+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Падарункі да Дня Волі

Першы падарунак традыцыйны: немагчымасць як мае быць дзень Волі адсвяткаваць. Зноў — на балоце за плотам. Другі — расстрэл «тэрарыстаў», віна якіх бясспрэчна судом не даказаная.

Таксама традыцыйна: была ўжо «віцебская справа» і без віны пакараныя. Трэці — спроба перавесці Сяргея Каваленку, які памірае за бел-чырвона-белы сцяг, з герояў у вар’яты. І гэта у рэчышчы найлепшых савецкіх традыцый.

Гэта падарункі айчыннага вырабу. Але ёсць падарунак вырабу замежнага. Пра яго — падрабязней.

Паміж 25 кастрачніка і 25 сакавіка — пяць месяцаў. Гэта час ад кастрычніцкага перавароту (ці, калі заўгодна, рэвалюцыі) да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта гістарычна кароткі час — і гістарычна доўгі шлях, які мы ніяк не можам прайсці.

Што такое Беларуская Народная Рэспубліка? У яе назве — прынцыповая канцэпцыя беларускай дзяржаўнасці.

Беларуская — значыць, створаная беларусамі. Людзьмі, якія ўсведамляюць сваю беларускасць. Не толькі нацыянальную ідэнтычнасць, але і высокую місію нацыі, якая ўтварае сваю дзяржаву.

Народная — значыць, створаная народам і для народа. Для ўсяго народа — тут ужо без нацыянальных, культурных, рэлігійных адрозненняў. Усе — з роўнымі правамі, гарантам якіх выступае дзяржава.

Рэспубліка — значыць, не манархія, не аўтакратыя, не дыктатура. Res Publica — «агульная справа», вынік намаганняў усіх беларусаў, усіх грамадзянаў, усяго народа.

Беларуская Народная Рэспубліка — гэта тое, што ў нас павінна быць і будзе. Гэта тая Беларусь, да якой мы ніяк не можам дайсці. Таму час ад часу з’яўляюцца павадыры.

Адзін з іх — доктар Ханс-Георг Вік, які прапанаваў стварыць беларускі ўрад у выгнанні. Каб ён прадстаўляў за мяжой Беларусь. Доктар Ханс-Георг Вік ды іншыя дактары будуць гэты ўрад падтрымліваць — і ён давядзе нас да новай, дэмакратычнай Беларусі.

Тут проста не можа не ўзнікнуць лагічнае пытанне: а чаму б не падтрымаць той беларускі ўрад у выгнанні, які ўжо ёсць: Раду Беларускай Народнай Рэспублікі? Урад, які амаль стагоддзе змагаецца за незалежную, еўрапейскую Беларусь. Для чаго (і для каго) патрэбны новы?

Па-сутнасці, менавіта пра гэта спытаў доктар Янка Запруднік, уступіўшы ў спрэчку з доктарам Хансам-Георгам Вікам. Каго гэты новы ўрад будзе прадстаўляць?..

Доктар Янка Запруднік тактоўна не стаў адказваць на гэтае пытанне наўпрост. А паколькі я не доктар і праз тое не такі тактоўны, як спадар Янка, дык адказваю: новы ўрад не будзе прадстаўляць нікога, апроч сябе самога. Прадстаўляць Беларусь ён не зможа хоць бы праз адсутнасць легітымнасці, якую, прадстаўляючы Беларусь, мае Рада БНР.

Мяне, мякка кажучы, здзіўляе беларуская апазіцыя, якая з таго часу, як за мяжу змушаны быў з’ехаць Зянон Пазьняк, практычна ігнаруе Раду БНР. І даводзіць еўрапейскім партнёрам, што ў Радзе няма з кім мець справу. Што яна — толькі сімвал.

Гэткае стаўленне з боку апазіцыі да Рады БНР выклікала адпаведныя адносіны да яе (дый увогуле да беларускай эміграцыі) з боку нашых заходніх партнёраў. На іх сустрэчах з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасці я ні разу не бачыў ніводнага прадстаўніка Рады БНР. Аднойчы (у Вільні) наўпрост спытаў: «Чаму няма?» І пачуў у адказ: «Удзельнікаў з вашага боку вызначаеце вы».

Я не вызначаў. А калі б вызначаў, дык на ўсіх спатканнях, якія ладзяцца па беларускіх пытаннях, абавязкова былі б прадстаўнікі Рады. І я прашу нашых партнёраў, якім вельмі ўдзячны за іх шматгадовыя высілкі ў дапамозе Беларусі на яе пакутлівым шляху да дэмакратыі, гэта ўлічыць.

Перад раэльнай небяспекай, перад пагрозай страты незалежнасці мы проста абавязаныя ўсе беларускія сілы сабраць у кулак. Хопіць тыркаць растапыранымі пальцамі, кожна раз спрабуючы вызначыць пры гэтым, які палец большы. Я згодны быць меншым. Хоць мезенцам. Але ў кулаку.

Народны паэт Беларусі, сустаршыня Ўсебеларускага з’еду за незалежнасць Рыгор Барадулін напісаў: «Большы не той, хто цыбаты. Большы той, хто вялікі».

Рада БНР, не ўцягнутая ва ўнутрыапазіцыйныя высвятленні адносінаў, адстойвае не партыйныя і не нечыя асабістыя — агульнабеларускія інтарэсы. Абалганыя савецкай і лукашэнкаўскай прапагандай як «ворагі, здраднікі, фашысцкія найміты», апызіцыяй пераведзеныя ў «сімвалы», сябры Рады БНР даўно б маглі, што называецца, вымыць рукі. Папросту сказаць: здацца. Асімілявацца. Забыцца на сваю беларускасць, якая ў прагматычным заходнім свеце нічога ім не дае. Толькі забірае — і не адно час і нервы.

Але яны не здаліся. Не асіміляваліся. Ні на што сваё не забыліся.

Няхай сабе нехта лічыць, што Рада БНР — толькі сімвал. Але гэта сімвал таго ж кшталту, што й Пагоня, што й бел-чырвона-белы сцяг. І сябры Рады ўсіх часоў — гэткія самыя сімвалы, якім ёсць няскораная, не зломленая Ларыса Геніюш.

У спрэчцы паміж Вікам і Запруднікам я на баку Запрудніка.

Выбіраючы паміж Хансам-Георгам і Янкам, я выбіраю Янку.

Паміж новым урадам у выгнанні і Радай БНР я выбіраю Раду БНР, са з’яўленнем якой з’явілася 25 сакавіка 1918 года — наша першае нацыянальнае свята. Таму яна, Рада, назаўсёды застанецца першай — паперадзе ўсіх, якія былі і будуць, урадаў.

Крыніца: Беларускія навіны

21 марта 2012

Коментарии

  • Женя21 марта 2012 #

    Беларуская Народная Рэспубліка — гэта тое, што ў нас павінна быць і будзе. Гэта тая Беларусь, да якой мы ніяк не можам дайсці.

    Спадар Някляеў, зможам дайсці! Хутка ўжо!

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі