+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Заява кааліцыі апазіцыйных партый і арганізацый з нагоды прысуду Алесю Бяляцкаму

24 лістапада 2011 года суддзя Першамайскага раёна г.Мінска Сяргей Бандарэнка вынес прысуд праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, прызнаўшы яго вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.2 артыкула 243 КК Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

Суд прыгаварыў Алеся Бяляцкага да 4 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Апроч гэтага, праваабаронца мусіць сплаціць дзяржаве 721 мільён стратаў і 36 мільёнаў судовых выдаткаў.

Мы, Партыя БНФ, Партыя “Справядлівы свет”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Рух “За свабоду!”, Аргкамітэт па стварэнні партыі БХД і грамадзянская кампанія “Гавары праўду”, заяўляем, што прысуд Алесю Бяляцкаму вынесены з парушэннем шматлікіх крымінальна-працэсуальных нормаў і правілаў правядзення судовага разбіральніцтва.

Так, ужо 4 жніўня, з самага пачатку затрымання Алеся Бяляцкага, у дачыненні да яго была незаконна ўжытая мера ўтрымання пад вартай. Следства, ігнаруючы адпаведнае прадпісанне з боку пракуратуры, адмовілася звярнуцца да фондаў, што пералічвалі сродкі Алесю Бяляцкаму, з запытам аб мэтавым прызначэнні сродкаў.

Судовы працэс яскрава прадэманстраваў, што ў дзяржаўнага абвінаваўцы наогул адсутнічаюць доказы віны Алеся Бяляцкага. На судзе так і не быў пацверджаны сам факт атрымання Алесем Бяляцкім сродкаў, бо матэрыялы афіціыйных органаў Літвы і Польшчы наконт іх атрымання не былі аформленыя належным чынам.

Калі нейкая афіцыйная ўстанова дае пэўную інфармацыю пра сваіх ці замежных грамадзянаў і гэтай інфармацыяй карыстаюцца ў судовым працэсе, то на такіх матэрыялах павінны стаяць подпісы і пячаткі. Не аформленыя належным чынам афіціыйныя дакументы перастаюць быць дакументамі, і абвінаваўца не можа карыстацца імі пры доказе віны.

Калі б у Беларусі быў незалежны суд, то суддзя С.Бандарэнка звярнуў бы ўвагу абвінаваўцы на гэтую акалічнасць. Аднак суддзі ў Беларусі, калі справа тычыцца апанентаў улады, займаюцца не пошукам ісціны, а выключна пошукам фармулёвак, згодна з якімі нявінны чалавек трапляе за краты.

Мы заяўляем: прысуд Алесю Бяляцкаму палітычна матываваны, носіць незаконны характар і таму падлягае безумоўнай адмене.

Гэтаксама павінны быць рэабілітаваныя ўсе тыя, хто быў асуджаны з палітычных прычын у сувязі з падзеямі 19 снежня 2010 года і ў ранейшы час.

Свабоду Алесю Бяляцкаму!

Свабоду ўсім палітвязням!

Партыя БНФ …………………………………………………………. ..Аляксей Янукевіч

Партыя “Справядлівы свет”……………………………………….Сяргей Калякін

Аб’яднаная грамадзянская партыя …………………..Анатоль Лябедзька

Рух “За свабоду!” ……………………………………………….Аляксандр Мілінкевіч

Аргкамітэт па стварэнні Партыі БХД …………… Віталь Рымашэўскі

Кампанія “Гавары праўду” …………………………………… Уладзімір Някляеў

25 ноября 2011

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета