+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляеў «журыў» у конкурсе «Што я ведаю пра Еўропу»

12 мая ў Мінску адбыліся гульні трэцяга і чацвёртага паўфіналаў конкурсу «Што я ведаю пра Еўропу».

З раніцы адбылася інтэлектуальная бітва па лініі Маладзечна-Брэст-Белаазёрск-Мінск, а пасля абеду бой 2Х2 (дзве барысаўскія каманды супраць дзвух жодзінскіх). А цяпер усё па парадку.

Спякотнай раніцай 12 мая чатыры каманды — “Разам” з Маладзечна, “Таварыства ананімных еўрапейцаў” з Брэста, К.Л.А.Д. з Белаазёрска і “Еўракола” з Мінску прабіраліся па мінскіх індустрыяльных джунглях, што знаходзяцца недалёка ад праспекта Незалежнасці, за карпусамі БДУІР. Здавалася, які конкурс можа праводзіцца ў такім месцы? Адказваем, у такім — можа, бо гэта me100.by – крэатыўная прастора-лофт.

Сустракалі гасцей арганізатары і вядомы беларускі акцёр і тэлевядучы Юрась Жыгамонт. Наш вядучы выдатна адпрацаваў абодва паўфіналы,здаецца, нават і не замарыўся. Было весела і неафіцыйна, негледзячы на даволі суровае з выгляду журы ў складзе вядомага журналіста Вадзіма Александровіча, грамадскага дзеяча Андрэя Ягорава, пісьменніка і блогера Севярына Квяткоўскага, старшыні клубу еўрапейскіх настаўнікаў Барыса Мухі. 

Напрыканцы да іх далучыўся выбітны беларускі паэт і празаік, лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, які павіншаваў ранішніх удзельнікаў і сеў “журыць” пасляабедзенныя каманды.

Нагадваем, што ў юбілейны год конкурсная тэма адпаведная — “Еўрапейскія і беларускія юбілеі і памятныя даты: людзі, падзеі, арганізацыі”. Каманды прайшлі праз выпрабаванні 4 конкурсаў: пісьмовы тэст па гісторыі ЕС, брэйн-рынг на юбілейных і памятных датах краін ЕС, заданне па нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863-1864 гг., медыяазбука “Беларусь і Еўропа: памятныя даты і юбілеі 2013”.

Трэці паўфінал атрымаўся самым напружаным. Спаборніцтва прайшло ў жорсткай канкурэнцыі, інтрыга захоўвалася да апошняга конкурсу. Яскравыя жарты і гумарэскі-імправізацыі з боку вядучага, сябраў журы, гульцоў каманд і прысутных гасцей стварылі вельмі камфортную атмасферу. А якія былі адказы, якія дапаўненні і ўдакладненні па пытаннях. Ёсць чым ганарыцца кіраўнікам – настаўнікам, якія падрыхтавалі каманды: Валянціне Сюрковай, Камека Людміле, Паўлу Абламскаму і Клімовіч Людміле. Вялікі ім дзякуй!

Пераможцам трэцяга паўфіналу стала каманда з Маладзечна “Разам”.

У чацвёртым паўфінале прынялі ўдзел барысаўскія каманды “Эрудыт” і “Еўракактэйль” і жодзінскія “DVDend” і “Нават і не думай”. Гульня таксама праходзіла вельмі дынамічна, як кажуць, з узлётамі ў адным конкурсе і падзеннямі ў другім. Перамогу і першае месца ў гэтай барацьбе здабыла каманда “DVDend”.

Прысутнасць жывога класіка надала ўрачыстасці цырымоніі ўзнагароджвання, а словы паэта аб шанаванні роднай мовы як галоўнага сродка захавання ідэнтычнасці ў сучасным глабалізаваным свеце запалі ў душу. Спадзяемся, усім прысутным!

Крыніца: сайт «Eurashkola.eu»

15 мая 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета