+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляеў: Святло ў канцы свету

Інтэрнэт — зона свабоды слова.

Ці лепш сказаць: прастора, — бо слова “зона” я не надта люблю.

У гэтай віртуальная прасторы, як і ў рэальнай, люд самы розны. У тым ліку з імёнамі і без іх. Нікі. Ніхто не ведае (апоч тых, у каго такая служба), хто гэтыя людзі ў рэальнасці, але пераважна з іх і складаецца віртуальная інтэрнэт-супольнасць.

Што гэтыя людзі-прывіды і адначасова рэальныя людзі, якія хаваюцца за нікамі (пакінем у баку гэбэшных троляў), робяць у Інтэрнэце? Спрабуюць СКАЗАЦЬ ПРАЎДУ. Зразумела, у кожнага яна свая, але, што важней, не чужая.

Праўда ўвогуле рэч малапрыемная. Калі, вядома, яна не такая, як у “Голым каралі” Шварца. Памятаеце? «Я старик грубый. Скажу правду: умница ты, король!»

Цяжка навучыцца казаць праўду. Яшчэ цяжэй навучыцца чуць яе. Калі ж праўды не чуць — няма толку яе казаць.

Ці можа кампанія «Гавары праўду» ігнараваць людзей, якія праўду кажуць? Не чуць іх?..

З вясны 2010 года, практычна з часу стварэння кампаніі мы збіраем, групуем інтэрнэт-інфармацыю і аналізуем яе. Асобна — інфармацыю, якая датычыць кампаніі «Гавары праўду». У артыкулах, рэпартажах, інтэрв’ю. Яшчэ асобна — інфармацыю ў каментарах, дзе матэрыялу для аналізу часцяком болей, чым у саміх тэкстах (выключаю каментары кшталту: «Ой ржу не могу!»)

Ніхто не працуе ў Інтэрнэце гэтак актыўна, як нікі. Каментары некаторых з іх сустракаюцца ледзьве не штодня. І што ім за гэта? Нічога! Ні славы, ні ганарару, ні нават дзякуй. Гэта хіба справядліва?..

Кампанія «Гавары праўду» вырашыла выправіць несправядлівасць хоць перад канцом свету. Мы стварылі журы конкурсу нікаў і вызначылі найлепшых з іх. Зрабілі мы тое зусім сур’ёзна, хоць некаму нашы ўзнагароды ў канцы свету могуць падацца віртуальным прыколам. Але не: рэальныя прызы чакаюць пераможцаў у офісе кампаніі «Гавары праўду».

Мы ўдзячныя ўсім. Найперш тым, хто пісаў праўду, кіруючыся жаданнем дапамагчы. Нам, грамадству. Але і тым, кім валодалі іншыя пачуцці, мы таксама ўдзячныя: злосць і зайздрасць у сённяшнім свеце нават больш праўдзівыя, чым дабрыня і спагада. На жаль.

У адрозненні ад прарокаў народа Майя, сучасныя нумяролагі сцвярджаюць, што канец свету — зусім не канец, а пачатак: 21.12. 2012 роўна а 21.00 пачнецца адлік новага часу. Новай эры. У прамінулым часе зоркі стаялі так, што садзейнічалі злу на зямлі, а ў новай эры ўсе нябесные сілы будуць садзейнічаць зямным сілам добра, праўды, высакароднасці, любові. Вы — як сабе хочаце, можаце верыць гэтаму, можаце не, а я запалю сёння а дзевятай вечара адзіную, прызапашаную на канец свету, свечку…
Пераможцы конкурсу:
cowboy1967;
Neman_river;
bel_masha_rus;
barbaraR3;
lisa
musorok;
LauriVanDorf;

Не вызначылася журы з Ігарам Клешчуком і Фёдарам Кушнерам: гэта нікі ці імёны? Калі нікі, дык яны таксама сярод пераможцаў.
Віншую ўсіх з прыемным канцом свету!

 zapraudu.info

21 декабря 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета