+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляеў: “Шчырыя і добрыя”

На сайце НН Пятро Садоўскі ў артыкуле “Videor egro sum…” згадвае “адліжныя 60-я, калі мінскія студэнты штурмавалі Дом афіцэраў, ламаючы дзверы, каб трапіць на забароненую 13-ю сімфонію Шастаковіча”. Далей (як і перад тым) размова ў гэтым артыкуле йдзе пераважна пра дзень сённяшні (аўтар грунтоўна, як ён гэта ўмее, пляжыць Уладзіміра Мацкевіча), але, як кажуць, “музыка навеяла” іншае…

Гадоў дзесяць таму з Яўгенам Еўтушэнкам размаўляем пра беларусаў. Ён распытвае, хто мы такія, што мы такое, якія мы — беларусы… «Ну, няхай добрыя, шчырыя, а што яшчэ?..» Кажа, што яму гэта цікава, бо сам — хай напалову ці на колькі там — беларус. І распавядае, як Мікалай Матукоўскі (беларускі драматург і журналіст) у 1963 годзе напісаў у ЦК КПСС ліст пра антысемітызм… Пра тое, што ёсць людзі, якія ў такой інтэрнацыянальнай краіне, як СССР, свядома гэты самы антысемітызм правакуюць. Не толькі ў побыце, але і ў мастацтве, што страшней…

Падставай для ліста стала выкананне (чаму й “навеяла музыка”) Трынаццатай сімфоніі Шастаковіча ў Мінску. Маўляў, слухаючы сімфонію, габрэі коса пазіралі на славян, а славяне на габрэяў. І Матукоўскі піша ў лісце: антысемітызму ў нас няма, аднак яго правакуюць такія людзі, як Шастаковіч і Еўтушэнка. Маючы на ўвазе еўтушэнкаў «Бабін яр».


У канцы 70-х (здаецца, у 1978-ым) Еўтушэнка прыязджае ў Менск. Матукоўскі сустракае яго з кветкамі, вязе адразу не ў гатэль, а да сябе снедаць. Назаўтра яны ляцяць на верталёце (разам з драматургам Андрэем Макаёнкам) у Хомічы — шукаць магілу еўтушэнкавай бабулі. Знаходзяць. «І Коля, — кажа Еўтушэнка, — стаіць каля магілы, глядзіць на мяне і плача. І я не разумею, што адбываецца… Дагэтуль не ўцямлю, калі ён шчырым быў? Калі ліст у ЦК пісаў, ці калі над магілай маёй бабулі плакаў?..»

Еўтушэнка прыжмурваецца на мяне і дадае: «І добрыя…»Я някепска, хоць блізка мы і не сябравалі, адносіўся да Матукоўскага, таму кажу, што, магчыма, ён быў шчырым у абодвух выпадках. Ну вось такія мы, беларусы, — шчырыя…

zapraudu.info

24 декабря 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі