+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Зміцер Бандарчук: «Не важна, на якія грошы казаць праўду»

На пытанні гарадзенскага інтернэт-партала «Твой стыль» адказвае каардынатар кампаніі па Гродна і вобласці Зміцер Бандарчук.

– Кампанія «Гавары праўду» звычайна асацыюецца з выбарамі 2010 году, падчас якіх яна падтрымала кандыдата Някляева. Пасля выбараў вы працягнулі сваю дзейнасць?

– Праўду заўжды гаварылі і гаварыць будуць, незалежна ад выбараў (смяецца). Так, самая яскравая старонка з гісторыі кампаніі – мінулыя прэзідэнцкія выбары. Пры гэтым зараз мы маем не меншыя перспектывы, спыняцца не збіраемся.

– Чым вы зараз займаецеся?

– Безумоўна рыхтуемся да парламенцкай кампаніі. Як раней, так і зараз, мы працуем з людзьмі, бо толькі людзі могуць тут нешта змяніць – ад нас залежыць лёс краіны, а не ад Захада ці Масквы.

– Наконт Масквы: яшчэ з выбараў за кампаніяй цягнецца шлейф чутак аб тым, што нібыта «Гавары праўду» кіруе Масква, якая і дае рэсурсы на дзейнасць. Як вы да гэтага ставіцеся?

– Што да грошаў, то я нават не ведаю чалавека, які б адказаў на пытанне: «Адкуль грошы у «Гавары праўду»?», тым больш не ведаю сам. Мяне гэта наогул не цікавіць: не важна, на якія грошы казаць праўду, рабіць нешта на карысць праўды ў Беларусі. На сёння беларускія дзярж-органы таксама карыстаюцца дапамогай заходніх донараў.

– Але той, хто дае грошы, заўжды нешта патрабуе…

– Ад мяне ніхто нічога не патрабуе. Я раблю толькі тое, што лічу мэтазгодным.

– Беларусы больш звыклыя да традыцыйных партыяў і арганізацыяў са з’ездамі, фіксаванай колькасцю сяброў, рэзалюцыямі. Што вы персанальна ўкладаеце ў паняцце «кампанія»?

– Кампанія – гэта аб’яднанне людзей па інтарэсах, тых, хто хоча вырашаць свае праблемы. Напэўна гэта часовая структура. З часам хіба спатрэбіцца пераходзіць у форму партыі, каб вырашаць праблемы беларусаў на палітычным полі, каб змагацца за парламенцкія месцы, каб было прасцей вылучаць сваіх кандыдатаў у прэзідэнты. На сёння партыйнае жыццё не дае аніякіх плюсаў, больш нават мінусаў. Магчыма, гэты негатыў да партыяў у людзей застаўся яшчэ з савецкіх часоў, магчыма, СМІ дзяржаўныя папрацавалі…

– У «Гавары праўду» у свой час пайшло багата актывістаў з розных ужо існуючых партыяў і арганізацыяў. З чым гэта звязана?

– Гэты працэс працягваецца і зараз. Галоўнае нават не тое, што людзям прапанавалі нешта за іх дзеянні, галоўнае – што ім прапанавалі рэальную стратэгію, рэальную працу. Было сказана, што не трэба чакаць розных кааліцыяў ды з’ездаў – трэба наўпрост выходзіць і працаваць з людзьмі. Чаму столькі людзей падтрымала «Гавары праўду» у рэгіёнах? Бо тут людзі разумеюць, што трэба працаваць на першым узроўні, а не на нейкіх офісах як у Менску – там ужо даўно нічога не вырашаецца.

– Наколькі нам вядома, вы часова зышлі з партыі АГП, чаму?

– Я паважаю пазіцыю партыі, але вырашыў удзельнічаць у выбарах, і каб пасля партыю не папракалі, што яе кандыдаты ідуць да канца, а не здымаюцца згодна партыйнаму рашэнню, я часова выйшоў з АГП. Гэта нармальна, я лічу.

– Як «Гавары праўду» ставіцца да парламенскіх выбараў?

– Мы на 100 % разумеем, што выбараў няма, але ў Беларусі ёсць перыяд, які называецца «парламенцкая кампанія», перыяд, у які мы пачынаем жыць па заканадаўстве «аб выбарах». У гэты час значна прасцей ісці на размовы з людзьмі, бо людзі будуць чакаць гэтых размоваў. Часам прыходзіш да людзей у межвыбарчы час і просіш што-небудзь падпісаць, яны пытаюцца: «Гэта што – выбары?». Ты кажаш: «Не, але давайце падымем праблему…». У такіх выпадках людзі звычайна адмаўляюцца. А зараз людзі будуць акурат чакаць, каб паразмаўляць аб «набалелым».

– Сэнс кампаніі – паразмаўляць з людзьмі?

«Гавары праўду» ставіць вельмі канкрэтныя мэты перад сабой: гэта пошук людзей, якія самі маглі б вырашаць праблемы. Галоўнае – гэта колькасць людзей, якія даведаюцца аб «Гавары праўду», падтрымаюць, актывізуюцца.

– Вы ідзеце кандыдатам?

– Так, па 50-й выбарчай акрузе.

– Якія праблемы ў сваёй праграме будзеце падымаць?

– Адно з галоўных – пытанне выбарнасці мясцовага кіраўніцтва (мэраў, губернатараў, кіраўнікоў адміністрацыяў). Мы вось кажам, што жывем у Саюзнай дзяржаве, маем Мытны саюз, але ва ўсіх нашых саюзнікаў дадзеныя пасады з’яўляюцца выбарнымі. Менавіта праз выбарнасць насельніцтва зможа кантраляваць мясцовыя ўлады.

Другое – гэта пытанне гарантаванай страхоўкі для банкаўскіх укладанняў. Мы не кажам пра вяртанне савецкіх укладанняў, толькі пра сённяшні момант. МММ была палічана пірамідай і разагнаная, хаця яе арганізатары ніколі не адмаўлялі, што гэта піраміда. Па сутнасці мы зараз маем тое самае з беларускімі банкамі – там такая ж піраміда, якая раз на 3-4 гады абвальваецца, але ніхто адказнасці за гэта не нясе. Калі пытанне падымецца на дзяржаўны ўзровень, думаю, магчыма будзе нешта змяніць.

– Наша дзяжурнае пытанне: чаго баяцца беларускія ўлады?

– Толькі аднаго: страціць сваю ўладу. Галоўны сэнс іх існавання – захаванне ўлады. Калі ў нас вырашаюцца сацыяльныя пытанні, падымаюцца заробкі, усё, што робіцца імі – робіцца для захавання ўлады.

Крыніца: «Твой стыль»

9 июля 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі