+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляеў віншуе паэта Алеся Разанава з юбілеем

Віншаванні лідара кампаніі «Гавары праўду» Уладзіміра Някляева паэту Алесю Разанаву з нагоды яго 65 — ці годдзя.

«Сёння свой шэсцьдзясят пяты дзень народзінаў святкуе беларускі паэт Алесь Разанаў. Друкуецца ён з 1961 года, і ад самага пачатку вершы яго былі заўважнымі: і сярод школьных і ўніверсітэцкіх настаўнікаў, а пасля — і ў асяроддзі сталых беларускіх літаратараў.

Нязвыклая форма, у якую ўкладалася паэзія Разанава, не раз у бянтэжыла савецкіх крытыкаў і літаратуразнаўцаў, аднак з часам стала зразумела, што паэтычны талент аўтара не залежаў ад формы і праяўляўся глыбока індывідуальна — у распрацоўцы аўтарскіх жанравых форм, моўнай гульні і эксперыменце.

Алесь Разанаў працягвае сваю паэтычную справу і цяпер. Цягам 2000-х гадоў выдавецтвам «Логвінаў» быў апублікаваны своеасаблівы збор твораў: версэты «Лясная дарога», пераклады «Кніга ўзнаўленняў» і «З Вяліміра Хлебнікава», паэмы «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць», пункціры «Дождж: возера ў акупунктуры», зномы «Сума немагчымасцяў», вершаказы «Пчала пачала паломнічаць», эсэ «З апокрыфа ў канон», раннія вершы «І потым нанава пачаць». Сёлета ў газеце «Новы час» была надрукаваная падборка яго рыфмаваных твораў, што таксама было ўспрынята як навіна (да рыфмы Разанаў не звяртаўся некалькі дзесяцігоддзяў).

Праз наш сайт сваё слова юбіляру сказаў і Уладзімір Някляеў:

«Я стрымана адношуся да Алеся Сцяпанавіча Разанава — ён стрымана адносіцца да мяне. Прычына — у тым, што сталася ў рэдакцыі «Крыніцы» ў 1999 годзе. Магчыма, тое, што сталася, мы абодва перабольшылі: яно не павінна было стаць прычынаю ўзніклай паміж намі  стрыманасці. Магчыма. Цяпер позна разбірацца. І без патрэбы, бо ўсё гэта — пыл над дарогай, які няхай праз стрыманую, але ўсё ж павагу адзін да аднаго, найперш да таго, што кожным зроблена, мы стараліся асабліва не ўздымаць. Так, мы, аддаляючыся, разыйшліся, але разыйшліся ў адным накірунку. І, калі будуць лічыць па вялікім рахунку, дык кожнаму залічыцца дарога, а не пыл над ёй.

Я рады павіншаваць Алеся Разанава з 65-годдзем. Ён — паэт, верны Прадвызначэнню і Таму, хто прадвызначыў. Дзякуй Богу, што ён ёсць.»

Крыніца: Літаратурны сайт Уладзіміра Някляева

5 декабря 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета