+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляеў: Ліст Алесю Бяляцкаму

З нагоды 50-годдзя вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які, на жаль, сустракае яго за кратамі, лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў звярнуўся да яго з віншаваннямі.

«30 гадоў як мы пазнаёміліся, Алесю. Ты прыйшоў з Анатолем Сысам. Абодва светлыя, узнёслыя. Такія чыстыя, што душа ў кожным, як крынічная вада ў крышталі.

Хіба мог я ўявіць, што параненую душу Сыса Бог так хутка пакліча ў нябёсы? Ці што табе буду пісаць лісты ў турму?..

Гэты ліст, юбілейны, я сабраўся напісаць табе доўгі-доўгі. Гэткі ж, як тваё бліскучае даследванне па маіх вершаваных лістах, напісаных з турмы да Волі. Згадаць усё, што нас радавала, яднала, і ўсіх, хто нас яднаў і радаваў. Пасля падумаў: надта шумная будзе кампанія. А мне б хацелася, каб на тваім 50-годдзі мы хоць 5 хвілін пасядзелі толькі ўтрох. Як тады, калі ты прыйшоў да мяне з Анатолем Сысам. Тваім сябрам, братам. Паэтам, роўным Максіму Багдановічу.

Цяпер ён на нябёсах, ты ў турме… Але я жывы і пакуль на волі. І я прыдумаў, як нам зноў сабрацца ўтрох, як трыццаць гадоў таму, калі мы адзін аднаго радавалі. Калі Сыс абдымаў нас і не плакаў, як яно здаралася ў ягоным адзінотным жыцці пазней, а смяяўся: “Які я шчаслівы!..” – і чытаў вершы…

Уяві, што верш, прысвечаны табе, чытае ён. Як я ўявіў, што верш, прысвечаны яму, чытаеш ты… А я вам, родныя мае, нешта прачытаю, калі мы наступным разам сутрэнемся.

З юбілеем, Алесь!

РЫМЦЕЛІ

Алесю Бяляцкаму

Калі слухаць і слухаць,
Як выюць за кратамі вецер са снегам,
Як у фортцы звініць і звініць зледзянелае шкло,
Можна ўспомніць варагаў з хазарамі і печанегаў —
Шмат чаго, што мінула, нібы не было.
Можна ўспомніць Афіны і Рым,
і падумаць пра рымлянак,
Пра гетэр — не хапае за кратамі рымскіх гетэр…
Але ўспомніўся мне
воўк у лесе зімовым пад Рымцелямі:
Як, унюхаўшы пах чалавечы, ашчэрыўся звер!
Не таму, што галодны. Я бачыў па бруху: наеты.
Ён да логвішча йшоў  — і не быў я ў патрэбу яму.
Але пах, які вычуў ён,
быў не з ваўчынага свету:
Звер учуяў турму.
Можна ўспомніць, калі
зазвініць капяжамі адліга,
І за кратамі
ценькне вяснова нараніцы птах,
Як ашчэрваўся свет на Хрыста
і на Марціна Лютэра Кінга,
На любога і кожнага, хто чалавечынай пах.
Можна ўспомніць… Але
у ваўчыных вачах не пра тое…
Скрозь прапахла зямля
потам,
спермай,
мачою,
крывёю
Ад Афінаў і Рыма — і да Калымы,
Ды нішто і ніхто ў гэтым свеце не пахне турмою —
Толькі мы.

ЛЁН

Анатолю Сысу

Дом мой дом на чатыры вакны
Лён мой лён на чатыры вятры
Рваў я рваў лён з чатырох старон
Выбiраў лёс з чатырох вакон
Лён мой лён вырваны вырваны
Лёс мой лёс выбраны выбраны
Праў я лён з нiтамi зрэбнымi
Браў я лёс бiты цярэблены
Я аддам лён мой вятрам вятрам
А сябрам лёс мой аддам аддам
Нешта ў iм я не дарабiў
Калi рваў бiў ды церабiў
На сяброў я не пажалюся
У вятроў толькi спытаюся
Што ж я што ж не дарабiў забыў
Ды каго ж не далюбiў згубiў»

Уладзімір Някляеў

25 сентября 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі