+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Ярмошына адказала Караткевіч: тэарэтычна назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ можна запрасіць

Падчас сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая праходзіла на пачатку ліпеня ў Менску, грамадская арганізацыя «Гавары праўду» зьвярнулася да БДІПЧ з просьбай зрабіць для Беларусі выключэньне і прыслаць сваіх назіральнікаў і на мясцовыя выбары.

Лідэр арганізацыі Тацяна Караткевіч так абгрунтавала такое пажаданьне:

«Новыя мясцовыя выбары, на наш погляд, наўпрост зьвязаныя з апошнімі парлямэнцкімі. Цяпер мы маем, дзякуючы агульным намаганьням, двух дэпутатаў-дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў. Больш за тое, мы сфармавалі, як мне здаецца, патрэбу ў тым, каб альтэрнатыўны пункт гледжаньня быў паўсюдна гучны. Хочацца, каб гэтая тэндэнцыя працягнулася і па выніках мясцовых выбараў.

Заўважана, што на працэс падліку галасоў больш уплываюць замежныя, а ня ўнутраныя назіральнікі. Таму мы і просім БДІПЧ зьвярнуць асаблівую ўвагу на лютаўскія выбары. Магчыма, што пры іх правядзеньні будзе зьмененае і выбарчае заканадаўства. А гэта, на наш погляд, таксама падстава для Бюро прыслаць сваіх назіральнікаў у Беларусь. Карацей, мясцовыя выбары наступнага году могуць быць важным крокам наперад у разьвіцьці палітычнай канкурэнцыі і дэмакратыі ў Беларусі»

Лідзія Ярмошына на гэтую прапанову адказала наступнае:

«Палітычныя партыі і нават асобныя дэпутаты парлямэнту правам запрашэньня экспэртаў на выбары не валодаюць. У законе прапісаны тыя, хто можа гэта зрабіць. Іх няшмат — прэзыдэнт, парлямэнт, урад, Міністэрства замежных спраў, Цэнтральная выбарчая камісія. Канечне, ніхто ня можа забараніць кіраўнікам партый ці асобным дэпутатам пісаць запрашальны ліст у БДІПЧ. Але гэта ня больш за пажаданьне».

«Так склалася, — тлумачыць Ярмошына. — Традыцыйна мы прымаем экспэртаў Бюро на выбарах агульнанацыянальных — прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх. А на мясцовых могуць прысутнічаць дыпляматы з амбасад, якія акрэдытаваныя ў Менску. Але, па-першае, яны акрэдытуюцца толькі на час галасаваньня, то бок яны ня маюць права доўгатэрміновага назіраньня. А па-другое, мы можам ім і адмовіць, бо наша згода — гэта толькі жэст добрай волі».

У ліпені ў БДІПЧ зьявіўся новы дырэктар — Інгіб’ёрг Соўлрун Гістладоўтыр​ з Ісьляндыі. Ярмошына кажа, што з дырэктарамі БДІПЧ «за многія гады сваёй працы мела вельмі мала спраў»:

«Што тычыцца палітычных ацэнак выбараў і кантактаў на высокім роўні, то тут на першым пляне кіраўніцтва Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Я ня думаю, што дырэктар БДІПЧ прынцыпова ўплывае на падыходы ў ацэнцы выбараў. Ён усё ж найперш выканаўчы дырэктар».

Пасьля таго як у Палаце прадстаўнікоў зьявіліся два дэмакратычныя дэпутаты, пайшлі размовы, што апазыцыйныя сілы могуць істотна павялічыць сваё прадстаўніцтва ў мясцовых саветах. Чаму б ЦВК не праявіць ініцыятыву, тым болей што такое права ў Цэнтральнай камісіі ёсьць, і не запрасіць экспэртаў БДІПЧ на мясцовую выбарчую кампанію?

«Мы ўжо падрыхтавалі папярэдні каштарыс выбараў, — кажа Ярмошына. — І на запрашэньне міжнародных назіральнікаў там грошы не закладзеныя. Найперш таму, што іх ніколі раней не запрашалі. А па-другое, пытаньне аб запрашэньні замежных місіяў вырашае кіраўнік дзяржавы пры прызначэньні выбараў. Спачатку вызначаецца дата выбараў, а пасьля можна думаць і пра запрашэньні.

Я вам назвала ўсіх, хто мае юрыдычнае права запрасіць замежных назіральнікаў. Але так склалася практыка, што гэтым правам на мясцовых выбарах яшчэ ні разу ніхто не скарыстаўся. Гіпатэтычна запрашэньне магчымае. Але ж заўжды выпрацоўваецца адзіная дзяржаўная палітыка, і менавіта палітычным кіраўніцтвам краіны».

Паводле Ярмошынай, цяпер ЦВК рассылае лісты ў абласныя саветы і выканкамы, каб да 22 кастрычніка яны вызначыліся з колькасьцю выбарчых акругаў на сваёй тэрыторыі. Выканкамы павінны да пачатку кампаніі распрацаваць мапу-схему выбарчых акругаў з усімі іхнымі межамі і колькасьцю выбарнікаў, кажа яна.

«Радыё Свабода»

10 августа 2017

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…