+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

«Я – ПРОСТЫ БЕЛАРУС». 10 гадоў таму не стала Васіля Быкава

Іду па беразе Дубровенскага вадасховішча, што побач з Раўбічамі, і каля дачы Алеся Адамовіча заўсёды прыпыняю крок. Гляджу скрозь сетку агароджы, ці не відаць сярод зеляніны дрэў і кустоўя Веры Сямёнаўны альбо Наташы. І памяць пачынае адкручваць гады, быццам іх не было ўвогуле, быццам тое, што памятаецца, было ці не ўчора…

Быкаў прыехаў сюды, у дачны пасёлак Акадэміі навук Беларусі, на сваёй «Волзе». Адамовіч, ужо дырэктар маскоўскага кінаінстытута, калі ўлетку наязджаў у Мінск, імкнуўся абавязкова пабываць на дачы. Краявід з дома на пагорку, які займелі яны разам з Віктарам Каваленкам, казачны — вялізная водная прастора і высокі лес на процілеглым беразе.

***

Час быў няпэўны — пачатак 1990-х. Адразу пасля скону Савецкага Саюза. Было відаць, што сябры бачыліся ўжо ў Мінску, але не нагаварыліся. Вядома, што яны не маглі адзін без аднаго. Ахматава неяк заўважыла, што не верыць успамінам, у якіх з стэнаграфічнай дакладнасцю ідзе аповед у стылі «сказаў ён», «адказаў той». Але магу засведчыць, што Адамовіч працягваў бараніць Гарбачова, ставячы яму ў заслугу, што «не дапусціў крыві». Цяпер важна, каб не «разгуляліся нацыянальныя эгаізмы», каб у новых дзяржавах усталявалася спалучэнне нацыянальнага з сацыяльнымі чаканнямі большасці. Таму вельмі значны зараз голас інтэлігенцыі. Быкаў быў настроены песімістычна. Лічыў, што «ўсё яшчэ можа вярнуцца і ў больш жорсткім выглядзе». Рэвалюцыі як бы і не было. Савецкі Саюз сам сабой паваліўся. А вось Тэрмідор абавязкова будзе. Што да ролі інтэлігенцыі, дык яна схільная свае прыярытэты выдаваць за агульнанародныя. І тут магчымы корань драмы. Ці ж не так было ў Расійскай імперыі?

— Але ж вырасла новае пакаленне! З’явіліся абсалютна непадобныя, што называецца, нябітыя і таму досыць вольныя і духам, і ўчынкамі беларусы! — Гэта я паспрабаваў уставіць свае аптымістычныя «пяць капейчын».

Быкаў не пярэчыў. Вядома, з’явілася новая моладзь. Але гэта звычка — усе надзеі на моладзь, якая сама, між іншым, мае патрэбу ў шырокай грамадскай падтрымцы.

Відаць, што гэтыя думкі спелі ў ім. Іх адбітак ёсць і ў мемуарнай кніжцы «Доўгая дарога дадому», якую я зноў перачытаў зусім нядаўна. Вось ён піша: «Беларускі народ у сваёй масе напрыканцы ХХ стагодзьзя меў клопат ня так з праблемай адраджэньня, як з праблемай выжываньня. Хоць як-небудзь, хоць з бальшавіцкім рылам, але каб не ператварыцца ў мерцвяка, што ўвогуле было рэальна. Па сутнасьці ішоў працэс памірання (ва ўсіх сэнсах), і важна было клапаціцца, як затрымацца на краю пагібелі, а не дбаць пра колішнюю веліч часоў ВКЛ. Народ тое адчуваў інстынктыўна і таму на першых прэзідэнцкіх выбарах у масе сваёй не пайшоў за Пазьняком і БНФ зь іх віртуальным нацыянал-дэмакратызмам…»

Але разам з тым ён лічыў: «Ня надта добра, што зь цягам часу высакародная ўвогуле ідэя адраджэньня набыла ў вачох грамадства архаічнае адценьне — не заўсёды зразумелае, а таму і не прымальнае для сучаснага, празьмерна прагматычнага беларуса».

***

Дарэчы, сённяшняе перачытванне мемуарнай кнігі Быкава пакідае ўражанне яе нястрачанай актуальнасці. І ёсць безумоўнае адчуванне, што аўтар спяшаўся, быццам ведаў, што час яму адпушчаны нядоўгі. Зразумела, паралель, якую зараз прывяду, можа падацца не зусім карэктнай. Але вось успомнілася аповесць Васілія Гросмана «Усё цячэ». Гэта невялікая рэч менш вядомая, чым славуты раман «Жыццё і лёс». Пісаў яе Гросман спяшаючыся: рак, выкліканы перажываннямі ў сувязі з арыштам рукапісу яго галоўнага твора, рабіў сваю справу. У першых раздзелах падзеі разгортваюцца з уласцівай Гросману шматпланавасцю і эпічнасцю, у апошніх — ужо ідзе амаль што пратакол. Не паспець! Няма часу! А трэба сказаць самае важнае. І апошнія старонкі ўспамінаў Быкава — падаецца мне — прадыктаваныя гэтым жа адчуваннем недахопу часу і імкненнем сказаць істотныя рэчы. На апошняй старонцы дата — сакавік 2002 года. А трохі болей як праз год яго не стала.

Няма намеру азначыць Быкаўскую «Доўгую дарогу дадому» запаветам ці чымсьці накшталт таго. Быкаў і пафас — рэчы нясумяшчальныя. І ягоныя словы ў гэтай кнізе: «Я ня лідэр і не “сумленьне нацыі”, я просты, стомлены жыцьцём беларус, які мае толькі адну мэту — застацца сумленным» — гэта не праява праславутай сціпласці. У гэтых словах сутнасць Быкава як асобы. Я не ведаю мемуарнай кнігі, у прадмоўі да якой аўтар выбачаецца перад тымі, каго не ўпамянуў, «пра каго напісаў мала ці тым болей ня так, як яны заслугоўваюць», «каго засмуціў названымі фактамі або празьмернымі азначэньнямі. Знарок нікога не хацеў пакрыўдзіць». Гэта ўжо гаворыць хрысціянская душа Быкава. Але ж яна і не дазволіла яму ўхіліцца ад прамога вызначэння зла і яго носьбітаў.

«Доўгая дарога дадому» ўяўляецца не столькі мемуарам, колькі споведдзю. Прычым споведдзю-самапазнаннем. Бо ягоная дарога дадому аказалася дарогай да сябе самога, да сваёй чалавечай, беларускай сутнасці. Яна сапраўды была доўгай па часе. І вельмі пакручастай. І «просты, стомлены жыццём беларус» — гэта не поза. Тым больш не моўная фігура. Спадзяюся, зразумела, што ягонае «просты» не мае нічога агульнага са звыклай праставатасцю. Гэта хутчэй пастaрнакаўская «неслыханная простота», але ў якой пануе глыбокае адчуванне свайго зліцця з народам, з якога выйшаў, з роднай зямлёй. Нічога не маю супраць касмапалітычных пачуццяў. Але вось гэтае самае «зліццё» — цудоўнае і разам пакутлівае адчуванне — ёсць тое, чаму варта пазайздросціць. Бо не кожнаму дадзена…

***

Здаецца, пісьменнік, хаця і дужа лаялі яго ў праўладна-«патрыятычнай» крытыцы, быў абвешаны ўсімі высокімі савецкімі рэгаліямі. Але ж тут і хавалася драма — застацца сумленным. Тая ж у рэшце рэшт праблема, якую мелі перад сабой і часам непасрэдна ці падсвядома адчувалі героі яго прозы. Той жа Сотнікаў… Барыс Сачанка, якому рэдакцыя «Полымя» даручыла «давесці» аповесць, параіў усяго толькі ўвесці адзінае ўпамінанне, што Сотнікаў быў камуністам. Але хіба гэта запала ў душу чытача? Ларыса Шапіцька невыпадкова надала пэўным сцэнам у сваім «Узыходжанні» біблійную выразнасць.

Разам з тым не будзем забывацца на тое, што і ў крытыцы, якая лічыла сябе нацыянальнай, рабіліся спробы давесці, што быкаўскія «лейтэнанты» — гэта не беларускае, што толькі са «Знака бяды» пачаўся Быкаў як менавіта беларускі пісьменнік. Тыя крытыкі не хацелі, не маглі бачыць з-за абмежаванасці свайго зроку, што якраз прага захавання сумленнасці, душы чалавечай выявіла ў найбольшай ступені беларускую сутнасць асобы Быкава, ягонага сэрца. Яна ж, гэта прага, паяднала яго з лепшай рускай літаратурай пра вайну і праз тое з сусветнай. Сам Быкаў дакладна разумеў гэта і на звыклы пералік у расійскай крытыцы — «Бондараў, Бакланаў, Астаф’еў, Някрасаў, Быкаў» — адгукаўся так: калі яны так лічаць, то я не супраць. Нацыянальнае для яго не было вышэй за чалавечае. Таму і Сотнікаў, і Пятрок са Сцепанідай — людзі блізкія менавіта сваім чалавечым патэнцыялам.

Калі думаеш пра гэта, разумееш, што Быкаў быў адным з апошніх гуманістаў найноўшага часу. Разам з ім скончылася тая вялікая літаратура, якую называлі «учительной». Далей пайшлі постмадэрнісцкія гульні. Ёсць нейкая невыпадковасць: скончылася ХХ стагоддзе, стагоддзе найбольшых трагедый у гісторыі чалавецтва і стагоддзе высокай літаратуры, прасякнутай малітвай за грэшнага чалавека. Пайшла ў дол кніга, культура. Быкаву не было месца ў гэткім свеце. Ці не таму ён бачыў сябе як «стомленага жыццём беларуса»?

***

Апошнія гады яго жыцця — гэта сапраўдная трагедыя… Тое ж выгнанне. Так, ён дабраахвотна выехаў за мяжу. Так зрабілі ў часы гітлераўскага панавання Томас Ман і Ліон Фейхтвангер. Але па сутнасці сваёй гэта было выгнанне. Калі не забывацца, як ён любіў Беларусь, як літаральна дыхаў ёю, то можна гаварыць, што яго задушылі, пазбавіўшы магчымасці жыць і працаваць на роднай зямлі. Эміграцыя не надае сілы пісьменніку. А для Быкава гэта ўвогуле была жудасная доля.

Ці можна забыцца на яго тэлефонны званок мне незадоўга да яго ад’езду з Германіі ў Прагу? Голас быў спакойны, але адчувалася змучанасць. Бадзянні па замежжы старога, хворага пісьменніка, славы і гонару нашай культуры, — гэта будзе запісана, ужо запісана ў абвінаваўчы прысуд рэжыму.

Пахаванне Быкава сталася мацнейшай дэманстрацыяй беларускага грамадства. Менавіта тады яно пацвердзіла, што жыве, мае сумленне і прынцыпы. Міжволі прыходзіць параўнанне з падзеямі 19 снежня 2010 года. Тады таксама ў цэнтры Мінска было дужа многа людзей, хаця і менш, чым на Быкаўскім пахаванні. Але было адчуванне, што людзі не ведаюць, што ім рабіць, нягледзячы на прысутнасць вядомых лідараў апазіцыі. І тое скончылася вельмі драматычна. Калі ж праводзілі ў апошні шлях Быкава, людзі ведалі, чаму яны прыйшлі да Дома літаратара, чаму адкрочылі пехатой немалую адлегласць па галоўным праспекце да Маскоўскіх могілак. Беларускае грамадства адчувала, што развітваецца з часткай сваёй душы, з лепшымі яе якасцямі, што ўвасабляла асоба Быкава. З ім нібы адыходзілі сумленне, вера, надзея. Памёр апошні ў свеце заступнік за беларусаў, да голасу якога свет не мог не прыслухоўвацца. Але разам з адчуваннем сірочасці, што так непапраўна абрынулася, было і імкненне паказаць гэтай уладзе, з кім мы, на чыім баку. Мёртвы Быкаў ачольваў людзей у гэтым вялікім беларускім паходзе. Можа, гэта было апошняе, што ён здолеў зрабіць для нас, — з’яднаць, паказаць, што мы не пакорнае быдла, што мы яшчэ маем прагу да свабоды. О, каб на той свет прыходзілі звесткі з нашага! Можа, трохі б паменела быкаўскага песімізму.

«Хацелася яшчэ дажыць да свабоды, ды тое, відаць, марнае памкненьне, — пісаў ён на апошніх старонках “Доўгай дарогі дадому”. — Майму пакаленьню, як і шмат якім папярэднікам, свабоды ня бачыць — хіба наступным…»

І разам з гэтым горкім прызнаннем працягваў разважаць, чаму так сталася. Былі ж «моманты, калі здавалася, што наша доўгачаканая ісьціна — ўжо побач, трэба яшчэ адно-два намаганьні, і мы будзем мець тое, пра што беларусы марылі доўгія стагодзьдзі. Але назаўтра высвятлялася, што ўсё перамянілася за адну ноч, і наша надзея апыналася адкінутай ў пазаўчарашні день. Усё трэба было пачынаць спачатку».

Сярод традыцыйных адказаў на пытанне, хто ў гэтым вінаваты, канешне, і Масква, якая «не дае дыхнуць залежным народам», і Захад, якому «даражэй адносіны з імпэрскай Масквой, чым зь няпэўнай Беларусьсю». Але «найболей вінаваты мы самі, бо яшчэ не ўсьвядомілі боскай каштоўнасьці свабоды і незалежнасьці». Быкаў упэўнены: «Народы, якія на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ад Хрыстовага нараджэньня не засвоілі гэтае ісьціны, рызыкуюць не засвоіць яе ніколі. І навек застацца рабамі — найперш уласнае цемры і ляноты».

Што значыць гэтае Быкаўскае папярэджанне? Як яго ўспрымаць сёння, праз дзесяць гадоў пасля таго, як адышоў аўтар гэтых суровых слоў? Чаго ў іх больш — горкай канстатацыі, што беларусы «не засвоілі» відавочнай ісціны пра «боскую каштоўнасьць свабоды і незалежнасьці»? Ці закліку не застацца рабамі, пераадолець уласную цемру і ляноту? Хутчэй за ўсё ёсць і тое і другое. Быкаў пакінуў нам выбар.

Cямён БУКЧЫН

«Народная воля»

22 июня 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі