+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Зямля і воля: чаго больш бракуе беларускім сялянам?

Як стаць заможнымі беларускім вяскоўцам, раяць чэшскі аграрны аналітык Пётр Гавэл і былы міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў.

Рэстытуцыя — не панацэя

— Сярод краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Чэхія далей за ўсіх прасунулася ў працэсе рэстытуцыі. Пан Гавэл, цімаглі б вы распавесці, хто сёння гаспадарыць на зямлі?

— Як і ва ўсіх краінах сацыялістычнага лагеру, у нас не было прыватных ўласнікаў на зямлю. Ёю валодала дзяржава. Пасля нацыяналізацыі ў 1948 годзе ў Чэхіі дзейнічала сацыялістычная сістэма гаспадарання.

На сёняшні дзень у Чэхіі налічваецца тры мільёны ўласнікаў зямлі. Па рэстытуцыі толькі частка тых людзей, якія атрымалі зямлю, сталі на ёй гаспадарыць. Большасць з іх здае  ўчасткі ў арэнду розным сельскагаспадарчым прадпрыемствам, якія прафесійна гэтую зямлю апрацоўваюць.

Падобная сітуацыя склалася ў Славакіі і на некаторых землях былой ГДР. 80% земляробцаў бяруць зямлю ў арэнду. Я лічу, што гэта не вельмі добрая сітуацыя, бо людзі маюць вялікія выдаткі за арэнду чужой зямлі.

На сённяшні дзень гаспадараць на зямлі буйныя прадпрыемствы (акцыянерныя таварыствы, кааператывы альбо таварыствы з абмежаванай адказнасцю) – іх тысяча. Яны вырабляюць 75%  сельскагаспадарчай прадукцыі.

Апроч гэтага, у Чэхіі працуе каля 30 тысяч малых аграрных прадпрыемстваў. Яны належаць людзям, якія па рэстытуцыі атрымалі зямлю, якою валодалі іх продкі.

Пётр Гавэл – прэзідэнт Клуба  журналістаў і публіцыстаў Чэхіі, якія спецыялізуюцца на сельскагаспадарчай тэматыцы

— Калі я бяру зямлю ў арэнду, гэта значыць, магу зрабіць з ёй усё штопажадаю? Напрыклад,  давесці яе да знішчэння, а пасля ўзяць іншы ўчастак?

—  Не. Згодна з заканадаўствам мінімальны тэрмін на арэнду зямлі — 10 год. Таму прадпрыемства, якое зямлю апрацоўвае, зацікаўлена ў тым, каб яна засталася якаснай.

Крэдыты і датацыі толькі дбайным гаспадарам

—  Якія гаспадаркі працуюць больш эфектыўна — буйныя ці малыя?

— Нельга сказаць адназначна. У кожнай ёсць свае плюсы і мінусы. Бываюць выпадкі, калі вялікая фірма вельмі даходная, а маленькае прадпрыемства  —банкрут. І наадварот.

Адзначу, што прыватны ўласнік больш гнуткі, хутчэй можа рэагаваць на сітуацыю на рынку.

У 2015-м пачынаюць дзейнічаць асноўныя прынцыпы еўрапейскага гаспадарання — Грынінг. У гэтым дакуменце прапісаныя нормы вядзення сельскай гаспадаркі.

Ніхто нікога не прымушае, што садзіць, але ёсць нормы, якія рэкамендуюць, напрыклад, каб фермеры выкарыстоўвалі арганічныя ўгнаенні, а не хімічныя.

Эксперты раяць, каб на палетках раслі разнастайныя расліны. Гэта вынікае з асаблівасці чэшскай глебы  эразійнасці.

З аднаго боку, дзяржава клапоціцца, каб глеба давала як мага лепшыя вынікі.  З другога боку  Чэшская Рэспубліка ў межах Еўрапейскага саюза падтрымлівае агульную канцэпцыю: калі ты не спецыяліст у сельскай гаспадарцы, можаш атрымліваць інструкцыі ад экспертаў і імі кіравацца.

Робіцца гэта дзеля таго, каб якасць зямлі ў краіне не залежала ад валюнтарысцкіх рашэнняў аднаго чалавека.

Можна сказаць, што гэта нагляд і з боку дзяржавы, і з боку ЕС.

— Якое пакаранне прадугледжанае, калі чалавек не выконвае гэтыя рэкамендацыі?

— Кантролем займаецца дзяржаўны земляробчы фонд, які падтрымлівае сельскую гаспадарку. Гэты фонд дае датацыі і крэдыты.

Усе сельскагаспадарчыя вытворцы на тэрыторыі Чэхіі атрымліваюць датацыі, у тым ліку і ад Еўрасаюза. І  ЕС просіць прадастаўляць доказы разумнага гаспадарання. То бок калі атрымліваеш грошы, мусіш рабіць справаздачнасць за іх.

— Які на сёняшні дзень сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы ў Чэхіі?

— Ва ўсім свеце людзі, якія працуюць на зямлі, скардзяцца, што ў іх мала грошай. Насамрэч не толькі ў Чэхіі, але і ў іншых краінах Еўрасаюза, людзі, якія працуюць на зямлі, маюць на 20% меншы даход, чым у іншых сферах вытворчасці.

Што тычыцца Чэхіі, то сёння людзі, якія гаспадараць на зямлі, маюцца не так ужо і кепска. Па-першае, у іх меншыя выдаткі. Людзі, якія жывуць у вёсцы, не купляюць гародніны, мяса. Яны гэта ўсё вырошчваюць самі. Апроч гэтага, арэнда жылля ў сельскай мясцовасці значна ніжэйшая, чым у любым горадзе.

Па-другое, яны маюць вялікую фінансавую падтрымку — датацыі. У сярэднім кожны чалавек, які працуе ў сельскай гаспадарцы, атрымлівае 350 тысяч крон  (каля 150 000 еўра) ў год. 38-40 % бюджэту Еўрасаюза ідзе на датацыі ў сферу сельскай гаспадаркі.

Няма ў Чэшскай Рэспубліцы іншай такой прафесіі, каб ты прачнуўся 1 студзеня і ўжо ведаў, што ў цябе на рахунку ў бліжэйшым часе з’явіцца 350 тысяч крон.

— У Беларусі палітыку ў сельскай гаспадарцы вызначае кіраўнік дзяржавы. Ён вырашае, напрыклад, што трэба разводзіць авечак, выпускаць мармуровае мяса і вырошчваць кавуны. Ці верыце вы ў тое, што можна паспяхова кіраваць сельскай гаспадаркай адміністрацыйна-камандным спосабам?

— Вядома, не. Але гэта залежыць ад таго, наколькі саспела грамадства. Калі грамадства не тыя авечкі, то яно з гэтым не пагодзіцца.

Дыктатарскім спосабам можна кіраваць у межах маленькага прадпрыемства альбо больш буйной сельскагаспадарчай фірмы, якая патрабуе такога мэнэджэра, але не ў межах усёй краіны, зразумела.

Чаму, нягледзячы на такую сістэму кіравання, у Беларусі, на маю думку, справы ідуць пакуль што вельмі добра? Вам Богам дадзеная вельмі ўрадлівая зямля. У сельскай гаспадарцы глеба — гэта самае асноўнае, што мусіць быць. У Чэхіі якасць зямельных угоддзяў значна горшая.

Па-другое, магчыма, што пры сённяшнім стане беларускага грамадства гэта адзіны спосаб кіраваць сельскай гаспадаркай. Таму што няма людзей, якія маглі б выкарыстаць свабоду ў сельскай гаспадарцы такім чынам, каб яна адразу дала добрыя вынікі.

Спосаб трансфармацыі для Беларусі можа быць адзін: пры дэмакратычнай змене ўлады дзяржава на першых парах павінна быць сацыяльнай. Трэба так пабудаваць сістэму, у тым ліку сельскай гаспадаркі, каб не адбылося рэзкага расслаення грамадства. Каб людзі, якія не маюць адукацыі ці не маюць доступа да капіталу, не збяднелі раптоўна.

Я маю на ўвазе той прынцып, каб грамадства багацела аднародна. У Беларусі для гэтага ёсць ўсе магчымасці, найперш — прыродныя рэсурсы. Калі б даходы ад гэтых рэсурсаў справядліва дзяліліся паміж людзьмі, грамадства больш-менш раўнамерна багацела. А заможныя людзі па-іншаму думаюць, чым бедныя. Яны больш свабодныя. Іншага спосабу дабіцца свабоды і багацця яшчэ ніхто не прыдумаў.

Чэшскім земляробам не страшнае расійскае эмбарга

— Пан Гавэл, што вы лічыце галоўным дасягненнем за гады рэформаў сельскай гаспадаркі Чэхіі?

— Па-першае, павялічыўся падзел паміж добрымі гаспадарамі і кепскімі. Калі раней нехта кепска гаспадарыў, яму дзяржава давала грошы, і ён усё роўна трымаўся на плаву. Сёння ўмовы дыктуе рынак. Хто добра гаспадарыць  — той добра маецца.

Па-другое, значна павялічыўся асартымент прадуктаў і вырабаў. Канкурэнцыя прымушае вытворцаў прыдумляць нешта сваё, павышаць урадлівасць і г.д. Каб патрапіць на знешні рынак са сваім таварам, чэшскія земляробцы імкнуцца нечым вылучыцца.

Калі ў сельскай гаспадарцы праводзілі рэформы, думалі, можа, сапраўды варта ствараць спецыялізаваныя прадпрыемствы, але прыйшлі да высновы, што разнастайная вытворчасць больш выгадная. Земляробства мае вялікую залежнасць ад надвор’я, таму людзі, якія абралі сабе адзін накірунак, могуць пацярпець у неўрадлівы год.

— Наколькі балюча ўдарылі расійскія санкцыі па чэшскіх фермерах?

— Гэтыя санкцыі не нанясуць ніякай шкоды сельскай гаспадарцы Чэхіі.

Скандал, які імкнуцца раздзьмуць у прэсе, цалкам не адпавядае рэчаіснасці. У нас таксама ёсць лабісты, якія падтрымліваюць расійскі інтарэс. З іншага боку, людзям, якія працуюць у сельскай гаспадарцы, гэты скандал выгадны. Яны зацікаўленыя атрымаць больш датацый ад ЕС у якасці «пацярпелых».

Калі глабальна казаць пра санкцыі, канечне, Расія ад іх прайграе. Але ў палітычным сэнсе рэжым Пуціна выйграе, таму што санкцыі замыкаюць краіну саму на сабе. Расія вымушана будзе наладзіць сваю мясцовую вытворчасць.

Тое самае можна сказаць і пра краіны Еўрапейскага саюза: яны пераключацца на свае рынкі і таксама мадэрнізуюцца ў нейкіх сваіх накірунках.

Але ў сённяшнім глабалізаваным свеце краіны так не могуць існаваць. Павінны быць ўзаемавыгадныя стасункі, якія б уключалі ў гэтую сістэму ўсіх на раўнапраўных умовах.

Атрымліваецца, што мы вяртаемся да часоў халоднай вайны, калі адзін бок супрацьстаяў іншаму. Пазіцыя была вельмі простая: «Вы нашы ворагі. Мы вас ненавідзім і нічога не хочам з вамі мець сумеснага, у тым ліку і вашу ежу». Як сведчыць гісторыя, гэта ні да чаго добрага не прыводзіць.

«Беларускія сяляне могуць шмат чаму навучыць чэхаў. Але хто дасць ім волю

Былы міністр сельскай гаспадаркі Беларусь Васіль Лявонаў лічыць, што рэстытуцыя па чэшскім прыкладзе ў Беларусі немагчымая, бо на зямлі ў нас працуюць прапраўнукі тых, хто валодаў зямлёй.

— Абмяркоўвалася пытанне, каб надзяліць правам уласнасці на зямлю тых, хто на ёй працуе. Але цяпер пра гэта гаворка не ідзе. Справа ў тым, што ў Беларусі шмат заключана дамоваў, згодна з якімі зямля здадзеная ў карыстанне на 99 год. Дарэчы, статыстыка, колькі зямлі раздадзена, закрытая.  І як з гэтым быць? Людзі ж таксама ўкладваюць туды грошы, — распавёў эксперт «Заўтра тваёй краіны».

Суразмоўца не згодны з тым, што чэшская глеба горшая за беларускую.  На думку Васіля Лявонава, у любой краіне нельга прымяняць адзін да аднаго чэшскі, нямецкі ці польскі досвед.

— Мы ж зусім у іншых умовах знаходзімся, — тлумачыць ён. — У нас няма таго капіталу свабоднага, які ёсць ў банках Еўропы. Што б мы ні рабілі, у нас усё заёмнае. Мы ўсё праелі і пачынаем жыць за кошт унукаў…

Як лічыць Васіль Лявонаў, у кожным канкрэтным выпадку трэба сыходзіць з тэорыі здаровага сэнсу.

— Самае галоўнае, што трэба для вёскі — пра гэта вам скажуць вучоныя з розных краін  — на зямлі павінен быць гаспадар. У фермера зусім іншая псіхалогія. Ён кожны дзень думае пра тое, як выжыць, як дасягнуць поспеху. Так нараджаюцца прадпрымальнікі.

На беларускай зямлі гаспадара няма, а іх павінна быць многа. Хто ў нас валодае зямлёй? Адзін чалавек. Толку ад гэтага не будзе.

Што тычыцца датацыяў, за кошт якіх быццам бы трымаецца сельская гаспадарка, то я б адзначыў, што адно працоўнае месца ў вёсцы стварае, калі не 10, то 5 працоўных месцаў у горадзе. Калі сельская гаспадарка абрынецца — вялікая колькасць гараджан страціць працу. Дзяржава на падатках  гаспадарак атрымлівае больш грошай, чым укладае ў якасці датацый. Гэта і ўнутраны рухавік, і харчовая бяспека.

Васіль Лявонаў не згодны з думкай Пятра Гавэла, што ў Беларусі сяляне не змаглі б эфектыўна выкарыстаць свабоду на зямлі.

— Часам еўрапейцы лічаць, што ўзровень беларусаў ніжэйшы за іх. Гэта памылковы погляд. Нашыя сяляне могуць шмат чаму навучыць і чэхаў. Але хто дасць ім гэтае права? Хто дасць ім волю?

Матэрыял падрыхтаваны пры дапамозе MYMEDIA/DANIDA

«Завтра твоей страны»

21 октября 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі