+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Выбары ў Савет Рэспублікі: Дворнік і гендырэктар

Патрапіць у верхнюю палату парламента “чалавеку з вуліцы немагчыма”.

“Чалавеку з вуліцы немагчыма. Гэта вышэйшая палата парламента. Чалавек з вуліцы можа ўдзельнічаць у тых выбарах, якія адбудуцца 23 верасня”, — расказваюць Еўрарадыё ў Мінгарсавеце.

І даюць параду штудзіраваць выбарчае заканадаўства. Маўляў, пара зараз гарачая і часу на прэсу няма. У законах знаходжу падрабязнае апісанне працэдуры: па восем чалавек абіраюць абласныя саветы, яшчэ па восем кандыдатур прапаноўваюць сталіца і асабіста кіраўнік краіны. Галасуюць чамусьці таемна.

Звычайна выбары праходзяць без лішняга шуму, неспадзяванак і безальтэрнатыўна. Прынамсі, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у размове з Еўрарадыё не змог прыгадаць, каб было больш прэтэндэнтаў, чым месцаў.

У Гомельскім абласным савеце дэпутатаў расказваюць, што вылучаюцца заслужаныя прэтэндэнты і дэпутаты іх кандыдатуры, як правіла, не адкідваюць.

А вылучэнцы — людзі насамрэч няпростыя. Рэдактар “Гомельскай праўды” Бяспалы, старшыня Гомельскага аблвыканкама Дворнік, прарэктар Мазырскага ўніверсітэта Краневіч і нават гендырэктар “Беларуснафты” Ляхаў.

Сярод гэтых віпаў дырэктарка Рэчыцкага ліцэя Ірына Пяткун выглядае сціпла. Пытаюся, навошта жанчыне спатрэбілася вылучацца ў сенатары.

“Несумненна, калі я стану членам Савета Рэспублікі, то я пастараюся рэалізаваць свае намеры”.

Намеры такія: адмена жорсткіх патрабаванняў пры наборы класаў у ліцэях і гімназіях, больш свабоды ў профілях навучальных установаў. Шкада толькі, што Савет Рэспублікі збольшага галасуе “за” альбо “супраць” законапраектаў, прапанаваных Палатай прадстаўнікоў. Часцей “за”. Таму дырэктарцы будзе вельмі складана прасоўваць свае ідэі. Аднак у ніжнюю палату Ірына Пяткун балатавацца не хоча. Працу дэпутата сумяшчаць з працай у ліцэі немагчыма.

«У Палаце прадстаўнікоў мне прыйшлося б пакінуць сваю пасаду. А я вельмі люблю свой ліцэй, свой горад. У Савеце Рэспублікі я змагу працаваць па сумяшчальніцтве. Проста ездзіць у камандзіроўку раз у месяц на некалькі дзён. А ў Палаты прадстаўнікоў працяглыя сесіі — па 2-3 месяцы. І некалькі разоў на год. Натуральна, што з асноўнай працай іх сумяшчаць нельга”.

Як даведалася Еўрарадыё, за працу ў Савеце Рэспублікі сенатары нічога не атрымліваюць — галасуюць бясплатна. Заробкі маюць толькі кіраўнік і яго намеснікі. Даведацца імёны новых сенатараў можна будзе з дзяржаўных газет.

Крыніца: Еурарадыё

4 сентября 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета