+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

З таго свету табе адзавуся (Уладзімір Някляеў пра 1863 і 2013 гады)

У кожнага пакалення свой час і лёс. Наш лёс выпаў на час, калі не на сцэне, дзе ставяць «Тутэйшых» Купалы, а ў рэальнасці вырашаецца пытанне, кім нам быць: беларусамі, ці тутэйшымі? І ўвогуле: быць ці не быць?

Нібыта ўсе за тое, каб быць — і быць беларусамі. Нават улада не супраць. Але яна хоча, каб мы былі нейкімі дзіўнымі беларусамі. Народам без нацыянальнай мовы, культуры, гісторыі — і без нацыянальных герояў, якія гісторыю сімвалізуюць.

Іх у нас не так многа. Адзін з іх — і найпершы — Кастусь Каліноўскі. Чаму?..

Бо ён быў першым, хто ўсвядоміў, што ёсць Беларусь, і першым яе палюбіў. Адчайна, самаахвярна.

Чаму сёння нацыянальнага героя раптам вырашылі ператварыць у ворага? Чаму прыдумалі, нібы ён ненавідзеў Беларусь, беларусаў, нават гатовы быў забіваць беларускіх дзяцей?..

Менавіта таму, што вырашаецца пытанне: кім нам быць? Беларусамі, ці тутэйшымі?

Таму што Каліноўскі першы заклікаў: «Паўстань, беларускі народзе! », — і праз гады, праз пакаленні нашчадкі паўстанцаў назвалі Плошчу, на якую выйшлі змагацца за тое, каб быць беларусамі, плошчай Кастуся Каліноўскага.

Не кожнаму пакаленню хапае ўласнай біяграфіі, каб спраўдзіць свой лёс у сваім часе. І тады на дапамогу прыходзіць Гісторыя. Яе Волаты і яе Легенды. Не ўсе яны супадаюць з гістарычнай праўдай, але менавіта яны, упіраючыся ў мінулае, у зямлю, з якой выраслі, трымаюць над сваёй зямлёй неба будучыні. Пастаў іх на калені, ці хоць бы прыгні — і неба абрынецца.

Каб прыгнуць Каліноўскага, не прыдумалі нічога лепшага як далучыць яго да «пятай калоны». А хто ў той «калоне», якую цяперашняя ўлада ўпарта заганяе ў калоніі? Наста Палажанка, Мікіта Ліхавід, Павел Вінаградаў і яшчэ сотні, тысячы беларускіх юнакаў і дзяўчат, найлепшых з найлепшых — паплечнікаў Кастуся і ягоных равеснікаў. Ім, калі іх білі, судзілі, кідалі ў турмы, толькі што не вешалі — не споўнілася і дваццаці пяці…

Юнаку, з якога ўзялі яны прыклад, які ёсць узорам самаахвярнасці, мужнасці, высакароднасці, беларускаму шляхцічу Вінцэнту-Кастусю Каліноўскаму, калі ён заклікаў паўстаць за волю на беларускай і літоўскай зямлі, было дваццаць пяць гадоў і адзін дзень.

1-га лютага 1863 года яму споўнілася дваццаць пяць.

2-га лютага ён пачаў паўстанне.

«Гэта было не беларускае, а польскае паўстанне, — доводзяць тыя, каму Каліноўскі стаў, як костка ў горле. — І Каліноўскі не беларус, а паляк». Чаму ж тады не прызнанне «Люблю Польшчу!», а прызнанне «Люблю Беларусь!» пранёс ён праз усё паўстанне, праз турму і суд — да апошняга выдыху на шыбеніцы?

Гэта не на білбордах «Люблю Беларусь» пісаць.

Каліноўскага вінавацяць: «У яго не было праграмы, ён не ведаў, што рабіць».

Ён ведаў, што рабіць. Любіць Беларусь — гэта і была ягоная праграма.

У некага ёсць лепшая? Якая? Праграма «мадэрнізацыі» Беларусі па плану Мураўёва? Забойцы, ката, з якога цяпер спрабуюць зляпіць прагрэсіўнага дзяржаўнага дзеяча і ледзьве не гуманіста? Маўляў, мог забіць і павесіць больш, чым забіў і павесіў…

Паўстанне не вымагала ні той крыві, якой заліў беларускую зямлю Мураўёў, ні той нечалавечай жорсткасці, з якой распраўляўся ён з паўстанцамі. З кім змагалася рэгулярнае, вымуштраванае, да зубоў узброенае 200-тысячнае войска? З рамантычнымі, большасць з якіх ніколі зброі ў руках не трымала, юнакамі ў разрозненых паўстанцкіх атрадах.

Падаўлялася не паўстанне. Падаўлялася любоў да Беларусі.

Гэтаксама на плошчах 2006 і 2010 гадоў у кроў збівалі любоў.

Тыя, хто яе збіваў, хто яе судзіў, хто кідаў яе ў турмы, называюць Каліноўскага «тэрарыстам і анархістам». Дык «анархістамі і тэрарыстамі» называюць яны Ігара Аліневіча і Міколу Дзядка, Яўгена Васюковіча і Арцёма Пракапенку, хлопчыкаў, якія сядзяць у тых жа турмах, у якія кінутыя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў. Іх усіх зняволілі за тое, што яны — за Беларусь, а не за ўладу і не за таго, хто яе ўвасабляе, вісіць на партрэтах у кабінетах увішных служкаў.

Каліноўскі, Вінцэнт ён ці Кастусь, Зміцер Дашкевіч ці Ігар Аліневіч — гэта маладая Беларусь. Тая, якая непазбежна пераможа. Вось чаму ненавіснікам Беларусі спатрэбілася, каб Каліноўскі не быў героем, прыкладам, узорам — каб яго не стала.

Але як можа не стаць любові?..

Ён любіў Беларусь.

Мы любім Беларусь.

І — узаемна!

Уладзімір Някляеў, крыніца: «Беларускія навіны»

3 февраля 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета