+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Віцебскія актывісты сабралі гуманітарную дапамогу для сухотнага шпіталя (фота, відэа)

Акцыю ажыццявілі сябры «Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі» сумесна з актывістамі «Гавары праўду!» і прадпрымальнікамі Смаленскага рынку Віцебска.

Гуманітарная дапамога адрасавалася пацыентам Багушэўскага абласнога сухотнага шпіталю. Гэта бялізна, вопратка (у тым ліку курткі, майкі, шкарпэткі), абутак, прадукты харчавання, невялікая бібліятэка з 41 кнігі твораў на хрысціянскую тэматыку і зборнікаў вершаў Уладзіміра Некляева.

Збор сродкаў для хворых на сухоты пацыентаў Багушэўскага шпіталю ініцыяваў Сяргей Парсюкевіч, актывіст кампаніі “Гавары праўду”:

– Людзі, бывала, распавядалі – у якіх там сваякі ці знаёмыя лекаваліся, – што там і халодна ўзімку, і кормяць дрэнна. Ну, чым кормяць? Кашкай нейкай… А каб там цукеркі ці печыва, ці садавіны – пра такое толькі марыць можна! А яшчэ, казалі, там шмат проста кінутых людзей, у якіх няма сваякоў, да якіх ніхто не прыязжае. І яны адрэзаныя ад сьвету –  ім нават няма ў чым выйсьці, каб проста пабыць на паветры.

Прадпрымальнікі са Смаленскага кірмашу сабралі для хворых рэчы: коўдры, бялізну, шкарпэткі, спартовыя касьцюмы, некалькі цёплых куртак, абутак. Яшчэ віцебскія актывісты сабралі амаль тры мільёны грашовых ахвяраваньняў і на гэтыя сродкі набылі печыва, цукерак, яблыкаў, мандарынаў…

Сяргей Парсюкевіч і дабрачынцы са Смаленскага кірмашу

Бібліятэка шпіталю папоўнілася таксама кнігамі, якія перадала для хворых віцебская каардынатарка Аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Таццяна Севярынец:

– Мы стэлефанаваліся з галоўурачом Натальляй Лясной. Яна сказала, што да нас выйдзе камісія, і насамрэч выйшлі шмат жанчын, мужчын, адзін зь іх нават ахоўнік у міліцэйскай форме. Мы падвезьлі рэчы, яны пачалі ўсё запісваць, пералічваць – каб мы не падумалі, што гэтыя рэчы ня дойдуць да хворых. Усё распытвалі, хто мы такія і навошта гэта робім. Мы сказалі, што мы проста неабыякавыя людзі, якія імкнуцца дапамагчы тым, каму найцяжэй у гэты час.

Усе рэчы і прадукты перагледзеў чалавек у міліцэйскай форме – каб не было схавана што забароненае, да прыкладу, алькаголь.

А як тут без міліцыі? 

Перагледзелі і перадачу, падрыхтаваную Тацянай Севярынец для прыхільніка стварэньня партыі БХД Валера Ганчарэнкі, які цяпер знаходзіцца ў шпіталю. Паводле зьвестак са СМІ, спадар Ганчарэка колькі часу таму абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць дрэнных умоваў утрыманьня хворых. Але гэта работнікі шпіталю абверглі. І сказалі, што інфармацыя пра кепскія ўмовы ў шпіталі не адпавядае рэчаіснасьці:

– Што напісана ў інтэрнэце – гэта ўвогуле на нас паклёп узьвялі! Нам гэта дужа крыўдна, бо мы для хворых дужа стараемся. І накормленыя яны ў нас, і дагледжаныя. І праблем вялікіх няма!

Каля шпіталю

Праверыць, ці праўду сказалі медработнікі, было немагчыма: на тэрыторыю шпіталю пабочных асобаў не пускаўць, яна абгароджана высокім плотам, і на кантрольна-прапускным пункце дзяжурыць ахова. Але Сяргею Парсюкевічу паабяцалі, што дашлюць фотаздымкі, як раздавалі хворым падарункі, – і тады можна будзе ўбачыць, як насамрэч жывуць хворыя на сухоты ў Багушэўскім шпіталі.

28 декабря 2011

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі