+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляеў: лячыць трэба не Каваленку

11 красавіка лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў усклаў кветкі ў памяць тых, хто год таму загінуў у мінскім метро на станцыі «Кастрычніцкая». Ён зрабіў гэта да пачатку афіцыйнай цырымоніі і адкрыцця дошкі з імёнамі ахвяраў тэракту. Чаму?..


– Мець сёння дачыненне хоць да нечага, што ёсць афіцыйнае, – гэта мець дачыненне да маны і фальшы. Да станцыі метро «Кастрычніцкая» людзі з болем і смуткам ішлі хто на маўчанне, хто на плач, хто на малітву, а патрапілі на мерапрыемства пад пільным наглядам міліцыі і людзей у цывільным. Наглядалі б так не ў гэты, а ў той дзень – дык і тэракта не было б…

Увогуле: як такое магло стацца ў самым цэнтры Мінску – практычна пад сценамі рэзідэнцыі Лукашэнкі, на ахову якога пастаўленыя ці не ўсе ахоўнікі, якія ёсць у краіне? Мне цяжка ўявіць, што, як лічаць многія, за тэрактам стаіць улада, спецслужбы – гэта ж некаму трэба было аддаць і некаму выканаць такі загад. І ўсё ж нешта тут не так, як было прадстаўлена ў судзе і пададзена афіцыйнай прапагандай…

У той час я быў пад хатнім арыштам, не меў доступу да інфарамацыі – і пра тое, што ў мінскім метро грымнуў выбух, паведамілі мне людзі са зброяй, якія вартавалі мяне ў маім доме. Вучыліся яны не на тое, каб мяне вартаваць, а на барацьбу з дыверсантамі ды тэрарыстамі, але ці мала ў нас хто на каго вучыўся. І ўсё ж яны былі спецыялістамі, і я спытаўся ў іх, як у спецыялістаў: «Як вы думаеце, хто ў Беларусі на такое жахлівае злачынства мог пайсці?..» І адзін з іх адказаў: «Не бойцеся, на вас гэта не павесяць». Маўляў, яны сведкі, што я тут не пры чым.

Цікава тое, што ён не пажартаваў. А калі пажартаваў, дык не надта. Бо Лукашэнка тады ўжо заявіў, што разбярэцца, каму гэта выгадна. І выходзіла па ягоных кіўках ды намёках, што гэта выгадна апазіцыі.

Канавалаў з Кавалёвым ніякага дачынення да апазіцыі не мелі. А калі б мелі… Хоць найменшае… Уяўляеце, што было б?..

Быў бы зусім іншы судовы працэс. У адказ на пытанне «Чаго хацелі дасягнуць тэрарысты?» не абыйшлося б фразай старшыні КДБ, якую слова ў слова паўтарыў Канавалаў: «Дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь». І невядома, хто быў бы расстраляны.

Зрэшты, і цяпер невядома: тэрарысты расстраляныя, ці не? Бо віна іх так, каб не заставалася ніякіх пытанняў і сумневаў, у судзе не даказана. Пра гэта заяўляюць нават самі пацярпелыя.

А тым часам у судзе «даказана» віна Сяргея Каваленкі, якога проста забіваюць, знішчаюць, у адносінах да якога ўлада задзейнічала ўрэшце класічны савецкі метад барацьбы з няўгоднымі: псіхушку. Таксама судом «даказана», нібы эканамічныя санкцыі ўведзены не па віне рэжыма, які крывава расправіўся з няўгоднымі на Плошчы 2010 года і дасюль трымае ў турмах палітвязняў, а па віне апазіцыйных палітыкаў, на якіх зноў жа па класічных савецкіх метадах нацкоўваецца народ. «Ату іх! Рві ворагаў!»

Гэта самыя небяспечныя тэндэнцыі з усіх, якія назіраюцца ад самага пачатку супроцьстаяння беларускай дыктатуры і дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці. Іх развіццё можа прывесці Беларусь да вялікай бяды, таму тым, хто прыдумаў гэты рэмэйк па сцэнары сталінскіх часоў, я б настойліва раіў спыніцца. Распаленне нянавісці, нацкоўванне людзей на людзей, адной часткі грамадства на другую ніколі не прыводзіла і не можа прывесці ні да чаго добрага. Нянавісць – гэта бумеранг, які заўсёды вертаецца да тых, хто яе распаляе.

Трагедыя 11 красавіка 2011 года – агульнанацыянальная. У іншых грамадствах трагедыі такога кшталту змушаюць зрабіць адпаведныя высновы, гуртуюць, аб’ядноўваюць нацыю. У нас жа пакуль усё наадварот. Значыць, грамадства вельмі сур’ёзна хворае. І лячыць у псіхушцы трэба зусім не Каваленку.

Уладзімір Някляеў, zapraudu.info

12 апреля 2012

Коментарии

  • свая справа12 апреля 2012 #

    Танец на костях. Жаль, что оппозиция пытается сделать себе пиар на трагическом событии 11 апреля….
    Даже страшно подумать, что никому не известные «независимые» политологи, специалисты-исследователи,​ идеологи и аналитики даже не высказали в своем мнении соболезнования о случившемся год назад теракте, а с истинной уверенностью и прагматизмом готовы изучасть 11 апреля социальное мнение…….

  • свая справа12 апреля 2012 #

    http://news.tut.by/​society/283961.html

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Выборы-2019. Женя Караулов обучит Дрозды экономике

Подписаться на рассылку