+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Як шукалі свайго дэпутата ў Магілёве

13 верасня, магілёўскія актывісты кампаніі “Гавары праўду” зладзілі незвычайны пікет каля гандлёвага цэнтру “Крыніца”. Усім мінакам яны прапаноўвалі знайсці свайго дзеючага дэпутата парламента.

Людзі прыпыняліся і з зацікаўленнасцю шукалі свайго “народнага” абранніка.

У выніку толькі адна жанчына пазнала дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Васіленка, ды і толькі таму, што працуе ў школе і цікавіцца грамадска-палітычным жыццём краіны.

Кандыдат у дэпутаты па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе №84 Леанід Падбярэцкі адзначае, што людзі здзіўлены тым, што сам кандыдат агітуе за сябе.

“У нашых людзей нізкая грамадзянская культура. Людзі фактычна не цікавяцца палітыкай. Дзяржаўная манаполія на палітычную дзейнасць зрабіла людзей бяздумнымі і абыякавымі. Свайго дзеючага дэпутата ніхто не ведае і гэта не дзіва, бо як можна ведаць чалавека, якога прызначылі зверху і які толькі і робіць што праядае дзяржаўны бюджэт і стварае карцінку для парламенцкага фасаду, які таксама нічога не робіць”, — кажа Леанід Падбярэцкі.

“Я балатуюся ў парламент для таго, каб рэальна адстойваць інтарэсы кожнага жыхара сваёй акругі. Я адкрыты для размоваў, прымаю як крытыку, так і дзейсныя прапановы. Ад людзей не хаваюся – мой нумар тэлефона ёсць у агітацыйнай улётцы. Шмат хто мне звоніць”, — кажа Леанід Падбярэцкі.

Кандыдат у дэпутаты адзначае, што і надалей будзе радаваць магілёўцаў крэатыўнымі пікетамі да самога дня выбараў.

Таксама падобная акцыя прайшла і на акрузе іншага кандыдата ў дэпутаты Аксаны Закрэўскай. Аксана з актывістамі «Гавары праўду» зладзіла яе ля магілёўскага рэчавага рынку «Грабянёўскі».

Наведвальнікам рынку прапануецца знайсьці сярод 110 дзейных кандыдатаў свайго. Статыстыка пазнавальнасьці дэпутатаў — тут жа, на выстаўленым плякаце.

Закрэўская: «Мы хочам прыцягнуць увагу выбарцаў да праблемы непазнавальнасьці дэпутатаў. Чатыры гады таму іх абралі, а выбарцы нават ня могуць вызначыць, хто іх дэпутат, прозьвішча іхнага ня ведаюць. Людзі рэагуюць з усьмешкай. Кажуць, што ня ведаем, на выбары ня ходзім, не цікавімся й што «мы па-за палітыкай».

Тым часам выбарчая камісія Магілёўскай-Прамысловай акругі № 87 задаволіла зварот Аксаны Закрэўскай на павелічэньне колькасьці месцаў для агітацыі. Раней кандыдатам у дэпутаты гэтай акругі дазволена было праводзіць агітацыйныя пікеты на яе ўскрайку ў нялюдных месцах. Пасьля задавальненьня звароту кандыдаткі яна й здолела арганізаваць пікет на рынку. Раней яе агітацыя зводзілася да распасюду агітацыйных матэрыялаў без пікетаваньня.

Ян Праўдалюбаў, zapraudu.info

13 сентября 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам