+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляеў: і Кармілкіна, і Герменчука мы шануем, як самога Быкава

2 лістапада 1988 года на Усходніх могілках адбылося першае за Саветамі публічнае святкаванне Дзядоў. Тады мінчукоў, якія прыйшлі ўшанаваць продкаў, ускласці кветкі і запаліць памінальныя знічкі, жорстка разагнала міліцыя – дубінкамі і газам. Гэта стала пачаткам змагання за новую, незалежную Беларусь.

Сёння ёй 20 гадоў. Незалежная і – несвабодная… Змагаючыся за свабоду Бацькаўшчыны, шмат хто ўжо апынуўся ў нябеснай Беларусі.

Згадаць герояў найноўшай гісторыі, расказаць пра іх маладым спадкаемцам і вырашылі актывісты кампаніі «Гавары праўду».

…Калі мы разам з моладдзю пад’ехалі да Центральнага ўвахода, на могілках было ціха і малалюдна. Першай кропкай у гэтай сваеасаблівай вандроўцы, куды накіравалася група актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» на чале з Уладзімірам Някляевым, была магіла вядомага журналіста і выдаўца Ігара Герменчука – ён сканаў зусім маладым, 42-гадовым, у 2002-м.

Уладзімір Някляеў, звяртаючыся да сваіх маладых сяброў, адзначыў:

– Такого адданага і апантанага сваей працай, як Ігар, я ніколі не сустракаў у сваім жыцці. Здавалася часам, што ён целымі суткамі не выходзіць з рэдакцыі, не есць, не п’е. Але дзякуючы такім намаганням, наклад «Свабоды», да таго ж цалкам беларускамоўнай, дасягнуў 100 000 асобнікаў. Гэта злавала ўладу. Яна пастаянна перашкаджала. Нажаль, здароўе Ігара не вытрымала…

– Нават быў замах на яго жыцце, калі па ім стралялі «невядомыя», – дадаў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімр Арлоў, які таксама прымаў удзел у акцыі. У руках ен трымаў кніжку-даведнік «Імёны свабоды». – Але хто страляў, следства не высветліла дагэтуль.

Амаль побач з Герменчуком пахаваны яшчэ адзін вядомы грамадскі дзеяч і палітык – Генадзь Карпенка.

Уладзімр Някляеў:

– Гэта быў «чалавечышча» ў лепшым сэнсе гэтага слова: вяселы, жыццерадасны, поўны энергіі, шчыры. Ен умеў размаўляць з народам, умеў кіраваць. Быў па сапраўднаму адукаваны. Каб не гэтая смерць, якая вызывае шмат пытанняў, ва ўзросце 50 гадоў, ен бясспрэчна мог бы прэтэндаваць на першыя ролі ў беларускай палітыцы, мог стаць першым прэзідэнтам Беларусі.

Калі наша група праходзіла ўздоўж акуратна прыбраных магілаў, Уладзімір Пракопавіч на хвіліну затрымаўся:

– Вось, паглядзіце. Тут пахаваны Дзмітрый Булахаў, адзін з тых, хто ў свае часы распрацоўваў «проект Лукашенко». Дык хоць магіла ёсць, а ў яго паплечніка Віктара Ганчара – няма. Некуды нават прыйсці, кветкі ўскласці. Прапаў чалавек – нібыта і не было. І гэта, трэба падкрэсліць, не пад час вайны ці якой-небудзь катастрофы. У мірны час. Насамрэч жудасна, калі вось так задумацца.

Магіла Уладзіміра Кармілкіна, на помніку якому выбіта залатымі літарамі: «Летапісцу вольнай Беларусі», вельмі сціплая.

– Уладзімір і ў жыцці быў такім жа – сціплым, добрым, ветлівым, – адзначыў Някляеў. – Ён, як «народны фатакор», рабіў тысячы здымкаў амаль усіх беларускіх палітыкаў, пісьменнікаў, удзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзіла апазіцыя. Яго вельмі любіў і шанаваў Васіль Быкаў, якому Уладзімр аднойчы прывез дахаты мех бульбы, каб хоць вось такім своеасаблівым чынам падтрымаць зацкаванага нашага генія. Васіль Уладзіміравіч прыняў падарунак ад Кармілкіна, а гэта сведчыць, што паважаў яго і давяраў. Бо далёка не кожнага пускаў у свае жыцце.

Канешне, мы ніяк не маглі не ўскласці кветкі памяці для Святланы Навумавай – аднага з арганізатараў і натхняльнікаў кампаніі «Гавары праўду».

– Я да гэтай пары не магу паверыць, што Святланы Андрэеўны больш няма з намі. І чаму Гасподзь забірае да сябе такіх светлых людзей так рана, у самым росквіце сіл? Хаця не, гэта не Боская воля — тут віна тых, хто яе, цяжка хворую, цягаў на допыты ў КДБ, прыходзіў з пагрозамі ў шпіталь, хто рабіў ператрусы на яе кватэры, хто абражаў яе і здекваўся. Адно застаецца сказаць ім: «Ганьба!», – кажа Някляеў.

Таксама мы наведалі магілу Міхася Ткачова, аднаго з заснавальнікаў Народнага Фронта, вядомага гісторыка.

Уладзімір Арлоў:

– Трэба адзначыць, што дзякуючы намаганням спадара Міхася пачалося выданне «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Гісторыі сапраўднай, усебаковай. Першыя тамы яе выходзілі з «Пагоняй» на вокладцы. Потым, канешне, яе адтуль убралі. Але будзем мець надзею, што яна вернецца, вернецца абявязкова.

Каля месца пахавання Васіля Быкава Уладзімір Някляеў сустрэўся з яго ўдавой, Ірынай Міхайлаўнай, якая прыбірала магілу мужа.

– Распавядаць пра Васіля Уладзіміравіча можна гадзінамі, і ўсё роўна не вычарпаць гэтую тэму. Я добра памятаю нашу апошнюю з ім сустрэчу, у шпіталі, на дзень нараджэння. Жыць класіку нашай літаратуры засталося мала, вось і не ведаў, што ў такой сітуацыі падараваць. Прынес бутэльку каньяку. Васіль Уладзіміравіч выпіць не змог ужо. Але я запрасіў лекара… Потым пачалі з Быкавым згадваць Фінляндыю. Яму вельмі там спадабалася, ён там па сапраўднаму адпачываў, мог заняцца выключна літаратурнай творчасцю. Бо тут, у Беларусі, спакою не давалі. Я тады сказаў, што добра б было яшчэ раз пасядзець каля фінскіх камянёў, а ён сумна заўважыў: «Не, мне ўжо не давядзецца. Вось калі б іх прыкацілі нейкім чынам сюды…» А праз тры дні памёр. Але апошняя воля здейснілася. Няхай зямля яму будзе пухам!

Фінальнай кропкай вандроўкі стала магіла Уладзіміра Караткевіча. Уладзімір Арлоў згадаў:

– Памятаю, як праз год пасля яго смерці быў у нас нейкі літаратурны семінар пад Воршай. Вядома ж выступалі і мясцовыя ідэолагі. Адзін з іх, ужо ў кулуарах, між іншым заўважыў, што ўсеж Уладзімір Сямёнавіч кепска «колебался с генеральной линией партии», дазваляў вольнасці ў сваіх творах, адлюстроўваў беларускую гісторыю не зусім так, як напісана ў школьным падручніку Абэцэдарскага. На што мы, маладыя літаратары, заўважылі: мясцовым кіраўнікам усё ж няблага перайменаваць яго родную вуліцу, якая тады называлася вуліцай Савецкіх касманаўтаў, у яго гонар. Чыноўнік узвіўся: «Не, такого ніколі не будзе!» Але на наступны год здарылася тое самае, пра што мы казалі: у Воршы з’явілася вуліца Караткевіча.

Напрыканцы Уладзімір Някляеў сказаў, звяртаючыся да маладых актывістаў «Гавары праўду»:

– Нажаль, за штодзённай мітуснёй мы забываемся пра тых, хто паклаў свае жыццё на алтар Беларусі. Сярод іх ёсць і знакавыя постаці, і шарагоўцы. Але кожны з іх сумленна рабіў сваю справу, кожны клаў свой каменьчык у падмурак Адраджэння. І мы абавязаны шанаваць іх памяць, распавядаць аб іх людзям. Улады прыходзяць і сыходзяць. Тым больш такія, якія практычна адмовіліся ад сваёй гісторыі, выракліся сваіх каранёў. Памяць аб іх сатрэцца праз пару год. А Беларусь застанецца, і застануцца тыя змагары за яе, на могілках каторых мы сёння пабывалі. І верце – праўда пераможа, яна не можа не перамагчы!

Юрый Ганчар, фота «Радыё Свабода»

Таймлайн: 3:18- 5:51

2 ноября 2011

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі