+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляеў: Клiнiка мазгоў, цi нешта беспрасветнае

Зянон Пазьняк напісаў на сваім сайце:

361866749_640

“Некаторыя людзі, што глядзяць рускую гёбэльсаўшчыну па тэлебачаньні, відаць, ужо сапраўды павар’яцелі нават у Беларусі. Пачалася клініка мазгоў незалежна ад адукацыі і інтэлекта. Нядаўна на калялубянскім сайце прачытаў наступнае:

«Владимир Некляев написал: «основанием для введения военного положения является не только нападение на Республику Беларусь (как было в прежней редакции Закона), но и акт агрессии против любого государства-участника Организации Договора о коллективной безопасности (России, Армении, Казахстана, Таджикистана, Кыргызстана). Из этого следует, что если Украина объявит военное положение и будет вести боевые действия против России, это будет считаться нападением Украины не только на Россию, но и на Беларусь».

Нікчэмнасьць рускага навукова-мастацкага люмпена, якую мы назіраем у пуцінскай Расеі, нікога не зьдзіўляе. Яны такія. Але каб беларускі творчы інтэлігент гэтак дзіка дазволіў сабе выказвацца пра Украіну, якая бароніць сваю свабоду і незалежнасьць  — гэта ўжо нешта. Нешта беспрасьветнае».

4 лютага 2015 г.Зянон Пазьняк

Па каментар да гэтай інвектывы Пазьняка “Беларускі партызан” звярнуўся да Уладзіміра Някляева, аўтара публікацыі “Вайна пад стрэхамі”, на якую спасылаецца Зянон Пазьняк.

Нават не ведаю, што на такое сказаць…

Вось уявіце сабе якога-небудзь маёра, які хоча стаць падпалкоўнікам, і які служыць у СБУ. У якога, да ўсяго, “клініка мазгоў”, чаго сёння і ў СБУ, і ў ФСБ, і КДБ — скрозь хапае. Ні ў чым не вінаватых хапаюць людзей па ўсёй Расіі, па ўсёй Беларусі, па ўсёй Украіне. І беларускі палітык у эміграцыі (з Амерыкі!) дае маёру “наводку”: сайт “Беларускі партызан” толькі падрабляецца пад незалежны, дэмакратычны, а насамрэч ён лубянскі, гэбісцкі. “А хто ж тады галоўны рэдактар сайта? Чаго ён апошнім часам круціцца ды круціцца ў Кіеве?..” — глыбінным пытаннем задаецца маёр. — А ну падаць яго мне ў маскальскім выглядзе…”

Такое немагчыма?.. Ды такое цяпер паўсюль! І ні да каго ніякай літасці — хоць ты Шэрамет, хоць Магамет. Бо злосць. Бо нянавісць. Бо вайна.

Гэта што да “Беларускага партызана”. Што ж да мяне, дык і ў Расіі, і ў Беларусі мяне папракаюць за рэзкія выказванні пра расійскую ўладу, вінавацяць (найперш за пазіцыю па вайне Расіі з Украінай) ледзьве не ў русафобіі (што не ёсць праўда, як Пуцін не ёсць Расія), і толькі Зянон Пазьняк у Амерыцы сцвярджае, нібы я дзіка дазваляю сабе выказвацца пра Украіну, якая бароніць сваю свабоду і незалежнасьць.

Ну, што “дзіка” — няхай. Але скуль ён узяў тое, пра што ў публікацыі “Вайна пад стрэхамі” не сказана ні наўпрост, ні метафарычна? Магчыма, з ягонымі адносінамі да ўсяго расійскага, ён проста сэнс таго, што напісана па-руску, ужо не ў стане разумець? Дык вось, калі ласка, тое самае, што на “Беларускім партызане” па-руску, у фэйсбуку на маёй старонцы — па-беларуску.

Украіна — мой пакутлівы, непазбыўны боль. Больш пакутліва я люблю толькі Беларусь. Бо бачу: усё йдзе да таго, што імперыя, гінучы, менавіта па ёй нанясе свой апошні, адчайны ўдар. І каб прыняць яго, выжыць, нам проста неабходна згуртавацца, сціснуцца ў кулак, а ў нас кожны палец з кожным пальцам грызецца…

Бачыць Бог, я ні прыватна, ні публічна не ўвязваўся ў грызню, не рэагаваў ні на якія папрокі, абвінавачванні Пазьняка. І не толькі таму, каб, што называецца, не кідаць кавалак сабакам — ворагам беларушчыны. “Ён у эміграцыі, яму горш, чым табе”, — ставіў я сябе на ягонае месца і трываў. Але калі цябе вінавацяць у тым, што самі выдумляюць, нагаворваюць, выдаючы белае за чорнае, то любое трыванне ў любы час можа скончыцца.

«Дзе не ты герой, там няма герояў”, — ёсць фраза ў маёй кнізе “Знакі прыпынку”. Зроблены запіс якраз пасля размовы з Зянонам у кватэры аднаго з нашых варшаўскіх сяброў. Гэта ў характары Пазьняка (як, дарэчы, і ў характары Лукашэнкі, параўнанняў з якім, што таксама ёсць у “Знаках прыпынку”, Пазьняк проста не трывае), а характар, як вядома, не салома. Таму Зянон Станіслававіч і запісаў у агенты КДБ ужо амаль усіх, апроч саміх гэбістаў.

Мяне ён чамусьці запісаў у ворагі Украіны, якія супраць яе свабоды, яе незалежнасці… Зрэшты, я здагадваюся, чаму? Таму што я не супраць Украіны, але і не супраць Расіі. Бо, паўтараю, цяперашняя расійская ўлада для мяне — не Расія, якой я не жадаю нічога кепскага. Я не супраць яе, я супраць вайны. Крыві. Смерці. І намагаюся рабіць усё, што ў маіх сілах, каб кроў на ўкраінскай зямлі перастала ліцца, каб смерць спыніла сваю косьбу. “А я стою один меж них В ревущем пламени и дыме И всеми силами своими Молюсь за тех и за других” — вось дзе ў вайне месца паэта. Дый палітыка, калі ён любіць не палітыку, а людзей.

Між іншым, найчасцей Пазьняк папракае мяне, што я з паэзіі падаўся ў палітыку. Але ж і ён з палітыка падаўся ў паэты. І я яму не замінаю. Так што, можа быць, на сустрэчных шляхах мы яшчэ дзе-небудзь спаткаемся, пасумовімся. А не дык не. У часы невыносных страт — адной стратай болей…

Уладзімір  Някляеў

9 февраля 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета