+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Урыўкі з вершаў Караткевіча ад «Гавары праўду»

27 лістапада актывісты кампаніі «Гавары праўду» адзначылі 81-я ўгодкі з дня нараджэння Ўладзіміра Караткевіча. Гэта была сапраўдная па-хатняму вечарына, рэй на якой вёў Уладзімір Някляеў, які шмат гадоў жыў з класікам сучаснай беларускай літаратуры, як ён сам прызнаўся, дзверы ў дзверы.

Вечарына распачалася праглядам відэароліку, у якім актывісты кампаніі чыталі ўрыўкі з вершаў Караткевіча, пасля чаго прыстуныя праглядзелі дакументальны фільм «Быў. Ёсць. Буду», які быў зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1988 годзе. Стваральнікамі фільму былі людзі, якія цягам многіх гадоў сябравалі з Уладзімірам Сямёнавічам: рэжысёр Юрый Цвяткоў, кампазітар Яўген Глебаў.

Сімвалічным выглядае сёння і своеасаблівы эпіграф да фільма: «Як наказ нашчадкам прысвячаецца». Шчыра кажучы, у нашыя дні гэты фільм наўрад ці мог быць паказаны па беларускіх тэлеканалах: занадта шмат «непажаданых» сённяшняй ідэалогіі людзей бяруць у ім слова. Людзей, якіх сёння Беларусі гэтак не хапае. Тых жа Адамовіча, Быкава, якія годна ўсведамлялі велічыню дару Караткевіча для Беларусі, а таксама Барадуліна, Бураўкіна… Апошнія мелі права на слова ў канцы 80-х, цяпер – не маюць…

Пасля прагляду фільму слова ўзяў Уладзімір Някляеў, які, адказваючы на пытанні прысутных, разважаў і пра саму асобу пісьменніка, і пра час, пра гісторыю краіны і месца ў ёй асобаў, акцэнтуючы на тым, што тая мова, на якой тварыў Караткевіч, з’яўляецца падмуркам нацыі. Робячы экскурсы ў гісторыю, выходзячы на сучасныя паралелі, паэт даводзіў, што мова Караткевіча – гэта той падмурак, на якім і павінна гадавацца нацыя.

Творы пісьменніка ў свой час былі звышпапулярныя. Някляеў згадаў той час, калі ў 1964 годзе ён набыў 2 экземпляры часопіса «Маладосць» з творам Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», дык схаваў іх у розных частках свайго інтэрнацкага пакою электратэхнікума сувязі, дзе тады навучаўся. І ў выніку прапалі абодва экзэмпляры!

Аляксандр Фядута, які таксама прысутнічаў на вечарыне, выклаў сваё бачанне таго, чаму на зломных этапах гісторыі той ці іншай краіны, у прыватнасці Беларусі, і пры якіх умовах можа з’явіцца «новы» Караткевіч, прызнаўшыся, што з творчасцю пісьменніка ён упершыню пазнаёміўся на рускай мове. Такі ўжо папраўдзе быў лёс Уладзіміра Сямёнавіча, калі многія ягоныя новыя творы бачылі свет на розных мовах, толькі не на беларускай…

Кампанія «Гавары праўду» вырашыла ўзяць на сябе выдаткі афармлення дзвюх бясплатных падпісак на 25-томны збор твораў Улядзіміра Караткевіча. Адна з іх будзе адрасаваная бібліятэцы ў гістарычным Крэве, другая – пляменніцы Ўладзіміра Караткевіча Алене Сінкевіч. Пасля гаворкі за сталом пад гарбату і печыва актывісты кампаніі ўсклалі кветкі каля пад’езду ў доме, дзе жыў пісьменнік, які яшчэ пры жыцці здабыў гонар звацца класікам беларускай літаратуры…

Дзмітрый Падбярэзскі

P.S. Я асабіста знаёмы з Уладзімірам Сямёнавічам не быў, хоць падчас працы на тэлебачанні быў рэдактарам спектаклю паводле ягонага твору «Лісце каштанаў» (рэж. У.Забэла). Але недзе ў 1980 годзе праз айчыма адважыўся перадаць Караткевічу некалькі ўласных вершаў у разліку на нешта такое накшталт рэцэнзіі. Не памятаю, што ён мне адпісаў у адказ, істотна не тое. Мяне надзвычай уразіла, што ён, карыстаючыся сучаснай музычнай тэрміналогіяй, зрабіў рымэйк аднаго майго верша. Аўтограф гэты зберагаю дома гэтак жа сама, як і арыгінал зборніка «Шляхам жыцьця» Янкі Купалы.

Думаю, менавіта сёння мае сэнс паказаць і мой арыгінал, і тое, што напісаў паводле яго Ўладзімір Караткевіч.

Маё

Калі ўжо прыдзецца пачаць

мне ад нуля, дзе толькі неруш,

дзе толькі мроіцца ралля,

карэнні распускаюць вершы;

калі ўжо прыдзецца пачаць

той шлях, дзе без дарогі,

дзе цяжка сцежачку знайсці,

што не краналі іншых ногі,

дзе кожны гук напоўнен песняй дрэва,

дзе столькі ёсць ўсялякіх перашкод:

трава, лугі і безмятэжнасць – злева,

а справа – гушчароў калючы дрот…

І воклічы сівога крумкача,

бы з казкі той, ў якую моцна верыш:

«Калі ўжо вырашыў з нуля ўсё распачаць –

ідзі! Не аглядайся.

Скамянееш!»

А вось што напісаў Уладзімір Сямёнавіч

Агонь з вышынь – і дом твой, як свяча,

І мёртвай хмарай – попел над Гаморай,

І ўсё з нуля даводзіцца пачаць,

Бо ў тым былым нічога не гаворыць.

Калі ўжо давядзецца зноў пачаць –

Ідзі ад дымам пушчаных святыняў

І не шкадуй ні плуга, ні мяча

На новы свет, дзе ўсё пакуль – пустыня.

Там будзе грай сівога крумкача,

Сто бездарожжаў, соль і пыл на веях…

Калі ўжо вырашыў з нуля пачаць –

Ідзі! Не аглядайся!

Скамянееш!

Зміцер Вайцюшкевіч, словы Ўладзіміра Караткевіча. «Беларуская песня» (2010, канцэртны запіс)

Вершы Уладзіміра Караткевіча (відэа)

28 ноября 2011

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета