+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляеў: Васілю Быкаву 90

Мог яшчэ жыць. Быць з намі.

Летам 2003 года, калі яго не стала, я прачытаў ці не ўсю ягоную прозу, як нанава яе чытаючы, а не перачытваючы. Быкаў вялікі пісьменнік не таму, што адкрыў акопную праўду вайны, ці па нейкай іншай літаратуразнаўчай прычыне, а таму якраз, што яго можна перачытваць, нібы чытаючы нанава. Такіх пісьменнікаў няшмат, зусім мала. Адзінкі.

Няшмат і такіх людзей, асобаў, як Быкаў.

У Сарнобыльскай зореЯ не быў з ім у блізкім сяброўстве. Гэтага не магло стацца ні праз розніцу ў гадах, хоць з часам яна сцягвалася, меншылася, ні праз рознасць характараў. Нават не столькі характараў, колькі светаадчуванняў. У аснове майго — змешанасць колераў, у Быкава— кантрасты. Белае — чорнае, сябар — вораг, герой — баязлівец, праўда — мана. Паміж гэтымі палярнасцямі, як між полюсамі магніту, і наструніліся лініі ягонага лёсу. Быць побач з Быкавым у такім сілавым полі было няпроста.

Анёла з яго не намалюеш. Ні на які юбілей. Пры ўсім старанні…

Змагары анёламі не бываюць. Зразумела, ён не нарадзіўся змагаром, але ягонае дарослае, мужчынскае жыццё як пачалося на вайне, так нібыта на вайне і скончылася, даўшы яму нейкае паслабенне толькі ў самыя апошнія гады. Звыклы да змагання, ён інакшага жыцця і не ўяўляў — і ў інакшым жыцці сябе самога нібы не знаходзіў. Тое, што большасці было ўпоперак, яму было ўздоўж… І наадварот.

Такі чалавек… Без якога не абыйсціся. У літаратуры, у гісторыі Беларусі, у лёсах людзей, якім выпала жыць з ім у адным часе.

Многія не ведалі, як у тым часе жыць… І дапытваліся ў Быкава, як?.. Прагнучы займець у ім адразу і гуру, каб навучыў, і суддзю, каб рассудзіў, і прарока, які б наперад сказаў, і правадыра, які б павёў наперад. Якраз гэта пад канец жыцця Быкава найбольш стаміла. Ён сам сабе быў за дарадцу — і не жыў так, як не мог і не ўмеў, а так жыў, як умеў і мог. Намагаючыся супадаць с сумленнем.

Праз гэта і несупадзенні Быкава з многімі… І нават з тымі, хто шукаў у яго падтрымкі, чакаў ад яго праўды, ісціны, а сам выкручваўся, каб жыць, як не ўмеў, і намагаўся жыць, як не мог.

У літаратуры Быкаў быў, як доктар, які не хавае ад хворага праўду,  а кажа ўсё, як яно ёсць.

І ў жыцці ёсць дактары, якія кажуць хвораму ўсё, як яно ёсць. У тым ліку тое, колькі прыблізна засталося. Можа, для таго, каб збіраліся людзі ў вечнасць, дараблялі галоўнае і не гублялі час на драбязу.

Калі сёння азірнуцца на апошнія гады жыцця Васіля Быкава, дык падобна на тое, што ён збіраўся. Хутка зразумеўшы, калі цяжка захварэў, што з ім… Пад самы канец напісаў кнігу ўспамінаў пра зямное сваё жыццё — і адышоў у вечнае.

Не кожнаму ўдавалася так завяршыць свой шлях.

На развітанне з ім я напісаў:

“Дзіўную даў нам Бог краіну. Усё ў ёй нібыта ёсць — у водах рыбы, у лясах звяры і птушкі, у гарадах і вёсках жыхары, якія самі сябе беларусамі называюць, а ладу беларускага, з якога само па сабе было б зразумела, нашто ўсё тут і дзеля чаго, няма і няма. І спрадвеку ў тым нехта вінаваты — то рускія, то палякі, то жыды… Толькі не мы самі, о, не! Дзесяць мільёнаў не вінаватых у тым, што жывуць у айчыне без Айчыны, на таямнічай зямлі з цьмянай, нібыта чужой, гісторыяй і замглёнай, нібыта не сваёй, будучыняй.

 Але былі і ёсць людзі, якія жылі і паміралі, адчуваючы сябе ў тым вінаватымі. За сябе і за ўсіх. Бо жылі, каб жыла Айчына, былі, каб была будучыня. Якая, як вядома, пачынаецца з мінулага — але не з цьмянага і з не замглёнага. І не з чужога, а са свайго.

 Менавіта па такіх людзях, па іх абрысах паціху-паціху распазнае сама ў сабе Беларусь. І, распазнаная ў сабе, распазнаецца ў свеце. Яна дадаецца імі да свету — і свет, не такі ўжо вялікі і ні на што, апроч людзей, не багаты, дадаецца імі: такімі людзьмі.

 Да таго, што зрабіў для Беларусі, для гонару яе і славы Васіль Быкаў, нельга нічога дадаць, апроч бессмяроцця”.

19 июня 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам