+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляеў: Час Волі

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і журналіст Аляксандр Тамковіч запрашаюць на прэзентацыю кнігі «Жыццё пасля кратаў», якая пройдзе на офісе партыі БНФ (Чарнышэўскага, 3-39) 26 ЛЮТАГА Ў 18.00.

Кніга «Жыццё пасля кратаў» складаецца з 27 артыкулаў.

Гэта расказ пра тое, што адбылося ў жыцці (праз два гады) тых удзельнікаў падзей 19 снежня 2010 года, якія былі арыштаванымі «за ўдзел у масавых беспарадках».

Чым яны жывуць? Што ў іх новага? Як працягваецца змаганне? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ёсць у кнізе «Жыццё пасля кратаў».

Кніга багата праілюстравана фотамі з сямейных альбомаў.

Няма сумневаў, што  лёс былых палітвязняў Вас шчыра цікавіць, таму будзем рады бачыць на прэзентацыі кнігі.

А мы на нашым сайце пачынаем публикацыю артыкулаў пра «дзекабрыстаў» з «Гавары праўду».

Напамін: Уладзімір Някляеў нарадзіўся 9-га ліпеня 1946-га года ў Крэва, што недалёка ад Смаргоні. У 1966-ым годзе скончыў Мінскі тэхнікум сувязі, у 1973-ым – філалагічны факультэт Мінскага педінстытута.

З 1972-га года – літкансультант у рэдакцыі газеты «Знамя юности», з 1975-га – рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск». У 1978-ым годзе ўступіў у Саюз пісьменнікаў СССР, працаваў на Беларускім тэлебачанні. З 1987-га па 1998-ы гады быў галоўным рэдактарам часопіса «Крыніца». Кіраваў таксама рэдакцыяй штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». У 1998—2001-ым гг. – старшыня праўлення Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 1999-ым годзе з’ехаў з Беларусі ў Польшчу па палітычных матывах, у 2003-ім вярнуўся на Радзіму. З 2005-га па 2009-ы год – старшыня праўлення Беларускага ПЭН-цэнтру.

У 2010-ым годзе ініцыяваў стварэнне грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Кандыдат у прэзідэнты падчас выбараў 2010-га года. 19-га снежня быў збіты да непрытомнага стану ў цэнтры Мінска па дарозе на Кастрычніцкую плошчу. З чэрапна-мазгавой траўмай патрапіў у шпіталь хуткай дапамогі, адкуль праз некалькі гадзін быў выкрадзены супрацоўнікамі спецслужб, апынуўся ў СІЗА КДБ. Першапачаткова абвінавачаны па чч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках). 29-га студзеня 2011-га года пераведзены пад хатні арышт. 30-га сакавіка абвінавачванне перафармулявана на ч.1 арт.342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх).

20-га траўня 2011-га года суд Фрунзенскага раёна Мінска пакараў У.Някляева двума гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю выканання прысуду на два гады.

Калі адзін з самых выбітных беларускіх паэтаў Уладзімір Някляеў «пайшоў у палітыку», некаторыя ўспрынялі гэта як нешта анамальнае, бо яе лічаць не самай крыштальна чыстай справай. На мой жа погляд, менавіта адін з матываў такога выбару — зрабіць палітыку больш чыстай. На гэта могуць пайсці толькі людзі з чыстымі думкамі і душой.

— Пра што Вы думалі, марылі, калі там можна марыць — у турме?

— Адзін з маіх сакамернікаў, вясёлы такі жулік, казаў мне, што мы з ім, як браты. Чаму? Бо ён таксама з рэжымам змагаецца (грошы ў яго крадзе) і таксама вершы піша. І чытаў: “Як кладуся я на нары, наплываюць думы-мары”.
У турме толькі тое і можна, што думаць ды марыць. Адмыслова прыстасаванае для гэтага месца. З усім астатнім там складаней.

І дума, і мара ў майго сакамерніка была адна: “Калі выйду, я іх усіх!..” Ну, тых, праз каго, як ён лічыў, яго пасадзілі.

Я прыблізна пра тое ж марыў. Але думаў і пра іншае:

І воля ў часе мусіць выспець —
І мы для волі ў час саспець.

Гэта з паэмы “Турма”, якую напісаў на нарах.

Там было пераканне: выйду з-за кратаў — усё будзе інакш. Бо так, як было, быць не можа. Я маю на ўвазе тое, што было ў апазіцыі. Тое, як і з чым мы падышлі да Плошчы. З грызнёй паміж сабой, з падманамі, хітрыкамі, з такім недаверам адзін да аднаго, з якім зрабіць нешта сумеснае проста немагчыма. Вось і не зрабілі нічога…
У ноч на 19-е снежня толькі з адным з кандыдатаў у прэзідэнты, якому найбольш давяраў, я паразмаўляў пра сумесныя дзеянні на Плошчы, але нават з ім – толькі ў агульных рысах. Дэталёвы план вырашыў выкласці па дарозе да Плошчы, але не паспеў: адбылося тое, што адбылося. Спецназ. Шпіталь. Турма.
Было пра што ў турме падумаць…

— Неяк Вы сказалі, што хатні арышт даўся Вам не менш за турму. Чаму?

— Выключна па псіхалагічных прычынах, бо фізічна пад хатнім арыштам, вядома, лягчэй. Але калі ў турме ты глядзіш на закратаванае акно, на жалезныя дзверы камеры і разумееш, што за іх табе – ніяк, дык дома не можаш звыкнуцца, што твае вокны і дзверы не для цябе, а для нязваных гасцей, якія, узброіўшыся, жывуць тут гаспадарамі. Ты – у прыбіральню, а там нехта сядзіць, ты – на кухню, а там нехта есць, ты – у спальню, а нехта ў прыадчыненыя дзверы, якія зачыняць табе забаронена, глядзіць, як ты спаць з жонкай кладзешся… Чужыя людзі ў тваім доме зняволілі не толькі цябе, а і ўсіх тваіх родных, твой дом ператварылі ў вязніцу. І гэта вельмі цяжка трываць.

— Што Вы ўбачылі (з боку палітыкі), калі пасля турмы і хатняга арышту выйшлі на волю?

— Найперш тое, што не выйшаў я на волю. Што мая турма толькі папрасторнела. Не давалі выйсці з дому — цяпер не даюць выехаць з горада. Ні кроку за мінскую кальцавую дарогу. У 20.00 — быць у хаце. Правяраць прыходзяць, калі захочуць. Могуць і сярод ночы. І кожны панядзелак яшчэ і самому адзначацца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. І гэтак два гады, пасля якіх — суд. А на судзе могуць вярнуць у турму. За што? За тое, што не стаў на шлях выпраўлення…

Але найгоршае не гэта. Калі здзекваліся, дапытвалі, расстрэлам палохалі, дык здавалася, што мы нечага дасягнулі. Інакш чаго яны так звярэюць? Чаму гэтак нервуюцца? Нешта змянілася на волі… А выйшаў і ўбачыў: не змянілася нічога! Амаль 10 мільёнаў людзей як былі, гэтак і засталіся ў турме.

Рэжым стаў яшчэ больш жорсткім. Ён не змяніўся, бо змяніцца не мог, але самае прыкрае: не змянілася апазіцыя. Я чакаў, што пасля такой расправы, пасля такой навукі стасункі ўнутры апазіцыі кардынальна зменяцца. Дарэмнымі былі чаканні. Тыя ж сваркі, той жа недавер усіх да усіх. Яміна недаверу нават паглыбілася, бо частка апазіцыйных актывістаў з’ехала за мяжу і не прыдумала там нічога лепшага за высвятленне адносін з тымі, хто застаўся. Сёння ў апазіцыі пальцы веерам, і калі не хопіць адказнасці, волі і розуму, каб сціснуцца ў кулак, дык на нейкі сур’ёзны ўдзел у далейшых палітычных працэсах, у вызначальных для будучыні краіны падзеях не варта разлічваць.

— Ці не ўзнікла пасля турмы адчуванне дарэмных пакутаў?

— Не. Пачуццё віны праз тое, што дапусціў сур’ёзныя памылкі і не здолеў здзейсніць задуманае, — так, але адчуванне дарэмных пакутаў — не.

Між іншым, я толькі ў турме пра гэта ўпершыню падумаў: дарма ўсё – не дарма? Шкадаваць – не шкадаваць? Да турмы пра нейкія шкадаванні думаць часу не ставала. А тут падумаў – і не пашкадаваў.

— Што першае зрабілі на волі?

— Кінуўся да сяброў. Я сяброўства цаню нават вышэй за каханне, якое часцяком сляпое, глухое. Сяброўства ж відушчае, чуйнае. І яшчэ каханне – наканаванасць, а сяброўства – выбар. А што такое выбар? Свабода. Пра гэта і гаварылі мы з даўнім маім сябрам Рыгорам Бурадуліным, да каго я кінуўся найперш, бо не бачыўся з ім найдаўжэй.

Некалькіх сяброў я не далічыўся – і не збіраюся іх вяртаць. З майго жыццёвага досведу вынікае, што каханне праз здраду яшчэ здольнае выжыць, а сяброўства – не. Дый каханне – рэдка… Большасць, дамаўляючыся ўсё пачаць наноў, проста дамаўляецца насіць кветкі на магілу.

— Як склалася жыццё пасля кратаў? У сям’і, у літаратуры, у палітыцы? Не ўзнікала жаданне грымнуць дзвярыма – вярнуцца з палітыкі ў паэзію?

— Кнігу, напісаную ў турме, я прысвяціў Вользе, жонцы.

Ах, Воля, Воля! Вольга, Вольга!
Як мала я цябе люляў,
Як я кахаў цябе нядоўга —
Адно жыццё ўсяго кахаў!

У назве кнігі – “Лісты да Волі” – таксама яе імя. Гэта што да жыцця ў сям’і…
Я не пакідаў паэзію. Ва ўсякім выпадку, я так думаю. Не ведаю, як думае сама гэтая вельмі раўнівая дама. Відавочных знакаў, якія б сведчылі пра тое, што ўсё паміж намі скончана, яна пакуль не падавала.

Што да таго, каб грымнуць дзвярыма… Мяркую, такое жаданне прысутнічае ў кожнага, хто б кім ні быў і чым бы ні займаўся. Я не выключэнне. Але кожны з нас – закладнік сваіх папярэдніх рашэнняў, дзеянняў. І ў гэтым я не выключэнне таксама.

— Ацэнкі таго, што адбылося 19-га снежня 2010-га года, розныя. Нехта сцвярджае, што Плошча-2010 прадумовіла канчатковы крах рэжыму, наблізіла Беларусь да пераменаў. Нехта даводзіць, што наадварот: рэжым узмацніўся, магчымасць переменаў стала яшчэ больш праблемнай. Якое Ваша меркаванне як удзельніка Плошчы?

— Да Плошчы, на якую я ставіў, як на кон (таму і кнігу, выдадзеную перад Плошчай, назваў “Кон”), я не дайшоў. Як у фізічным, так і ў метафізічным сэнсе. Але як верыў я, гэтак і веру ў Плошчу. Мне на допытах у КДБ, маючы на ўвазе афрыканскія рэвалюцыі, казалі: “Вы думалі, што ў нас тут Афрыка! Дык вось не! Тут у нас сярэдняя паласа”. У сярэднім гэтак яно і выйшла. Не рэвалюцыя. Паласа. Але мы прайшлі тую паласу, як мяжу трывання – і за ёй сталі іншымі.

Гэта блізка да таго, чаго я хацеў і хачу. Каб мы сталі іншымі. З нікога сталі беларусамі. І так будзе, бо інакш, калі мы народ, не можа быць.

Урывак з кнігі Аляксандра Тамковіча «Жыццё пасля кратаў»

25 февраля 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета