+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

У Слуцку адбыўся сімвалічны ўрок беларускай мовы

Слуцкія актывісты адзначылі 95-годдзе БНР своеасаблівым “урокам беларускай мовы”. Сярод арганізатараў мерапрыемства — дэпутат «Грамадзянскай дамовы» Аляксандр Солап. 

16 актывістаў напісалі сімвалічную дыктоўку, прысвечаную памяці Кастуся Каліноўскага, а таксама сустрэліся з паэтэсай Галінай Каржанеўскай. Пасля заканчэння мерапрыемства ўдзельнікі “урока” падпісалі віншавальныя паштоўкі палітвязням і ўсклалі кветкі на магілу Альгерда Абуховіча.

Ідэя беларускага нацыянальнага адраджэння не чужая для слуцкіх грамадскіх актывістаў.

1 сакавіка 2013 года група грамадзян колькасцю 31 чалавек звярнулася ў райвыканкам пісьмова з просьбай выдзеліць якое-небудзь памяшканне для напісання беларускамоўнай дыктоўкі. Належны адказ ў пісьмовай форме да гэтага часу блукае невядома дзе. Толькі пасля паходу ў райвыканкам удалося атрымаць адказ, у якім гаворыцца, што прадаставіць памяшканне заяўнікам немагчыма, паколькі ўсе памяшканні працуюць адпаведна складзеным графікам.

Пабывалі актывісты і ў гарадской бібліятэцы. Дырэктар бібліятэкі адназначна заявіла, што бібліятэка плануе мерапрыемствы ў снежні наперад на цэлы год, а ініцыятывы грамадзян у планаванні мерапрыемстваў магчымы толькі з дазволу райвыканкама.

Прыйшлося ладзіць свята як заўсёды: на прыватнай кватэры, у вузкім коле аднадумцаў, без запрашэння жыхароў горада.

Прысутнічалі 16 случчан. Сярод іх былі і  людзі, якія не з’яўляюцца сябрамі партый і арганізацый, але перажываюць за становішча роднай мовы.

Спачатку случчане напісалі дыктоўку, тэкст якой быў узяты з адозвы Кастуся Каліноўскага да мужыкоў і надруканы на сайце “Рэспубліканскага таварыства беларускай мовы”.

Пасля паэтэса Галіна Каржанеўская, якая нарадзілася на Случчыне, чытала  на роднай мове вершы і адказвала на пытанні сваіх землякоў.

Успомнілі нераўнадушныя грамадзяне і пра тых, хто сядзіць ў турмах за свае погляды. Больш за 20 віншавальных паштовак з нагоды 95-годдзя БНР і з пажаданнем мужнасці былі накіраваны на адрасы турмаў, дзе сядзяць палітвязні.

Напрыканцы мерапрыемства грамадскія актывісты пабывалі на магіле Альгерда Абуховіча, удзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага, паклалі чырвона-белыя гваздзікі побач з помнікам.

Аляксандр Солап (справа) ускладае кветкі да помніка

 

Анатоль Болазь, жыхар Слуцка, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад “урока”:

—       Я першы раз быў на такім мерапрыемстве і вельмі рады, што прыняў удзел. Мне было цікава ўсё: і дыктоўка, і сустрэча з Галінай Каржанеўскай, і іньшае. Хацелася, каб такія сустрэчы і далей адбываліся ў Слуцку. Чэсна кажучы, беларускую мову ў сваім асяроддзі я не чуў ужо, можа, гадоў 30. Прагучалі вельмі прыгожыя вершы,  мілагучная беларуская мова паэткі кранула за душу”.

Зінаіда Цімошак, zapraudu.info

25 марта 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі