+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

У Хоцімскім раёне выкарыстанне прымусовай працы з’яўляецца нормай

Вось ужо больш за два тыдні прадстаўнікі разнастайных прадпрыемстваў і арганізацый гарадскога пасёлка Хоцімск шчыруюць на калгасных палетках, убіраючы ўраджай кармавых буракоў і бульбы.

Ва ўсіх арганізацыях працаўнікоў на працу ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы накіроўваюць не пытаючыся асабістай згоды, прычым у бальшыні калгасаў цяжкая праца “дабраахвотных” памочнікаў ніяк не аплочваецца. Усяго на працы па ўборцы кармавых буракоў задзейнічаны працаўнікі каля пяцідзесяці арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў Хоцімска.

“Людзі страшна абураны, яны павінны з дапамогай сваёй фактычна рабскай працы выпраўляць хібы ў арганізацыі працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Хоцімскага райвыканкама, — распавядае грамадскі актывіст з Хоцімска, былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад кампаніі “Гавары праўду” па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Валерый Каранкевіч. – Кожны дзень супрацоўнікі амаль пяцідзесяці розных прадпрыемстваў і арганізацый Хоцімскага раёна выязджаюць у сельгаспрадпрыемствы, каб прыбіраць кармавыя буракі. Прычым ніякай згоды ў людзей ніхто не пытаецца, на ўсе пытанні ў кіраўніцтва адзін адказ “не падабаецца – звальняйцесь”. Выкарыстоўваюць і працу непоўналетніх – навучэнцаў Хоцімскага ліцэя і мясцовых школ. Прычым у бальшыні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў людзі працуюць “за дзякуй”, пра нейкую аплату за цяжкую працу нават размовы не ідзе. Працаўнікі вымушаны падпарадкоўвацца загадам кіраўніцтва пад пагрозай звальнення, бо нейкую больш-менш прыстойную працу ў Хоцімскім раёне знайсці вельмі цяжка. Аднак людзі ўжо не маўчаць, яны выказваюць свае думкі ў голас”.

Пра тое, што ў Хоцімскім раёне ў 21 стагоддзі супрацоўнікі арганізацый і прадпрыемств гарадскога пасёлка вымушаны “за дзякуй” працаваць на калгасных палетках, напісала нават мясцовая раёнка “Шлях кастрычніка”. Яна ж паведаміла, што чыннікам гэтага сталась тое, што ў Хоцімскім раёне ў ёсць толькі адзін буракаўборачны камбайн у СВК “Акцябр-Бярозкі”, ды і тэй паламаны.

“Нават “Шлях кастрычніка” закрануў тэму прымусовай працы на ўборцы буракоў, бо абурэнне ў людзей вельмі вялікае, — кажа Валерый Каранкевіч. – Звычайна газета піша толькі пра дасягненні і росквіт Хоцімскага раёна. Але тут увесь “росквіт” бачны не ўзброеным вокам – на ўвесь раён няма ніводнага спраўнага буракаўборачнага камбайна і ўраджай у калгасах можна ўбраць толькі пры дапамозе рабскай безаплатнай працы супрацоўнікаў арганізацый і прадпрыемстваў гарадскога пасёлка. І гэта 21 стагоддзе”…

Багдан Іваноў, zapraudu.info

15 октября 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам