+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

В. Некляев: Адзін, як час

10 красавіка — 40 дзён па Рыгору Барадуліну. Сёння ён рушыў, як напісаў у адным са сваіх вершаў і як сябры назвалі выдадзеную да ягоных саракавінаў кнігу, у неба пехатою… 

…На ўзыходзе сонца мы стаялі на ўзлеску пад Каралішчавічымі і глядзелі на мураша, які бегаў па пні ўчора спілаванай сасны. Ён бег і бег кругамі па колцах дрэва, пашыраючы кругі ад стрыжня да абалоні, не падбіраючы нічога ні для сябе, ні для мурашніка — і немагчыма было вызначыць мэту гэтага бегу.

“Гады лічыць”, — сказаў Барадулін.

Для яго было зусім натуральна, што мураш, бегаючы па колцах на пні спілаванага дрэва, лічыць гады, якія яно пражыло. Бо сапраўдны паэт — гэта цэласнае ўяўленне свету. Непадзельнае ў вялікім і малым, чалавечым і мурашовым — у жыцці і смерці.

“Смерці няма”, — сказаў ён напрыканцы жыцця.

Калі на Бутаўскіх кладах у Вушачах хавалі ягоную маці, ён, тады яшчэ малады, адышоў ад магілы і стаў кідаць у неба сасновыя шышкі. Немагчыма было вызначыць мэту гэтага дзеяння — як бег мураша па крузе. Але на небе быў Бог. А ў зямлю апускалі маці.

Пасля ён напіша, што маці — суперніца смерці. І выдыхне вершы з выяўленнем такой любові да жанчыны, якая падаравала яму жыццё, такога жалю праз яе страту, якіх ніхто ў паэзіі да яго не выяўляў.

У фізічных высілках чалавек здольны не на шмат большае, чым мураш. Калі нават нешта закіне ў неба. А ў высілках духоўных ён можа наблізіцца да Бога.

“Паэт будуе сам сябе, як храм…” — сказана Барадуліным не ў маладосці — на схіле веку. Калі ўжо з’явілася адчуванне, што ён “адзін, як час”.

Да зоркі лёсуПазычаным ценемПрывязаны,Я пасуся тут…

Хвароба, якая ў апошнія гады бязлітасна яго згрызала, адбірала рухі, адбірала рукі — не закранула дух, розум, талент. Бог не даў. Абараніў свайго абранца. І да апошняга радка, да апошняга свайго выдыху Рыгор Барадулін — светлы, ясны, высокі, пранізлівы. Паэт неверагоднай сілы і красы. Найпершы паэт крывіцкай мовы, чарадзей беларускага слова.

Калі яго апускалі ў зямлю, клалі побач з маці, сонца ўжо схавалася — і над кладамі, над вершалінамі соснаў хутка-хутка ўзышоў, нібы ўскрыліў, маладзік. Не выпадкова ўскрыліў: першая кніга Рыгора Барадуліна пазначаная маладзіком. Бог пра гэта не забыўся. І новенькі, толькі што адкаваны серпік маладога месяца здаваўся залатой прыступкаю, стаўшы на якую Барадулін і пайшоў ад нас. Так, як звык: пехатаю. Туды, дзе ягоная маці Куліна, ягоныя сябры Быкаў і Караткевіч: у неба.

 

 

 

10 апреля 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі