+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляеў: Гэта дзяржаўнае злачынства

 

Дзяржаўным злачынствам лічыць Уладзімір Някляеў зліццё гістарычнага факультэта з факультэтам турызму Гродзенскгаа дзяржаўнага ўніверсітэта.

Улады рукамі кіраўніцтва Гродзенскага дзяржуніверсітэта распраўляюцца з непажаданым гістфакам, дзе кіраўнік мясцовай вертыкалі Сямён Шапіра налічыў «шаснаццаць чалавек, якія заклікаюць скінуць уладу».

Чуткі аб ліквідацыі гістфаку ходзяць ужо два месяцы, пасля фактычнага звальнення доктара гістарычных навук Вячаслава Шведа. Спачатку яго звольнілі з пасады загадчыка кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, а 1 красавіка Савет універсітэта не абраў яго на пасаду прафесара па конкурсе. У адкрытым лісце да былых калег Вячаслаў Швед назваў звальненне «палітычным рашэннем — помстай за выдадзеную кнігу «Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада».

Рэпрэсіі ў дачыненні да выкладчыкаў гістфака ідуць ужо даўно. Восенню 2012 года з універсітэта быў звольнены адзін з аўтараў кнігі «Гродназнаўства» Андрэй Чарнякевіч.

Што стаіць за гэтай расправай? Аналізуе Уладзімір Някляеў.

— Уладзімір Пракопавіч, рашэнне аб’яднаць гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта з факультэтам турызму падаецца гродзенскімі ўладамі і кіраўніцтвам універсітэта як ледзь не прагрэсіўнае з’ява. Дэкан гістфака Эдмунд Ярмусік заяўляе: «У свой час саюзныя рэспублікі аб’ядналі .. Еўропа стварыла Еўрасаюз. Гэта нармальны працэс».

— Маштабнымі катэгорыямі мысліць Эдмунд Ярмусік… Адразу адчуваецца школа гісторыка Лукашэнкі.

Гэты «нармальны працэс» азначае па сутнасці закрыццё гістфака. Калі не, то чаму гістфак становіцца кафедрай на факультэце турызму, а не наадварот?..

Закрыццё гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта цалкам адпавядае «нармальнаму працэсу» знішчэння ў Беларусі ўсяго сапраўды беларускага, чым і займаецца ўжо амаль 20 гадоў сённяшні антынацыянальны рэжым. Гэта дзяржаўнае злачынства, за якое калі-небудзь адкажуць усе, хто мае да яго стаўленне. І «гісторыкі», і «турысты».

— Перад кім яны будуць адказваць, калі знішчыцца Беларусь?

— Не знішчыцца. Яна знішчылася б, калі б у тым жа Гродзенскім універсітэце не было такіх людзей як Андрэй Чарнякевіч, Ігар Кузьмініч… Калі б не было яшчэ шаснаццаці выкладчыкаў, пра якія гродзенскі губернатар Сямён Шапіра кажа як пра «апазіцыянераў», а выкладчык кафедры тэорыі дзяржавы і права Ігар Кузьмініч у адкрытым лісце да губернатара піша пра іх як пра людзей, якія адстойваюць «права свабодна ад свайго імя выказваць свае перакананні «. Вось у гэтым гродзенскі губернатар і ўбачыў нейкую апазіцыйнасць — дай Бог яму такую ж.

Спадар Шапіра наогул здзіўляе: пры «нармальным працэсе» інкарпарацыі беларускай эканомікі ў расійскую яму б змагацца за тое, каб рускія не забралі аб’яднанне «Азот» і гродзенцы лапу не смакталі, а ён змагаецца за тое, каб беларуская гісторыя стала расійскім турызмам. З генералісімусам Суворавым і генералам Мураўёвым як вядучымі экскурсаводамі.

— Гродзенскі губернатар, спасылаючыся на зводкі КДБ, сцвярджае, што «ва ўніверсітэце шаснаццаць чалавек, якія заклікаюць скінуць уладу».

— Наколькі мне вядома, на допытах у КДБ спадару Шапіру пакуль (чаго і далей яму жадаю) бываць не давялося, а я там пабываў. І з вопыту магу сказаць: гэта не тое ведамства, якое адстойвае дзяржаўныя, нацыянальныя інтарэсы. Ва ўсялякім выпадку, сёння. У яго іншыя функцыі і задачы, звязаныя выключна з інтарэсамі асобы, якой гэтае ведамства падпарадкоўваецца. Так што на ўсе яго зводкі спадар Шапіра, калі ён хоць неяк (часам так здаецца) выступае за Беларусь, можа напляваць.

Дарэчы, прачытаўшы кнігу «Гродназнаўства» А. Чарнякевіча і дзіцячыя казкі І. Кузьмініча, я не знайшоў у іх ніякіх заклікаў да звяржэньня ўлады, а знайшоў толькі любоў да Беларусі і гонар за яе вялікую гісторыю. І яшчэ я ўбачыў у гістарычных нарысах Чарнякевіча і казках Кузьмініч нацыянальную і проста чалавечую самапавагу. Годнасць і выявілася ў іх дзеяннях.

— Гэта ў іх дзеяннях… А што можа праявіцца ў далейшых дзеяннях улады?

— Што можна чакаць ад «нармальнага працэсу», накіраванага на ліквідацыю не толькі нацыянальнай адукацыі — нацыянальнай свядомасці? Ёсць гістарычныя аналогіі. У 1937 годзе дзеяння ўлады былі накіраваны на тое ж — і ў двары КДБ, рэкамендацыямі якога кіруецца ў сваёй дзейнасці гродзенскі губернатар Сямён Шапіра, палілі беларускія кнігі…

«Беларускі партызан»

11 июня 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам