+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляеў: Амаль дзесяць год спатрэбілася ўладзе, каб зрабіць крок да Быкава

27 ліпеня 2012 года Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь была прынята Пастанова аб арганізацыі мемарыяльнага комплексу Васіля Быкава на базе яго лецішча ў паселку Ждановічы.

Пакуль што тэкст гэтага дакумента не апублікаваны, але я звязаўся з дырэктарам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры спадарыняй Лідзіяй Макарэвіч, якая падцвердзіла гэтую інфармацыю:

— Так, сапраўды, сёння такая пастанова была прынята. Гэта з’явілася вынікам шматгадовай працы не толькі калектыву супрацоўнікаў нашага музея, але, насамрэч, і ўсіх тых мільёнаў прыхільнікаў творчасці нашага вялікага пісьменніка, як у самой Беларусі, так і за яе межамі.

Таксама значную дапамогу ў справе ўшанавання памяці Васіля Уладзіміравіча аказала і Міністэрства культуры Беларусі на чале з міністрам Паўлам Латушкай, які неаднаразова наведваў удаву Быкава Ірыну Міхайлаўну, трымаў ход гэтай справы пад сваім пільным кантролем.

Пракаментаваў рашэнне ўладаў і лідар кампаніі «Гавары праўду», паэт Уладзімір Някляеў:

— Амаль дзесяць гадоў спатрэбілася ўладзе, каб зрабіць хоць нейкі крок да ўшанавання імені Васіля Быкава — аднаго з найвялікшых сыноў беларускага народа. Але наўрад ці крок гэты быў бы зроблены, калі б удава пісьменніка і ягоны сын не прапанавалі ва ўласнасць дзяржавы быкаўскае лецішча ў Ждановічах.

У чэрвені будучага года — 90-годдзе найвядомага ў свеце беларускага пісьменніка, якое і на афіцыйным узроўні неяк трэба адзначыць: не зробіш жа выгляд, нібы такога пісьменніка не было. Дык вось музей Быкава ў лесе — варыянт, які, мяркую, здаўся Лукашэнку найбольш прымальным.

Але дзякуй Богу, што хоць так. І хоць наўрад ці пастанова ўрада, па якой лецішча Быкава прынятае дзяржавай ва ўласнасць, наўмысна падпісаная 27 ліпеня, тым не менш сталася гэта менавіта ў дзень Незалежнасці, з якім я віншую ўсіх, хто за Быкава, а значыць, за Беларусь, у якой Васіль Быкаў непазбежна зойме належнае яму месца.

Нагадаем, што кампанія «Гавары праўду» неаднаразова звярталася да ўладаў з прапановамі ўшанаваць памяць Васіля Быкава: перайменаваць вуліцу Ульянаўскаю ў вуліцу імя Быкава, надаць новай станцыі мінскага метрапалітэна імя вялікага пісьменніка. Пад гэтымі ініцыятывамі ставілі свае подпісы дзесяткі тысяч беларусаў, але, нажаль, чынавенства папросту незважала на іх.

Юрый Ганчар, zapraudu.info

27 июля 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі