. Марыніч сам паспрабаваў зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты, а потым Лукашэнка «зарэгістраваў» яго ў турму.

Калі яго судзілі, зневажалі, выраблялі з яго злачынцу, я ўсё чакаў, што тыя, з кім ён працаваў, сябраваў, хоць штосьці зробяць, скажуць нешта ў ягоную абарону. Ніхто з «людзей слова» ніводнага слова не сказаў. Тады я напісаў пра гэта — і адзін з іх, наш агульны знаёмы, патэлефанаваў крыўдліва: «Табе добра казаць».

Мне горка казаць…

Бывай, Міхась Апанасавіч!

Владимир Некляев

www.zapraudu.info

20 октября 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі