+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Жан-Батыстам Лемуан: «Буду гаварыць зь беларускімі ўладамі аб праблемах свабоды слова, сходаў і асацыяцый, сьмяротнага пакараньня»

26–27 кастрычніка ў Менску зь візытам знаходзіцца француская дэлегацыя на чале зь дзяржаўным сакратаром пры Міністэрстве Эўропы і замежных спраў Францыі Жан-Батыстам Лемуанам, пасада якога адпавядае рангу намесьніка міністра. Перш за ўсё францускі дыплямат правёў сустрэчу зь лідэрамі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, на якой прысутнічалі сярод іншых лідар «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч.

Спадар Лемуан заявіў прадстаўнікам беларускай грамадзкай супольнасьці, што, хоць ягоны візыт прысьвечаны эканамічнаму супрацоўніцтву Беларусі і Францыі, але ён будзе гаварыць зь беларускімі ўладамі і аб праблемах правоў чалавека, свабоды слова, сходаў і асацыяцый, сьмяротнага пакараньня. Францыя дамагаецца, каб беларускія ўлады выконвалі асноўныя свабоды і правы чалавека, каб быў уведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Беларускія суразмоўцы расказалі спадару Лемуану пра настроі беларускай моладзі, уплыў на Беларусь расейскай прапаганды і так званай «мяккай сілы», пра чарговых асуджаных у Беларусі на сьмяротнае пакараньне і пакараных, аб пратэстах людзей у Сьветлагорску і Берасьці і палітвязьнях.

Паводле інфармацыі амбасады Францыі ў Менску, таваразварот паміж Францыяй і Беларусьсю вырас на 50% за апошнія гады, аднак яго ўзровень застаецца ніжэйшым за магчымы патэнцыял.

Дзяржаўны сакратар Лемуан зьбіраецца зьвярнуць увагу беларускіх уладаў на заклапочанасьць францускіх прадпрыемстваў што да іх выхаду на рынак і расказаць пра наступствы зьмякчэньня правілаў прадастаўленьня крэдытнага страхаваньня Францускім дзяржаўным інвэстыцыйным банкам BPI France для Беларусі.

У плянах спадара Лемуана сустрэча з намесьніка прэм’ер-міністра Беларусі Ігарам Петрушэнкам, іншымі прадстаўнікамі ўладаў. Дзяржаўнага сакратара суправаджае дэлегацыя прадпрыемстваў, якія актыўна працуюць на беларускім рынку.

Чакаецца падпісаньне пагадненьня паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Францускай Рэспублікі аб міжнародных аўтамабільных перавозках пасажыраў і грузаў.

«Радыё Свабода»

27 октября 2018

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі