+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Запрашаем на акцыю “Спяваем разам!”

Набліжаецца 25 сакавіка – Дзень волі.

Пакуль арганізатары вызначаюцца з праграмай святкавання, мы прапаноўваем рэалізаваць простую ідэю: разам праспяваць на свяце гімн БНР – “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Гэта будзе даніна павагі тым, хто запачткаваў суверэннасць Беларусі. Гэта – сведчанне нашай павагі да гісторыі сваёй краіны. А яшчэ – нашай веры ў тую сваю будучыню, дзе гэтаму выдатнаму гімну знойдзецца годнае месца.

Выйдзем на свята і праспяваем разам!

Гімн – гэта тое, што яднае і натхняе, жывіць вечны, вольны беларускі дух!

 

Мы выйдзем шчыльнымі радамі


На вольны родны свой прастор.


Хай воля вечна будзе з намі,


А гвалту мы дамо адпор!



 

Няхай жыве магутны, смелы


Наш беларускі вольны дух.


Штандар наш бел-чырвона-белы,


Пакрый сабой народны рух.


На бой! За шчасце і за волю


Народу слаўнага свайго!


Браты, цярпелі мы даволі,


На бой — усе да аднаго!


Імя і сілу беларуса


Няхай пачуе й убачыць той,


Хто смее нам нясці прымусы


I першы выкліча на бой.


Браты, да шчасця мы падходзім:


Хай гром грыміць яшчэ мацней!


У крывавых муках мы народзім


Жыццё Рэспублікі сваёй!


 

Ну а зараз – кароткая гісторыя славутага гімна.

 Зянон Пазьняк: Беларускія гімны (http://www.belhistory.com/):

Гімны нацыі, дзяржавы, краіны пішуцца, як вядома, не па заказе, а самой гісторыяй.

Прытым сам факт з’яўлення гімна можа быць выпадковай падзеяй, неадпаведным вершам і мелодыяй, але, трапіўшы ў гістарычны кантэкст народа, твор становіцца яго гімнам. Вядома, напрыклад, гісторыя французскай салдацкай песні «Марсельеза», што стала гімнам Францыі, ці мазуркі «Ешчэ польска не згінэла» — з 1918 года дзяржаўнага гімна Польшчы.

Дзяржаўны заказ на стварэнне гімна — блюзнерства. Што з гэтага атрымліваецда, добра відаць на прыкладзе гімнаў СССР і так званых «рэспублік свабодных».

Гімны найчасцей ствараюцца ў барацьбе за нацыянальна-культурнае. дзяржаўнае і духоўнае адраджэнне нацыі і выбіраюцца народам, які змагаецца за сваю волю і лепшую долю.

На пачатку XX стагоддзя гімнам Беларускага адраджэння найчасцей гучаў верш Янкі Купалы «А хто там ідзе…» на музыку Людаміра Рагоўскага. Ён так і называўся — «Беларускі гімн».

Пазней, пасля ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, ужо ў 20-х гадах шырока распаўсюдзіўся гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» паводле верша Макара Краўцова. напісанага ў 1919 годзе (музыка Ул.Тэраўскага). Ён стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго спявалі паўсюдна змагары ў Заходняй Беларусі, потым ён гучаў у часы другой сусветнай вайны і цяпер гучьщь ва ўсім свеце, дзе жывуць беларусы, якія памятаюць пра Бацькаўшчыну.

3 часоў той вайны паўсюдна гучьщь поруч з гімнам БНР беларускі духоўны гімн «Магутны Божа». Гэта знакаміты верш Наталлі Арсенневай (музыка Міколы Равенскага). Надзвычай велічная, узнёслая і ўрачыстая мелодыя і словы гучаць паўсюдна, дзе ладзяцца беларускія нацыянальна-культурныя мерапрыемствы. Прытым часта усё пачынаецца дзяржаўным гімнам БНР, а заканчваецца духоўным гімнам нацыі «Магутны Божа». Рэлігійныя службы ва ўсіх беларускіх цэрквах Амерыкі, Канады, Аўстраліі, Вялікабрытаніі завяршаюцца спевам «Магутны Божа».

Склалася добрая і прыгожая традыцыя. Беларуская нацыя мае два гімны — дзяржаўны і духоўны.

Кожны заняў сваё месца… Кожны спяваецца ў сваім часе. Кожны адлюстроўвае нашу беларускую гісторыю, наш розум, нашу волю, наш дух, наша беларускае сэрца. Мяркую, што кожны Беларус павінен ведаць свае гімны.

Сяржук Вітушка, газета беларусаў Вільні «Рунь», 2012:

…Беларускі пісьменьнік, паэт, перакладчык, публіцыст, дзеяч БНР Макар Краўцоў (Макар Касцевіч) нарадзіўся 18 жніўня 1891 г. ў вёсцы Баброўня (Гродзенскі павет).

Скончыўшы ў Свіслачы, на радзіме Каліноўскага, настаўніцкую семінарыю, працаваў у школе. У часе першай сусветнай, атрымаўшы вайсковую адукацыю, трапіў на Паўночна-Заходні фронт.

Быў дэлегатам І Усебеларускага кангрэсу (снежань 1917 года). Пасля настаўнічаў у Мінску, выкладаў на курсах беларусазнаўства пры Мінскай гарадской думе (1918), удзельнічаў у працы Рады БНР у Мінску і Гродне. Удзельнічаў у Слуцкім паўстанні, займаўся справамі друку, быў загадчыкам паўстанцкае друкарні ў Клецку.

Свой «Ваяцкі марш» (так ад пачатку называлася песня «Мы выйдзем шчыльнымі радамі») Краўцоў склаў 30 кастрычніка 1919 г.

Музыку да песні напісаў Уладзімір Тэраўскі (гэты кампазітар быў аўтарам музыкі да яшчэ аднаго беларускага гімна — «Адвеку мы спалі»).

«Ваяцкі марш» гучаў у часе Слуцкага збройнага чыну.

З таго часу яго пачалі называць таксама «маршам Слуцкай брыгады».

Лёс аўтараў песні быў трагічным. Тэраўскі быў арыштаваны і расстраляны ў 1938 г. у Мінску. Макар Краўцоў быў закатаваны НКВД ў 1939-м падчас допытаў у беластоцкай турме.

Янка Купала ў 1920 годзе ў адным са сваіх артыкулаў разглядаў розныя вершы, у тым ліку й свае тэксты, як версіі беларускага нацыянальнага гімну.

Першым гэтакім званнем быў ушанаваны верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?» з урачыстай мелодыяй. Беларускім гімнам, беларускай Марсэльезай называлі такі рэвалюцыйны, камуністычны верш Аляксандра Мікульчыка «Ад веку мы спалі, і нас разбудзілі». І «Пагоню» Багдановіча спявалі як гімн, на матыў Марсэльезы, бо не было адзінай, агульнапрынятай мелодыі.

Хтосьці прапануе зрабіць беларускім гімнам верш Наталлі Арсенневай «Магутны Божа». Выдатны верш, які, аднак, можа быць толькі рэлігійным гімнам, ніяк ня свецкім, які павінен быць прыдатным кожнаму грамадзяніну Беларусі, незалежна, ці ён хрысціянін, ці будыст, ці наогул атэіст. Таму верш Натальлі Арсеньневай не можа быць дзяржаўным гімнам.

Лена Глагоўская знайшла газету «Беларусь» за 1919 год, дзе быў апублікаваны верш Макара Краўцова зусім іншы, зь безьліччу дробных зменаў. Там пішацца пра «бедны народ», а потым ужо заменена на «вольны народ». Ці гэта сам Макар Краўцоў правіў, ці Хведар Ільяшэвіч, паводле версіі Лены Глагоўскай, ці іншыя літаратары ўжо пасля вайны — але факт, што беларускія студэнты Люблінскага ўніверсітэту спявалі гэты гімн ужо ў падкарэктаваным, шырока вядомым варыянце. Значыцца, ён мяняўся на працягу гістарычнага шляху, чаму б яму не памяняцца яшчэ раз? Гэта таксама сімвалічны тэкст і сімвалічная мелодыя, і тут таксама магчымыя і патрэбныя некаторыя змены, на маю думку. Шырока вядомы верш Макара Краўцова-Косцевіча «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…», вядомая і мэлёдыя Уладзіміра Тэраўскага — урачыстая мелодыя, якая якраз і не патрабуе, на маю думку, ніякіх зменаў. Вытрыманая часам, сакральная мелодыя.

Сяргей Навумчык, Радыё Свабода:

У лістападзе 91-га Васіль Уладзімеравіч Быкаў перадаў мне ліст, якім, па яго словах, я мог распарадзіцца па ўласным меркаваньні. Ліст падпісалі Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў. Прозьвішча Быкава ў лісьце на апошнім месцы, паводле альфабэту. Але я зразумеў ужо тады, што пісаў яго Васіль Уладзімеравіч — нават у гэтых некалькіх радках адчуваўся стыль быкаўскай публіцыстыкі.

Гаворка ішла пра гімн новаўтворанай беларускай дзяржавы.

«Агульнавядома, што без нацыянальнай сымболікі немагчыма пасьпяховае ажыцьцяўленьне высакароднай ідэі самавызначэньня народу. Выдатна, што Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь нарэшце зразумеў важнасьць у гэтай справе нацыянальна-гістарычнага падыходу, і народу вернуты ягоны гістарычны сьцяг і старажытны герб. Застаецца гімн. Цяпер аб’яўлены конкурс на тэкст гімну і ягоную музыку.

Але ці трэба нам новы, сьвежаствораны, не ахрышчаны часам і гісторыяй каньюнктурны гімн? Ці хутка ён стане адной з важнейшых сьвятыняў нацыі?

Асабліва калі ў гістарычнай народнай памяці яшчэ велічна гучыць колішні, ахрышчаны нешчасьлівым лёсам (дарэчы, тым, які хрысьціў беларускі народ і саму Рэспубліку Беларусь) гімн на словы Макара Краўцова. А між тым, гэта велічная мэлёдыя і выдатны тэкст. І ня так важна, што некаторыя моманты яго не адэкватныя сучаснай палітыцы Беларусі, што яны, можа, палітычна састарэлыя.

Гэта зусім ня той выпадак, калі патрэбна злабадзённасьць. Тэксты гімнаў цывілізаваных краін звычайна архаічныя, але яны нязьменна кананічныя, ахрышчаны крывавай гісторыяй, і ў гэтым іх мастацкая і духоўная сіла.

Мы прапануем узаконіць гімн на словы М.Краўцова, ажыцьцявіўшы тым важнейшы дзяржаўны акт на шляху да сапраўднай сувэрэннасьці Рэспублікі Беларусь.

Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, 13 лістапада 1991 г.»

Аўтарам тэксту быў Макар Краўцоў (1891-1939), удзельнік Слуцкага паўстаньня, кіраўнік паўстанцкай друкарні ў Клецку, пазьней — выкладчык Радашковіцкай беларускай гімназіі, аўтар кнігі «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі». Музыку напісаў Уладзімер Тэраўскі (1879-1938), кіраўнік харавой капэлы Беларускага савецкага тэатру, пазьней — хормайстар БДТ-1 (Купалаўскага тэатру). Абодва арыштоўваліся польскімі акупацыйнымі ўладамі за беларускую нацыянальную дзейнасьць. За тое самае арыштоўваліся НКВД — месца іх расстрэлу і пахаваньня невядомае, але Тэраўскі, напэўна, ляжыць у Курапатах.

Увосень 91-га, калі Быкаў перадаў мне ліст, у Беларускім Народным Фронце «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ведалі як гімн БНР. Яшчэ гады за тры да гэтага мала хто мог сказаць нешта пра яго, роўна як і пра Пагоню ды нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг: савецкая прапаганда дзесяцігодзьдзямі вынішчала гістарычную памяць. У 50-80-ыя гады нацыянальную ідэю (як і нацыянальныя сымбалі) перахоўвала дыяспара — і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» гучаў на кожнай імпрэзе ў замежных беларускіх асяродках.

Зрэшты, традыцыя не спынілася, адкрываюцца імпрэзы ім і цяпер. А завяршаюцца — выкананьнем «Магутнага Божа» Міколы Равенскага на словы Натальлі Арсеньевай. І ў пачатку 1990-ых гэты твор таксама называўся ў ліку магчымага дзяржаўнага гімну Беларусі.

Адамовіч, які ў юнацтве ваяваў у партызанскім атрадзе, Барадулін, які страціў на вайне бацьку — адказалі (тады, у 91-ым і на будучыню) усім тым, хто засьцерагаў ад «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» на той падставе, што яго «сьпявалі калябаранты».

А празь нейкі час Быкаў, які прайшоў усю вайну з фашызмам, выкажа стаўленьне і да «Магутнага Божа». У сакавіку 2003-га, у Празе, Васіль Уладзімеравіч набярэ на сваім ноўтбуку гэты тэкст Натальлі Арсеньневай і возьме яго з сабой на ўрачыстае пасяджэньне ў Люстраной залі Клемэнтынуму, прысьвечанае гадавіне БНР. Разам з усімі Васіль Уладзімеравіч прасьпяваў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…» і «Магутны Божа», выступіў з прамовай — тое была апошняя публічная прамова Быкава.

Між іншым, у сьвеце ёсьць прыклады суіснаваньня двух гімнаў — дзяржаўнага і духоўнага.

Самы вядомы — у Злучаных Штатах Амэрыкі. Там дзяржаўным гімнам зьяўляецца The Star-Spangled Banner (Зорны сьцяг), а «другім», неафіцыйным — God Bless America («Божа блаславі Амэрыку». Музыку да яго, дарэчы, напісаў народжаны ў Магілёве Ірвінг Бэрлін.

У сваёй кнізе «Сем гадоў Адраджэньня…» я выказаў сумнеў, што наўрад ці тады, у лістападзе 1991-га, «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…» мог быць зацьверджаны ў якасьці дзяржаўнага гімну Вярхоўным Саветам — бо былыя камуністы ўжо адышлі ад «пасьляпутчаўскага» шоку і блякавалі прапановы Апазыцыі БНФ. Але з другога боку, эталёны дзяржаўных сымбаляў — «Пагоні» і Бел-чырвона-белага сьцяга — былі зацьверджаныя Вярхоўным Саветам яшчэ пазьней, ў сьнежні.

Значыць, шанец усё ж быў.

Праўда, дзеля гэтага, як мінімум, гэта мусіла падтрымаць «профільная» парлямэнцкая камісія — Камісія ВС па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны.

Але яна гэтага не зрабіла, выказаўшыся за правядзеньне конкурсу.

Як вядома, падчас галасаваньня па сьцягу і гербу 19 верасьня 1991 г. некаторыя дэпутаты (напрыклад, Міхаіл Марыніч) таксама прапаноўвалі не прымаць «Пагоню» і Бел-чырвона-белы сьцяг, а абвясьціць конкурс. Мы ўспрымалі гэтую прапанову як слаба прыхаваную спробу пазбавіць беларускі народ ягоных нацыянальных сымбаляў, і нам удалося пераканаць большасьць дэпутацкага корпусу прагаласаваць за «Пагоню» і нацыянальны сьцяг. Удалося ў значнай ступені таму, што за іх выступіла і камісія ВС.

У выпадку з гімнам, мы не атрымалі падтрымкі Камісіі ВС.

Лёс дзяржаўнага гімну Беларусі склаўся зусім ня так, як прапаноўвалі тры выбітныя пісьменьнікі.

Конкурс цягнуўся некалькі гадоў — аж да прыходу да ўлады Лукашэнкі, калі зьнявага нацыянальных каштоўнасьцяў зрабілася часткай дзяржаўнай палітыкі. Пазьней адзін з членаў парлямэнцкай Камісіі, Алег Трусаў, у эфіры «Свабоды» скажа, што прычынай валтузьні было жаданьне некаторых паэтаў самімі стаць аўтарамі гімну; пры гэтым імёны Трусаў не назваў. Калі больш дакладна, дык тады, у пачатку 90-х, дэпутаты ВС называлі толькі адно прозьвішча.

Старшынём Камісіі Вярхоўнага Савету па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны быў Ніл Гілевіч.

Учытаемся ў тэкст Макара Краўцова.

1-Kraucou-Gimn«Гвалту мы дамо адпор», «магутны, сьмелы наш беларускі вольны дух», «на бой!», «браты, цярпелі мы даволі, на бой — усе да аднаго!», «сілу беларуса, няхай пачуе й ўбачыць той, хто сьмее нам чыніць прымусы», «хай гром грыміць яшчэ мацней!», — лексыка, якая выяўляе рашучасьць «народнага руху», які пакрыў «штандар наш бел-чырвонав-белы». Рашучасьць абараніць сваю зямлю, свой гонар, сваю свабоду.

Не магу ўстрымацца ад паралеляў і параўнаньня з прынятым пры Лукашэнку дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь.

Нехта ў сучасным гімне можа заўважыць у згадках пра «мірных людзей» і «шчырым сяброўстве» ды «працавітасьці» — пакорлівасьць, рахманасьць, якасьці на пэўных гістарычных этапах ня самыя карысныя, калі не сказаць — шкодныя. Напрыклад, калі трэба вызваляцца ад зьнешняй акупацыі. Альбо — ад унутранай тыраніі.

Іншыя справядліва ўбачаць у словах «у бiтвах за волю, бiтвах за долю, свой здабывалi сьцяг перамог!… горда ж узьвiся ў ясныя высi, сьцяг пераможны — радасьцi сьцяг» — той самы сьцяг, які ўзьвіўся над прэзыдэнцкай рэзыдэнцыяй пасьля нелегітымнага «рэфэрэндуму» 1995 году ўзамен разьдзёртага на кавалкі Ціцянковым бел-чырвона-белага сьцяга, і які калі і сымбалізуе нейкую перамогу, дык — перамогу Лукашэнкі («Ён цалкам парабаціў гэты народ» — так калісьці вызначыў сутнасьць той перамогі Васіль Быкаў). Бо ні ў якіх іншых бітвах, ні пад Грунвальдам, ні ў дні Слуцкага паўстаньня, ні ў часы Другой усясьветнай вайны чырвона-зялёны сьцяг не ўздымаўся — яго папросту не было. Могуць прыгадаць пра спартовыя перамогі, пасьля якіх падымаюць чырвона-зялёны сьцяг і гучыць «гімн», але заўзятары сьведчаць, што беларускія спартоўцы звычайна ў часе яго выкананьня маўчаць. Ці то ня ведаюць тэксту, ці то ня лічаць патрэбным яго сьпяваць.

Верыцца, што ў дэмакратычнай Беларусі будзе існаваць сапраўды нацыянальны, ахрышчаны гістарычным лёсам гімн.

І ўсё ж, пагаджаючыся з трапным вызначэньнем Быкава пра архаічнасьць тэксту гімнаў як іх станоўчую адметнасьць, трэба прадбачыць, што два апошнія радкі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ў постлукашэнкаўскай Беларусі набудуць актуальнае гучаньне, канстатуючы цяжкую працу стварэньня дэмакратычнай дзяржавы і — даючы веру ў пасьпяховы вынік:

У крывавых муках мы народзім

Жыцьцё рэспублікі сваёй!

6 марта 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета