+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Вінаградаў: З’ехаць з Беларусі — значыць здацца. Лепш сядзець на сутках

Малады апазіцыянер, які за два гады адбыў 15 арыштаў, тлумачыць, чаму застаецца ў Беларусі, навошта хоча псаваць жыццё чыноўнікам і за кошт чаго жыве.

vinahradau_head

Падобна да таго, што ў не згодных з палітыкай беларускіх уладаў пачаліся чарговыя непрыемнасці. Ад асабліва смелых і ўпартых актывістаў раз-пораз усплываюць невясёлыя гісторыі пра іх узаемаадносіны з органамі.

“Паколькі ў мяне прэвентыўны нагляд, то ў чацвер, 2 кастрычніка, я мусіў ісці ў міліцыю, каб адзначыцца, — згадвае для Еўрарадыё вядомы апазіцыянер Павел Вінаградаў. На гэтую гісторыю мы не маглі не звярнуць увагі. — Прыйшоў. У мяне інспектар забірае асабістыя рэчы. Як пазней высветлілася, для таго каб упэўніцца, што я не запісваю на дыктафон, што адбываецца. Далей ён ставіць умову: “Ці ты, грамадзянін Вінаградаў, пераязджаеш у Беразіно жыць да свайго бацькі, ці едзеш лаяцца матам”.

“Лаяцца матам”, як разумееце, — адна з фармулёвак адміністрацыйнага кодэкса, па якой многіх нязгодных актывістаў саджаюць на суткі ці даюць важкія штрафы. Хай сабе чалавек і выглядае інтэлігентам у пятым калене. Так, напрыклад, у 2012 годзе пасля аднаго з матэрыялаў Еўрарадыё ў вязніцу нечакана трапіў наш тагачасны журналіст Павел Свярдлоў — уладальнік крышталёвай савы ўкраінскага клуба “Што? Дзе? Калі?”

“Я кажу, што нешта не гатовы ехаць у Беразіно, прынамсі зараз. Таму раз “лаяцца матам”, то давай “лаяцца матам”, — працягвае аповед Павел Вінаградаў. — Адказ мой, відаць, супрацоўніка не задаволіў, таму мяне павялі да начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага раёна, спадара Мікалая Лужынскага. Гутарка адбываецца ў такім жа рэчышчы. Ён і кажа: “Справа сур’ёзная, трэба, каб ты пераехаў”. І рытарычна спытаў, ці ведаю я, дзе Завадскі (беларускі аператар тэлеканала АРТ, які ў пачатку 2000-х знік каля Нацыянальнага аэрапортаЕўрарадыё). Пытаюся, ці гэта пагроза. Адказвае: “Я не пагражаю, я папярэджваю”. Скончылася тым, што я правёў ноч у засіканым “стакане” Маскоўскага РУУС. На наступны дзень да мяне прыйшоў міліцыянер і паказаў матэрыялы справы, дзе было напісана, што я быў у нецвярозым стане ля суседняга з РУУС будынка, дзе мяне нібыта затрымалі. І дзесьці праз гадзіну мне прынеслі пастанову, якую вынес намеснік начальніка РУУС спадар Руцкі. Мне далі 1,2 мільёна штрафу, і пайшоў я дадому”.

vinahradau_akcyja

Еўрарадыё: З чым, на вашу думку, былі звязаныя гэтыя падзеі?

Павел Вінаградаў: У мяне ёсць падазрэнні, што паколькі гэта не адзінкавы выпадак, у хуткім часе я магу апынуцца ў адным з лячэбна-працоўных прафілакторыяў нашай Радзімы.

Еўрарадыё: Чаму, як лічыце, да вас такая ўвага?

Павел Вінаградаў: Прычына ў актыўнай грамадзянскай пазіцыі, публічнай нязгодзе з чалавекам, які называе сябе прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Маладая, борзая прынцыповасць. Дзесьці так.

“Магчыма, я ідыёт. Магчыма, занадта прынцыповы”

Тое, што робяць такія актывісты, — бяскрыўдныя з выгляду акцыі, пікеты, флэшмобы ці максімум вывешванні гістарычнага сцяга або плаката з непрыемным для некага тэкстам. У сотнях краін свету штодня адбываюцца тысячы такіх акцый, на якія часта нават не звяртаюць увагі. Але ў Беларусі за гэта караюць.

“Адбываў я адміністрацыйныя арышты 17 разоў. З іх 15 — з 2012 года. Па колькасці сутак я ўжо даўно збіўся з падлікаў. Ведаю толькі тое, што іх было больш за 200, — вядзе сумныя падлікі Павел Вінаградаў. — Асабліва ўсё закруцілася ў пачатку 2012 года, калі была створаная моладзевая арганізацыя “Zмена” (суполка маладых людзей, што найчасцей арганізоўвалі малаколькасныя пікеты ці флэшмобы, на якіх выказвалася нязгода з некаторымі законамі і афіцыйнымі рашэннямі — Еўрарадыё). І вось з тае пары я пачаў альбо рэгулярна бываць у міліцыі, альбо ездзіць у цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на пэўную колькасць сутак — ад 5 да 25. За нібыта крымінальныя злачынствы я адседзеў прыкладна столькі ж”.

Еўрарадыё: Ці маглі б вы нагадаць пра крымінальныя справы?

Павел Вінаградаў: Гэта было пасля выбараў 2010 года. Тады я, як і дзясяткі іншых людзей, быў асуджаны па артыкуле “Масавыя беспарадкі”. Пры тым што я не падпісваў прашэнне аб памілаванні, адседзеў 8 месяцаў і 10 дзён. Пасля вызвалення мне тройчы напісалі, што я нібыта лаяўся матам, і павесілі прэвентыўны нагляд, які цягнецца больш за два гады. А яшчэ да гэтага пасля мітынгу прадпрымальнікаў была “Справа чатырнаццаці”. Тады мне далі два гады хатняй хіміі.

Еўрарадыё: Гэта ўнушальны спіс!

Павел Вінаградаў: Гэта, імаверна, не мяжа. Абстаноўка найбліжэйшым часам, падобна, не зменіцца.

vinahradau_zhonka

Еўрарадыё: Ці меў месца калі-небудзь фізічны гвалт у дачыненні да вас?

Павел Вінаградаў: Падчас адбывання пакаранняў фізічнага гвалту не было. Такое здаралася часам у некаторых РУУС Мінска і падчас масавых мерапрыемстваў. Сінякі, вывіхі, у прынцыпе, нічога сур’ёзнага. Пакульгаю пару дзён — і нармальна. У такім плане.

Еўрарадыё: Ці мелі месца яшчэ нейкія пагрозы ў дачыненні да вас?

Павел Вінаградаў: Самая папулярная пагроза, да якой я ўжо сур’ёзна не стаўлюся: “Зараз мы адвязём цябе ў Курапаты і закапаем”. Яшчэ адно ведамства перадавала мне, што калі не спыню актыўнай дзейнасці, то мне абавязкова падкінуць наркотыкі. Потым мне перадавалі, што пасадзяць надоўга і ледзь не назаўжды…

Еўрарадыё: Што ў такой сітуацыі прымушае вас гнуць сваю лінію? Так адкрыта і эпатажна не пагаджацца з палітыкай улады?

Павел Вінаградаў: Магчыма, я ідыёт. Магчыма, занадта прынцыповы. Пакуль я не магу прыдумаць, як можна выказваць сваю пазіцыю па-іншаму. Таму любая актыўнасць, якую я выяўляю, будзе заканчвацца суткамі. А не рабіць гэтага я не магу.

Еўрарадыё: А што, калі вас на яшчэ больш працяглы тэрмін пазбавяць волі? Як Мікалая Статкевіча. Чалавек на гады ізаляваны ад грамадства, жыццё сапсаванае, не бачыш жонкі, родных. Такая перспектыва не палохае?

Павел Вінаградаў: Натуральна, палохае! Сядзець — дрэнна, непрыемна. Непрыемна самому і непрыемна сваякам. Але давайце тады ўсе змоўкнем ці з’едзем. Тады грамадзяне, якія пры ўладзе, увогуле будуць рабіць усё, што ім захочацца. Я не хачу ім рабіць такія падарункі.

“Груба кажучы, добры камп’ютар — вось і ўсё, што ў мяне ёсць”

У многіх паўстае пытанне: а на што ўвогуле жывуць такія актывісты апазіцыі, як Павел Вінаградаў? Якая ў іх адукацыя?

Павел Вінаградаў: Я па прафесіі цырульнік. З Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта мяне выключылі адразу ж, як даведаліся пра мае погляды. Не падумайце, што я ў такой сітуацыі імкнуся трапіць у нейкія праўладныя колы. Больш за тое, я разумею, што якраз мяне дапускаць да кіравання краінай не трэба. Хоць у мяне, напрыклад, ёсць набор ідэй, што трэба зрабіць, каб беларусам лепш жылося. Напрыклад, мне б хацелася ператварыць краіну ў турыстычны рай у цэнтры Еўропы. Але разумею, што я, уласна, даволі неадукаваны грамадзянін. Я магу не ведаць, як трэба, але дакладна бачу, як не трэба. І мне хочацца гэта зламаць.

vinahradau_partret

Еўрарадыё: А на якія сродкі вы жывяце?

“На што я жыву, казаць не магу. Бо тады гэта хутка скончыцца. Але калі да мяне дадому заходзіць міліцыя ці дэмакратычныя актывісты, то кажуць: “А дзе ж гранты? Нешта не відаць!” Простая здымная аднапакаёўка, дзе я жыву з жонкай. У мяне няма нічога незвычайнага. Груба кажучы, добры камп’ютар — вось і ўсё, што ў мяне ёсць. Амерыканскі Дзярждэп колькі мне дае — столькі і хапае на падножны корм і на камп’ютар”, — жартаўліва ўсміхаецца Павел.

Еўрарадыё: Вы дабіваецеся сваіх мэтаў прынцыпова, напралом і з вялікімі стратамі для здароўя. Гэта выглядае не зусім па-беларуску. Партызан-беларус, калі б яго так саджалі ў турму, лепш бы прыцішыўся і прыдумаў, як дасягнуць мэтаў іншымі шляхамі.

Павел Вінаградаў: А ў мяне няма ні кроплі беларускай крыві. Ёсць руская, украінская, польская, кажуць, нават цыганская.

Еўрарадыё: А кім вы сябе лічыце?

Павел Вінаградаў: Ліцвінам (так сябе называла шляхта з нашых земляў у гады існавання Вялікага Княства Літоўскага. Такімі сябе лічылі і такія постаці, як Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка і многія-многія героі з падручнікаў па гісторыі БеларусіЕўрарадыё). І адначасова грамадзянінам свету. Я ўвогуле не люблю прыпісак да нацыянальнасці. Я не разумею людзей, якія ганарацца ці не ганарацца сваёй нацыянальнасцю. Важна тое, што ты абіраеш для сябе сам.

Еўрарадыё: Ведаем, што вас неаднаразова запрашалі на ПМЖ за мяжу. Пэўна ж, маглі б скончыць там адукацыю, абзавесціся жыллём, зарабляць. Чаму вы замест гэтага выбіраеце турму?

Павел Вінаградаў: Яшчэ з 2008 года мяне чакае праграма Каліноўскага ў Польшчы. Часта кажуць: “Паша, там можна пажыць, і там праца, вучоба, жыллё…” Гэта прагучыць пафасна, але мне цікава ажыццяўляць сваю місію. Мой мінімум — псаваць настрой несумленным чыноўнікам і спецслужбам. Максімум — каб сітуацыя ў Беларусі змянілася. Я не ведаю, пакуль рана здавацца. З’ехаў — значыць здаўся. Я гэтага не хачу.

Еўрарадыё: А калі сітуацыя, на вашу думку, можа змяніцца?

Павел Вінаградаў: Сітуацыя можа змяніцца ў любы момант. Нельга выключаць нават фактар бананавай скуркі, на якой хто-небудзь паслізнецца і зломіць шыю.

Еўрарадыё: У плане дабрабыту Беларусь — далёка не самая кепская краіна ў свеце. Хто грунтоўна павандраваў па свеце, разумее гэта…

Павел Вінаградаў: Я схіляюся да думкі, што Беларусь сапраўды уваходзіць у так званы сусветны залаты мільярд людзей, якія добра жывуць. Дрэннае ж у нас, як і ў многіх іншых краінах, — абыякавасць і невуцтва. Гэта нават не эканамічныя праблемы, не іншыя сферы. Гэта больш жыццёвыя, маральныя рэчы. Высокая зарплата — не паказчык шчасця. А ў нас тыя, хто называе сябе ўладай, здараецца, сікаюць на нас і кажуць, што гэта дожджык. Таму я сябе шчаслівым лічыць не магу і мяркую, што большасць беларусаў таксама. Хочацца, каб чыноўнікі былі нашымі падначаленымі, а не бралі і не дарылі, як паведамлялася, нейкім шэйхам 25 гектараў нашай зямлі пад Мінскам. Гэта ўсяго толькі адзін прыклад.

Еўрарадыё: Ці верыце вы ў гіпотэзу, што сёння патрыятычна настроеныя людзі маглі б аб’яднаць намаганні з уладай дзеля развіцця беларускай культуры і ўзмацнення такім чынам краіны? Хай сабе і ў сённяшніх неадназначных умовах. Тым больш што з’явілася канкрэтная вонкавая пагроза.

Павел Вінаградаў: Я лічу, што рабіць так — лепш, чым не рабіць ніяк. Але я аддаю перавагу не таму, каб лячыць сімптомы, а таму, каб лячыць захворванні. У нас цяпер захворванне выдатна персаніфікаванае. Чым па 30 разоў латаць і перашываць шкарпэткі, лепш узяць новую пару.

 Яуген Валошын,  «Европейское радио для Беларуси»

7 октября 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі