+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Юры Салодкі: Адказ дэпутата — “Адчапіцеся ад мяне са сваімі праблемамі!”

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» з Мінска Юрый Салодкі распавядае пра свае вуражанні ад перапіскі з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Вось што піша Юрый на сайте «Беларускіх навін»:

«19 красавіка Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да народа і парламента. Пасля яго выступу ў дэпутатаў была магчымасць задаць пытанні, што цікавяць саміх дэпутатаў альбо выбарцаў, якіх яны прадстаўляюць. Мабыць у Беларусі ўсё цудоўна, стабільна і нявырашаных праблем няма, бо амаль усе сябры “парламента” прамаўчалі.

Ну, калі ў “народных абранцаў” пытанняў да Лукашэнкі не знайшлося, то ў нас, мінскіх актывістаў “Гавары праўду”, з’явілася багата пытанняў да саміх дэпутатаў, якія апошнія маглі б задаць кіраўніку дзяржавы.

Аднолькавыя пытанні былі разасланыя 20 дэпутатам, якія, як самі сцвярджаюць, прадстаўляюць інтарэсы жыхароў Мінска ў Палаце прадстаўнікоў. У дэпутатаў мы запыталі: “Што стала прычынай маўчання? Баязлівасць або адсутнасць праблем? Калі баязлівасць, тады дэпутатам не месца ў парламенце краіны, і наогул у дзяржаўнай службе. Калі адсутнасць праблем, тады мы Вам нагадаем некалькі праблемных пытанняў”.

І нагадалі … пра ўшчыльняльную забудову Мінска, пра знішчэнне зялёных зон і наплявацельскае стаўленне гарадскіх уладаў да грамадзян; пра пастаяннае падаражэнне кошту навучання ў ВНУ Беларусі (па гэтых паказчыках мы ўжо абагналі некаторыя ВНУ ў краінах Еўропы, дзе даходы грамадзян вышэй, чым у Беларусі); таксама акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці абрання кіраўнікоў мясцовай выканаўчай улады (рай-, гар- і аблвыканкамаў), бо прызначаныя кіраўнікі часцяком выконваюць свае абавязкі нездавальняюча.

Нарэшце атрымалі першы адказ ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі БеларусьВалянціны Сцяпанаўны Лявоненка (Купалаўская выбарчая акруга № 95).

З першых радкоў можна зразумець танальнасць адказу: “У сувязі з Вашым зваротам да мяне як дэпутата Палаты прадстаўнікоў з папрокам…».

Дазволю сабе заўважыць, што папроку не было, а былі толькі зададзены рытарычныя пытанні пра “баязлівасць або адсутнасць праблем у краіне”.

Далей спадарыня Лявоненка старанна апісвае заканадаўства, якое рэгламентуе дзейнасць дэпутатаў у Беларусі, і заканчвае абзац фразай: “Лічу, што нельга зводзіць працу дэпутата і ацэньваць яе вырашэннем толькі тых праблем, якія ўяўляюць колавыключна Вашых інтарэсаў”. Гэта азначае, што ўшчыльняльная забудова Мінска, знішчэнне паркаў і сквераў (пра парк 40-годдзя Кастрычніка, знішчаны са згоды менавіта гэтага “дэпутата”, напішу крыху ніжэй), пастаяннае павелічэнне кошту навучання ў ВНУ краіны — мае асабістыя інтарэсы, якія ніяк не адлюстроўваюць меркаванне грамадзян?!

Калі спадарыня Лявоненка і праўда так лічыць, то яна адарвалася ад рэальнасці, так бы мовіць, сур’ёзна і надоўга. А калі ж напісала яна гэта, каб паказаць сябе разумнай і прыгожа выйсці з сітуацыі, то адказам сваім даказала адваротнае.

Вось яшчэ некалькі фраз з адказу.

На пытанне аб падаражэнні навучання ў ВНУ: “… у адпаведнасці з арт. 46 Кодэкса аб адукацыі РБ, студэнты маюць права на льготны крэдыт для аплаты першай вышэйшай адукацыі”. Значыцца, нічога страшнага, на думку “дэпутата”, у дарагім навучанні няма, бо можна браць крэдыт.

Або вось на тэму актуальную для Мінска як ніколі: «Калі ў Вас ёсць канкрэтныя прыклады, што на тэрыторыі Купалаўскай выбарчай акругі № 95 ўшчыльненне вядзецца з парушэннем, то я гатовая агучыць дадзеныя прыклады і пачуць адказы на сустрэчы з кіраўніцтвам Мінгарвыканкама». Гэта ўжо гучыць як здзек, бо дзеля будаўніцтва гатэля «Пекін» быў знішчаны парк 40-годдзя Кастрычніка, які размяшчаецца менавіта на тэрыторыі Купалаўскай выбарчай акругі № 95?!

Спадарыня Лявоненка асабіста прымала ўдзел у абмеркаванні праекта забудовы парку 40-годдзя Кастрычніка. І я выдатна памятаю, як падчас сустрэчы грамадзян з прадстаўнікамі ўлады (Мінгарвыканкам, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і дэпутат гарсавета) па пытанні знішчэння парку я выступіў з прамовай, у якой звярнуў увагу на праблемы і на тое, што гэты праект у літаральным сэнсе спрабуюць праціснуць, і ў той час як дэпутаты, якія павінны быць на баку грамадзян, дэпутат Лявоненка стаіць на абароне інтарэсаў гарадскіх уладаў і выступае за знішчэнне парку і будаўніцтва гатэля “Пекін”.

Рэакцыя спадарыні Лявоненка была наступнай: “Не трэба ўсё пераводзіць у палітычнае рэчышча! Што Вы развялі тут дэмакратыю? Прынята рашэнне, яно пойдзе на карысць гораду!”. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што дзесяткі грамадзян, прысутных у зале, пачалі гучна абурацца і выкрыкваць: маўляў, што, дэмакратыя — гэта хіба дрэнна?

Пачакаем, што адкажуць астатнія 19 дэпутатаў ад горада Мінска, але з першага ліста Валянціны Лявоненка становіцца зразумела, наколькі знахабіліся некаторыя “дэпутаты”. Дэпутатка не толькі спрабуе неяк апраўдаць сваю пасіўнасць, але і контратакуе. Нармалёвая рэакцыя для чалавека, які займае не сваё месца. Такіх у Палаце прадстаўнікоў шмат. Яны, атрымаўшы добрую зарплату за маўчанне ў парламенце, не збіраюцца рэагаваць на праблемы жыхароў.

Ну што ж, няхай праседжваюць штаны і спадніцы, а мы працягнем супрацу з нашымі будучымі выбаршчыкамі на падставе “Грамадзянскай дамовы”. Няма дэпутатаў парламента — самі будзем дэпутатамі!»

Крыніца: Беларускія навіны

17 мая 2013

Коментарии

  • гена17 мая 2013 #

    Вельмі добра ўсё напісана. Але мяне не здзівіла нішто з гэтага артыкула. Дэпутаты прызначаныя, а не абраныя народам так і будуцт аднасіцца да праблем горада, рэспублікі. Юрась упусціў такі важны момант, што ўсе дэпутаты размаўляюць і, напэйна напісалі адказы на запыт, на расейскай мове, якая не з’яўляецца нацыянальнай. Таксама няма канчатковай высновы ў артыкуле, або адказа на пытанні 1. Ці патрэбныя такія выбары і такія дэпутаты.2.Ці трэба хадзіць на такія выбары. Думаю, што артыкул патрэбна разаслаць у газэты «Наша ніва», «Нарднаю волю» і дзяржаўныя.

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Беларусь не только Минск»: форум регионального развития в Бобруйске