+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Запозненае прызнанне дэпутата Анатоля Глаза (каментар Ігар Драко)

Член палаты прадстаўнікоў чацвёртага склікання Анатоль Глаз на выбарах 23 верасня не балатаваўся, а таму можа дазволіць сабе пэўныя прызнанні.

— Непасрэдна дэпутаты не маюць магчымасці ўздзейнічаць на бягучыя эканамічныя працэсы, але мы сапраўды зрабілі недастаткова, каб папярэдзіць негатыўныя з’явы ў эканоміцы, – заявіў Глаз у размове са «Звяздой». – Разам з тым маё сумленне чыстае. За 2 гады да дэвальвацыі рубля, падчас семінара ў Нацыянальным банку, я казаў пра тое, што штогадовае назапашванне нерэалізаванага пагашэння розніцы паміж крэдытамі, якія банкі выдалі на жыллё, і кампенсацыяй, якая прадугледжана з бюджэту, небяспечнае для эканомікі краіны. Аднак мяне і іншых калег запэўнілі, што існуюць кампенсацыйныя механізмы. Якія гэта механізмы, зразумела — станок.

Пазней, падчас Паслання Прэзідэнта Нацыянальнаму сходу, я задаў пытанне: ці не было б больш правільна сродкі, якія накіроўваюцца на жыллёвыя крэдыты ў сельскія гаспадаркі, аддаць у тыя ж гаспадаркі пад больш хуткія і эфектыўныя праекты? Справа ў тым, што ў свой час жыллёвы крэдыт сялу быў цалкам апраўданы, ён дапамог захаваць вёску, але з 2003 года праблема перастала быць першаснай. Між тым у даінфляцыйны час кожная вобласць на гэтыя мэты атрымлівала ў сярэднім па 100 млрд рублёў — добрыя грошы, якія б дазволілі атрымаць дадатковую прадукцыю, падняць заробкі і вярнуць крэдыт адразу. А яны, па сутнасці, замарожваліся.

І зноў жа, тагачасны прэм’ер запэўніў кіраўніка дзяржавы, што праблем няма. А калі рубель абваліўся, я сказаў: у тым, што адбылося, у першую чаргу вінавата Міністэрства эканомікі. Бо нарастанне праблемы было відавочным.

Гэта тычыцца і валютнага крызісу: можна было хаця б пралічыць, як паўплывае павышэнне мытных пошлін на аўтамабілі на фінансавую сістэму краіны. А на самой справе, калі долар ужо імкліва даражэў, што выклікала рост цэн на сыравіну і матэрыялы, міністэрства з 1 красавіка прыняло рашэнне аб лібералізацыі цэн, што яшчэ больш пагоршыла сітуацыю. У выніку ўраду ўсё роўна давялося вяртацца да схемы рэгулявання.

Мы, дэпутаты, у свой час павінны былі больш рэзка паставіць гэтыя пытанні…”

Такім чынам, Глаз фактычна прызнаў, што палата прадстаўнікоў: а) вельмі абмежаваная ў сваіх паўнамоцтвах; б) не зрабіла нават таго, што магла, каб папярэдзіць эканамічны крызіс 2011 году. І навошта беларусам такі, з дазволу сказаць, “парламент”? Так ставіць пытанне «Салідарнасць».

Наш сайт папрасіў пракаментаваць гэтае прызнанне Ігара Драко, вылучэнне якога ў дэпутаты «зарубілі» яшчэ на этапе збору подпісаў:

— Адна з прынцыповых пазіцый усіх кандыдатаў, якіх падтрымала кампанія «Гавары праўду», тычылася адказнасці дэпутатаў за фінансавы крызіс 2011 года. Так, яны маўчалі, калі ім — фармальна народным абраннікам — трэба было крычаць ва ўсё горла. Урад і Адміністрацыя прэзідэнта рабілі няправільныя крокі, эксперты ўказвалі на гэтыя крокі і прапаноўвалі шляхі для выпраўлення сітуацыі ці нават яе прадухілення, але ўлады ўпарта трымаліся сваіх памылковых дзеянняў.

І няпраўда, што парламент нічога не вырашае. Проста ніводзін парламентарый не сказаў гучна: «Урад і Адміністрацыя некампетэнтныя ў справе вырашэння эканамічных задач, што стаяць перад краінай. Патрэбныя новыя кадры». Толькі адна заява — і ўплыў дэпутатаў стаў бы велізарным.

Вось чаму гэтым разам у «палатку» не пусцілі нават такіх «напаўсумленных» кандыдатаў, як Анатоль Глаз. Раптам не змог бы маўчаць, калі б ізноў пачалася эканамічная бутарэсіца. Адміністрацыі прэзідэнта выгадна мець у «парламенце» або некампетэнтных марыянетак, або троху дасведчаных баязліўцаў.

А між тым, у Віцебску ўжо сёння, на наступны дзень пасля выбараў, недахоп валюты ў абменніках. Што будзе, калі яна знікне на некалькі месяцаў па ўсёй Беларусі? Ці загавораць вялікія немаўляты з «палаткі?»

24 сентября 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі