+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

За што бялыніцкая раёнка хваліць “Белую Русь”?

Бялыніцкая раённая газета “Зара над Друццю” (№ 89 ад 21 лістапада) змясціла хвалебны артыкул “Белая Русь” упрыгожвае Беларусь”, у якім старшыня раённай арганізацыі “Белай Русі” Лідзія Шчацінка з імпэтам  распавядае пра тое, як добра члены арганізацыі працуюць на карысць простых людзей у раёне і краіне цалкам.

Можна пагаджацца ці не пагаджацца з меркаваннем журналістаў бялыніцкай раёнкі, што менавіта “Белая Русь” вельмі ўпрыгожыла сваім існаваннем нашу родную краіну, аднак вельмі здзіўляе тое, што “Зара над Друццю” чамусьці пастаянна бачыць станоўчае толькі ў дзейнасці праўладных арганізацый.

У прыватнасці, газета прыводзіць палымяныя словы старшыні раённай арганізацыі “Белая Русь” Лідзіі Шчацінкі, што ў “раённую арганізацыю РГА “Белая Русь” уваходзяць 418 ініцыятыўных жыхароў Прыдруцкага краю, якія аб’яднаныя ў 42 пярвічкі… За час свайго існавання члены арганізацыі актыўна ўдзельнічалі ў розных акцыях і мерапрыемствах, на якіх заахвочвалі каштоўнымі падарункамі маці, чые дзеці дасягнулі добрых вынікаў у спартыўных спаборніцтвах і інтэлектуальных гульнях, заслужаных настаўнікаў, перадавікоў народнай гаспадаркі, аказвалі дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, дзецям-інвалідам… Думаю, што пасля прайшоўшага з’езда нашы рады значна папоўняцца”.

Пакінем па-за рамкамі матэрыяла тое, наколькі актыўна члены раённай арганізацыі “Белай Русі” удзельнічалі ў разнастайных грамадскіх мерапрыемствах, адзначым толькі той факт, які ні для каго ў Бялыніцкім раёне не з’яўляецца сакрэтам. Большасць бялынічан выдатна ведае, якім чынам прырастаюць шэрагі членаў раённай арганізацыі “Белай Русі”: кіраўніцтва мясцовай “вертыкалі”дае неафіцыйны загад адміністрацыям устаноў і прадпрыемстваў, і людзі пад прымусам уступаюць у праўладную арганізацыю. Таму і не дзіўна, што найбуйнешыя пярвічкі “Белай Русі” у Бялыніцкім раёне створаны ў мясцовым райвыканкаме і ўстановах, падначаленых раённаму аддзелу адукацыі. Між тым старшыня Бялыніцкай раённай арганізацыі “Белая Русь” Лідзія Шчацінка адначасова з’яўляецца начальнікам аддзела адукацыі Бялыніцкага райвыканкама. Цікавае супадзенне, ці не праўда?

Эфектыўнасць працы раённай арганізацыі “Белай Русі” на карысць людзей таксама магла б добра ахарэктэрызаваць колькасць наведвальнікаў яе грамадскай прыёмнай, аднак лічба чамусьці ў матэрыяле не называецца. Магчыма, таму, што наведвальнікаў гэтых зусім няшмат, бо бялынічане не вераць, што праўладная арганізацыя ім чымсьці дапаможа ў вырашэнні іх праблем. Магу прывесці прыклад, які стаў вядомы мне, як журналісту, па суседняму Шклоўскаму раёну. Дык вось, на малой радзіме Аляксандра Рыгоравіча за дзесяць месяцаў 2012 года ў грамадскую прыёмную Шклоўскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” за дапамогай у вырашэнні разнастайных пытанняў звярнулася толькі сем чалавек…

Здзіўляе таксама і пазіцыя раённай газеты “Зара над Друццю”, якая заўсёды знаходзіць месца на сваіх старонках, каб пахваліць “Белую Русь”, БРСМ, іншыя праўладныя арганізацыі. Альтэрнатыўныя дзеючай уладзе партыі і грамадскія арганізацыі калі і ўзгадваюцца, дык толькі ў негатыўным кантэксце. Між тым у раёне існуюць структуры партыі БНФ, кампаніі “Гавары праўду”, аргкамітэта па стварэнню Беларускай камуністычнай партыі працоўных, прафсаюза РЭП, іншых дэмакратычных арганізацый. Аднак для прадстаўнікоў гэтых арганізацый месца на старонках “Зары над Друццю” чамусьці не знаходзіцца. Між тым грошы ж на падтрымку газеты плацяць са сваіх падаткаў усе грамадзяне краіны, якія хочуць ведаць аб’ектыўную рознабаковую інфармацыю, а не думку на гэты конт чыноўнікаў з адміністрацыйнай “вертыкалі” альбо кіраўніцтва праўладнай “Белай Русі”. Ды і сярод падпісчыкаў “Зары над Друццю” ёсць людзі розных палітычных поглядаў і перакананняў.

Мне асабіста яшчэ больш сумна ад таго, што паважаная мной “Зара над Друццю” усё больш ператвараецца ў нейкі рэтранслятар думак чыноўнікаў з мясцовай ідэалагічнай “вертыкалі”, бо некаторыя з дзеючых журналістаў “Зары над Друццю” былі якраз сярод стваральнікаў першых дэмакратычных арганізацый у Бялыніцкім раёне ў 90-я гады мінулага стагоддзя…

Барыс Вырвіч, zapraudu.info

22 ноября 2012

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета